Янка Купала і Ян Райніс

Два Яны сустрэліся амаль праз стагоддзе

Международное сотрудничество

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстаўка «Два Яны. Сустрэча ў Мінску». Яна прысвечана народным паэтам Беларусі і Латвіі Янку Купалу і Яну Райнісу.

На рабочым стале Янкі Купалы заўсёды знаходзіўся партрэт Яна Райніса. Што яднала двух паэтаў? Чым яны былі цікавыя адзін аднаму?

Для культуры, і ў прыватнасці, для літаратуры таго часу былі характэрны дэмакратычная барацьба ідэй і мастацкія навацыі, у творчасці многіх пісьменнікаў панаваў дух нацыянальнага адраджэння. Ян Райніс, займаючы высокія дзяржаўныя пасады ў Латвіі, слыў сваёй вялікай прыхільнасцю да беларускай мовы, як дэпутат Сейму Латвіі адстойваў правы беларускага насельніцтва, падтрымліваў беларускія школы і гімназіі.

У знак вялікай удзячнасці латышскаму паэту за яго гуманізм Янка Купала запрасіў Яна Райніса прыняць удзел у міжнародным навуковым форуме Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася ў Мінску ў лістападзе 1926 года. Да таго ж, у 1924 годзе Райніс спрыяў пастаноўцы камэдыі «Паўлінка» на сцэне Нацыянальнага тэатру Латвіі.

Разам з Райнісам Мінск наведалі дацэнт Латвійскага ўніверсітэта Эрнэстс Блесэ, дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне Ўладзімір Пігулеўскі, рэдактар газеты «Голас Беларуса» Кастусь Езавітаў. Сведкай тагачаснай знакавай сустрэчы апынуўся Вацлаў Ластоўскі, які ў сваіх успамінах згадвае пра прыезд Яна Райніса на мінскі вакзал, размяшчэнне госця ў гатэлі «Эўропа».

Загадчыца аддзелу навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы музею Янкі Купалы Марыя Барткова звяртае ўвагу на тое, што Ян Райніс любіў фатаграфавацца. Падчас прыезду ў Мінск ён пабываў у атэлье мастацкай фатаграфіі «Трудколлектив» на вуліцы Савецкай, 73. Здымак невядомага аўтара рыжскаму музею паэта падарыў паэт і перакладчык Язэп Пушча. Беларускія музейшчыкі мяркуюць, што, магчыма, у кагосьці і ў Мінску таксама захоўваецца згаданы здымак.

Экспанаты на выстаўцы, безумоўна, належаць кожнаму з паэтаў асабіста. Ў той жа час яны ствараюць карціну іх нябачай сустрэчы ў так званым «доме над таполей». Вядома, што Ян Райніс падчас званай канфэрэнцыі гасцяваў у Купалавым доме. Здаецца, паэты ўсяго толькі на хвіліну пакінулі пакой. Напамінам таму серваваны стол, за якім яны пілі гарбату або каву, ведучы размовы аб тым, што хвалявала абодвух неабыякавых да лёсу беларускага і латвійскага народаў людзей.

Прыцягваюць увагу і асабістыя рэчы паэтаў: халаты, кардыган, шаўковы шалік, капялюш. Між іншым, пра купальны касцюм Яна Райніса, кажуць: зараз гэта адно з самых брэндавых аддзенняў у Латвіі.
Пацверджанне сяброўства паэтаў: кніга Янкі Купалы «Безназоўнае», уласнай рукой падпісаная Яну Райнісу. Звяртае ўвагу і карціна мастака Мікалая Гусева,напісаная ў 1959 годзе: Райніс і Купала ў доме беларускага Песняра.

Чаму Ян Райніс так хіліўся ў бок Беларусі становіцца яшчэ больш зразумелым праз такі яго біяграфічны факт: маці паэта Дарта Пліекшанэ (з роду Грыкоўскіх) мела беларускія карані і пахавана ў Віцебску.

Навізна выстаўкі ў тым, што яна ў новым свеце прадстаўляе Постасці класікаў нашых літаратур, дапамагае глыбей адчуць дух той эпохі. Падкрэслівае важнасць сяброўства паміж паэтамі ў прыватнасці, і паміж нашымі народамі ўвогуле. Стасункі паміж Янкам Купалам і Янам Райнісам служаць прыкладам добрасуседскіх адносін

Вось такі ўнікальны падарунак зроблены Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і, калегамі з Латвіі вялікаму колу аматараў беларускай культуры і літаратуры. Шырокія водгукі аб мінскай выстаўцы «Два Яны» яшчэ наперадзе.

А вось рыжскім гледачом экспазіцыя выстаўкі ўжо ацэнена высока. Дырэктар Асацыяцыі мэмарыяльных музеяў Латвіі Рыта Мэйнэртэ распавяла пра тое, што першая выстаўка праекту «Два Яны. Сустрэча ў Рызе, якая не адбылася» прайшла ў верасні ў рыжскім музеі Райніса і Аспазіі. У Мінск, зразумела, прывезена толькі частка экспанатаў з багатай калекцыі паэта.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Латвіі ў Беларусі Мартыньш Вірсіс падкрэсліў важнасць рэалізацыі выставачнага праекту ў Беларусі менавіта напярэдадні святкавання 100-годдзя незалежнасці Латвіі, якое будзе адзначацца 18 лістапада 2018 года. На думку дыпламата, Купалу і Райніса абʼядноўвае іхні ідэалізм, вера ў гуманізм. Гэта як раз тое, што паспрыяла самавызначэнню народа і ўсталяванню незалежасці краіны.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі:

– На прыкладзе Янкі Купалы і Яна Райніса яшчэ раз пераконваемся ў вялікай дыпламатыі слова і ролі тых выбітных асоб, якія здольны «з цэлым народам гутарку весці». Літаратурная спадчына, грамадская дзейнасць знакамітых творцаў вучыць новыя пакаленні тым чалавечым і жыццёвым каштоўнасцям, без якіх збяднее нават самае цывілізаванае грамадства.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі кожная навіна аб вось такіх пазнавальных і выхаваўчых праектах, якія, больш таго, носяць міжнародны характар, вельмі ўхваляюцца.

Марыя Ліпень

 

Добавить комментарий