Год малой родины в Беларуси
Февраль 1, 2018
Чингиз Айтматов

Як вядома, у гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння сусветна вядомага пісьменніка Чынгіза Айтматава, радзіма якога Кыргызстан. Яго творчасць заснавана на повязі з роднымі каранямі. У аснове  выдатнейшых твораў пісьменніка нацыянальны характар кыргызаў – людзей стэпу, традыцыі духоўна багатага народа. Вялікі майстар мастацкага слова сумеў зрабіць надзвычай прыцягальнымі старонкі сваіх шматлікіх аповесцей і раманаў. Іх з захапленнем чытаюць новыя пакаленні.

Чынгіз Айтматаў меў цесную сувязь з Беларуссю. Па дадзеным Нацыянальнай кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь у нашай крайне пабачыла свет 10 выданняў твораў гэтага пісьменніка. Іх агульны наклад склаў  334,8 тыс. экз., у тым ліку выйшлі 4 выданні ў перакладзе на беларускую мову накладам 35,8 тыс. экз. Самым выдаваемым аказаўся раман “Плаха”. Ён быў надрукаваны ў тым ліку і шрыфтом Брайля.

Чынгіз Айтматаў працяглы час меў шчырае сяброўства з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Паміж імі вялася перапіска. Чынгіз Айтматаў вельмі чулліва ставіўся да свайго калегі, тонка адчуваў глыбіню яго творчасці: “Ваенная проза Васіля Быкава – адзін з лепшых празаічных набыткаў беларускай літаратуры. Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён пісаў ад імя целага пакалення тых, хто ў юнацтве зведаў вайну і ўзмацніўся духам са зброяй у руках”.

Цёплае стаўленне Айтматава да Беларусі можна адчуць нават па такой маленькай у яго творы дэталі ў рамане «І даўжэй стагоддзя доўжыцца дзень»: «Яго Каранар усе гэтак жа ішоў у галаве размашыстым нястомным ходам, следам паспявалі па цаліне трактар з прычэпам, у якім поруч з нябожчыкам Казангапам самотна і цярпліва сядзеў яго зяць, муж Айзады, і за імі – экскаватар «Беларусь». А ўзбоч, то забягаючы наперад, то адстаючы, то прыпыняючыся па нейкай важнай прычыне, бег усе  гэтак жа дзелавіта і ўпэўнена руды грудаты сабака Жолбарс». «–  Вось што, вы як хочаце, –  кінуў Жумагалі, –  а я паеду магілу капаць. Мой абавязак вырыць яму, ды глыбей. Пакуль яшчэ час трывае. У цемры ніхто гэтым займацца не будзе. А вы тут як хочаце. І Жумагали скіраваўся да свайго экскаватара «Беларусь». Не марудзячы завёў яго, выкіраваў на ўскрай і паехаў міма на пагорак…»

Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з Амбасадай Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 2018 года аб’явілі літаратурны конкурс “З марай пра белы параход”. Ідэю правядзення конкурсу ўхвалілі і ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, дзе вучыўся Чынгіз Айтматаў.

У арганізатараў конкурсу ёсць упэўненасць у тым, што конкурс набудзе шырокі розгалас і да яго далучацца многія творцы. Літаратурная спадчына Чынгіза Айтматава варта таго, каб да яе звяртацца зноў і зноў. Айтматаў і сёння гэткі ж блізкі беларусам пісьменнік з прыгожай і загадкавай краіны – Кыргызстана. Ён і сёння вучыць нас сябраваць, дапамагае народам больш спазнаваць адзін аднаго.

Алена Стэльмах,
першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі


Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.