Новости

Літаратары Міншчыны падвялі вынікі творчай дзейнасці за мінулы год

За справаздачнымі лічбамі — вялікі ўнёсак літаратараў Міншчыны ў духоўную скарбніцу краіны, іх вялікая работа па пашырэнню ведаў, прапагандзе кнігі, каштоўнасці чытання.

У склад Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўваходзіць 79 пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, драматургаў. Гэта вялікая творчая сіла, якая пэўным чынам ўплывае на культурнае і духоўнае жыццё Міншчыны. Новыя творы майстроў слова папаўняюць літаратурную скарбонку Беларусі. За справаздачны перыяд імі выдадзена больш за 50 кніг рознай тэматыкі, адрасаваных даросламу і дзіцячаму чытачу. Літаратары бачаць сваю задачу не толькі ў напісанні выдатных твораў, але і ў неабходнасці данесці іх да чытачоў, крануць імі сэрцы.
-Мінулы год быў напоўнены рознымі падзеямі, непасрэднае дачыненне да якіх мелі творцы Міншчыны, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — Гэта звязана з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ведаю, што ўсе вы выявілі сваю грамадзянскую пазіцыю і актыўна ўдзельнічалі ў гэтым грамадска-палітычным працэсе. Безумоўна, у першую чаргу асаблівую актыўнасць праявілі тыя, хто працуе ў масмедыя. Гэта было відавочна па вашых публікацыях, творчых сустрэчах, якія арганізоўвалі ў стасунках з рознымі грамадскімі арганізацыямі, выканаўчай уладай.
Свой творчы патэнцыял у значнай ступені праявілі паэты-песеннікі. Шматлікія канцэрты ладзілі Канстанцін Цыбульскі, Уладзімір Цанунін, Таццяна Атрошчанка.
— Вялікую пячатку на наш удзел у творчым жыцці наклала 70-годдзе Вялікай Перамогі, — падкрэсліў Алесь Карлюкевіч. – У той праблематыцы, якую вы адлюстроўвалі ў сваіх творах, героіка-патрыятычная тэма займала вельмі значнае месца. Да таго ж, у нашым аддзяленні многа сяброў Саюза пісьменнікаў, якія служылі ў войску, ахоўвалі межы нашай радзімы, таму і ў фармаце іх творчасці на глыбокае веданне ваеннай тэматыкі рабіўся асаблівы акцэнт.літаратары Міншчыны
Алесь Карлюкевіч выказаў словы ўдзячнасці аднаму са старэйшых літаратараў — Барысу Дзмітрыевічу Далгатовічу, які сваімі праектамі, выдадзенымі ў самых розных выдавецтвах, у першую чаргу ў беларускай энцыклапедыі імя П. Броўкі, унёс важкі ўклад у шанаванне памяці нашых суайчыннікаў, ураджэнцаў Беларусі, якія праявілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увогуле адзначыліся ў ваеннай гісторыі.
Для кожнага творцы прынцыпова важным пытаннем стаіць выданне ўласных твораў. На сходзе гаварылася пра тое, што многа кніг выдаецца ў дзяржаўных выдавецтвах: “Мастацкая літаратура”, “Беларуская энцыклапедыя”, “Беларусь”, “Выдавецкі дом “Звязда”. Гэта творы такіх аўтараў, як Генадзь Аўласенка, Наталля Голубева, Вадзім Ялфімаў, Хведар Гурыновіч, Вольга Савасцюк, Віктар Кажура, Сяргей Карыцька, Галіна Нічыпаровіч, Алена Стэльмах.
Акрамя таго, кнігі нашых сяброў выходзілі ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”, якая генератыўна падтрымлівае літаральна ўвесь Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзякуючы намаганням у першую чаргу прыватнага выдавецтва “Харвест”, а таксама пры падтрымцы добра вядомага па сваіх стасунках з пісьменнікамі выдавецтва “Чатыры чвэрці”. Дырэктар выдавецтва Ліліяна Анцуг пазнаёміла з прынцыпамі работы выдавецтва, запрасіла пісьменнікаў да плённага супрацоўніцтва.
Справаздачны перыяд прыемны тым, што вялікая група пісьменнікаў адзначана літаратурнай прэміяй Мінскага аблвыканкама. Сярод іх Святлана Быкава, Зіновій Прыгодзіч, Ірына Карнавухава. Для творцаў вельмі важная такая высокая ацэнка ўзроўня іх літаратурнага пошуку.
