
У Празе 12 чэрвеня адкрыецца выстаўка “Беларусь, маё сэрца, залатая краіна”
ПРЭС-РЭЛІЗ
12 чэрвеня 2019 года ў Страгаўскім манастыры ў г. Прага, Чэшская Рэспубліка, у рамках міжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Беларусь, маё сэрца, залатая краіна” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і твораў сучасных беларускіх мастакоў. Карціны адлюстроўваюць прыгажосць і веліч Беларусі, якую Янка Купала апяваў у сваіх творах і называў “старонкай роднаю”.
Ва ўрачыстасці возьмуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы спадар Валерый Мікалаевіч Курдзюкоў, а таксама ініцыятары праекта: Надзвычайны і Паўномоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у 2009-2012 гг. спадар Іржы Карас,член Беларускага саюза мастакоў, куратар GaleriíKARAS,мастак Аксана Аракчэева, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.
Паэзія Янкі Купалы стала для чэхаў адным з першых фактаў, праз якія яны пачалі знаёмства з сучаснай Беларуссю на пачатку ХХ ст. Сам паэт тройчы бываў у Чэхіі: як з афіцыйнымі візітамі (1925,1935), так і прыватна (1927), але кожны прыезд беларускага пісьменніка і народнага дыпламата станавіўся значнай падзеяй у культурным і грамадскім жыцці, выклікаў цікавасць і рэзананс у друку.Менавіта ў Празе Янка Купала сумесна з філіяй “Маладняка” адзначыў 20-годдзе творчай дзейнасці.Сустрэча з Янкам Купалам – творцам, які ўжо стаў сімвалам Беларусі, была для многіх знакавай падзеяй.
У 1926 г. было створана Таварыства культурных сувязяў Савецкай Беларусі з заграніцай, ля вытокаў якога стаялі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот.А ў 1927 першы народны паэт Беларусі зноў наведаў Чэхію. Паэт прыехаў ў Карлавы Вары, каб паправіць здароўе. Але нават прыватны візіт стаў важным этапам у развіцці беларуска-чэшскага культурнага дыялогу. На курорце Янка Купала пазнаёміўся з чэшскімі пісьменнікамі Яраславам Кратахвілам і Ёзафам Горам. Плёнам сустрэчы сталі пераклады Купалавых вершаў.
Прадстаўленне асобы Янкі Купалы як класіка беларускай літаратуры, аднаго з найярчайшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры ў кантэксце чэшска-беларускіх сувязяў будзе спрыяць папулярызацыі беларускай культуры і садзейнічаць развіццю і ўмацаванню сяброўства Беларусі Чэхіі.

