Літаратурныя імёны на карце сталіцы

Новости

У Мінску ёсць шмат розных вуліц, назвы большасці з якіх таксама ствараюць імідж беларускай сталіцы. Яны названы ў гонар знакамітых людзей альбо пэўных гістарычных падзей. Аднак, ёсць і менш прывабныя назвы: вуліцы Сапёраў, Пераходная, 1-я Землямерная, Бетонны, Экскаватарны завулкі. Дарэчы, у сельгаспасёлку Мінска пазначана вуліца Літаратурная, але на ёй – усяго некалькі хат.

Змена назваў вуліц звязана са шматлікімі выдаткамі. Таму Саюз пісьменнікаў Беларусі лічыць мэтазгодным у далейшым даваць назвы вуліцам Мінска, якія не страцяць сваёй актуальнасці ва ўсе часы” – з такой прапановай Саюз пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў Мінскі гарвыканкам.

Адной з такіх назваў можа быць «Вуліца Пісьменнікаў», перакананы ў творчым Саюзе. Такім чынам, будзе аказаны вялікі гонар людзям, якія стагоддзямі ствараюць духоўныя каштоўнасці нашага народа. Класікі беларускай літаратуры Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, чыімі імёнамі ўжо даўно названы вуліцы сталіцы, сваімі творамі садзейнічалі нацыянальнаму самавызначэнню. Да іх варта далучыць імёны яшчэ многіх літаратараў, на творах якіх выхоўваюцца пакаленні беларусаў.

Вуліца Пісьменнікаў, як лічаць у СПБ,  нагадае і пра кнігу, яе каштоўнасць, пра важнасць чытання.

Акрамя таго, Саюз пісьменнікаў Беларусі звярнуўся да кіраўніцтва Мінгарвыканкама яшчэ і з такой прапановай: у адным з куткоў Мінска стварыць парк (сквер) у гонар вядомых літаратараў краіны (народных пісьменнікаў, лаўрэатаў дзяржаўных прэмій, а таксама ўганараваных іншымі высокімі літаратурнымі ўзнагародамі).

СПБ мае намер абмеркаваць з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў пытанне аб магчымай устаноўцы тэматычных скульптур у вышэйназваным месцы адпачынку. Пры ўдзеле іншых зацікаўленых асоб у Парку (скверы) пісьменнікаў можна стварыць зоны вядомых твораў, літаратурных герояў – казачных і рэальных. Такі вопыт ёсць ва ўсім свеце.

Ажыццявіць пасадку дрэў, добраўпарадкаванне парка (сквера), на думку СПБ, магчыма ў кастрычніку 2017 года.

Саюз пісьменнікаў Беларусі ўпэўнены, што гэтыя ініцыятывы знойдуць падтрымку ў кіраўніцтва горада. Іх ажыццяўленне паслужыць умацаванню духоўнасці нашага грамадства, стане важным зачынам для новых пакаленняў.

Марыя Ліпень

Добавить комментарий