Алесь Карлюкевіч акцэнтаваў увагу на тым, што плён працы абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў у многім залежыць ад падтрымкі яго дзеянняў з боку Мінскага аблвыканкама. Гэта пазіцыя не проста захавалася, а яна актыўна развіваецца. У мінулым годзе прадстаўнікі літаратурных колаў Міншчыны ўдзельнічалі ў сходах творчай інтэллігенцыі з губернатарам Мінскай вобласці. Такія сустрэчы маюць пратакол, гэта значыць, што працуе механізм вырашэння агучаных пытанняў. Яшчэ адным прыкладам удзелу пісьменнікаў у культурным жыцці стаў выпуск кнігі “Савет старэйшын”, прысвечанай знакамітым людзям Міншчыны.
На гэты год запланаваны таксама два праекты. Адзін з іх датычыцца мастацкага жыцця Мінскай вобласці — будзе падрыхтаваны і выпушчаны альбом у гонар мастакоў Міншчыны. Другі праект мае назву “Літаратурныя адрасы Мінскай вобласці”. Гэта даведнік, які склала група навукоўцаў. Там ёсць інфармацыя і аб усіх сучасных літаратарах Міншчыны. Даведнік неабходны ў адукацыйных, асветніцкіх мэтах. Ён будзе карысным у правядзенні розных літаратурна-краязнаўчых і гісторыка-асветніцкіх мерапрыемстваў. Мяркуецца выхад і такога адметнага выдання —зборніка, прысвечанага краязнаўчым пошукам нашых літаратараў.
Наладжваецца больш цесная работа з сістэмай адукацыі Мінаблвыканкама. Мінскае абласное аддзяленне выйшла з ініцыятывай стварэння абласнога клуба “Сатворчасць” для творчай моладзі. У гэтым годзе бярэ старт гэты перспектыўны праект.
На сходзе закраналася важнасць супрацоўніцтва з бібліятэкамі. Удзел у сходзе, дарэчы, брала дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Аксана Кніжнікава. А дырэктары Уздзенскай і Дзяржынскай раённых бібліятэк Аксана Драчан і Валянціна Клімовіч за актыўную падтрымку талентаў, прапаганду кнігі атрымалі Граматы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Добрае падспор’е ў аб’яднані творцаў, інфармаванні аб новых творчых набытках літаратараў у розных кутках Міншчыны – сайт абласнога аддзялення. Бажэна Ганушкіна, адміністратар сайта, прапанавала пісьменнікам і паэтам шырэй выкарыстоўваць інфармацыйны рэсурс у інтэрнэце для папулярызацыі іх дзейнасці.
Пісьменнікі выказвалі сваю заклапочанасць рознымі пытаннямі: як жаданнем друкаваць свае творы ў раённым друку, так і магчымасцю ладзіць міжнароднае супрацоўніцтва. Іх, у прыватнасці, хвалюе стан мастацкай вартасці асобных выданняў. Вольга Савасцюк звярнула ўвагу на тое, што сучасныя магчымасці дазваляюць аўтарам выпускаць за ўласныя сродкі штучнымі тыражамі свае кніжкі. Часам такія творы зводзяцца да дробязных вобразаў, звычайнага рыфмавання. У сваім выступленні Уладзімір Цанунін прывёў прыклады такой таннай пісьменніцкай працы. Пісьменнікі схільны да больш актыўнага развіцця крытыкі, заклікаюць выдавецтвы да пільнай ўвагі пры разглядзе рукапісаў, іх сур’ёзных літаратурных ацэнак.
Па словах Ірыны Карнавухавай, намесніка старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у гэтым годзе намечана правесці яшчэ шмат мерапрыемстваў з удзелам літаратурных талентаў Міншчыны. Пісьменнікі далучацца да ўшанавання 75-годдзя з дня пачатку вайны, стануць удзельнікамі свята ў гонар 120-гадовага юбілею К. Крапівы, праявяць сваё майстэрства пад час правядзення Дня беларускага пісьменства ў Рагачове.
А яшчэ напрыканцы гэтага года, паведаміў першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, чакаецца знакавая падзея – справаздачна-выбарны сход Саюза пісьменнікаў Беларусі. Для ўсіх творцаў важна падсумавасць свой літаратурны здабытак на карысць беларускага грамадства.
Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.