Жывём табою, Беларусь! Сустрэча замежных і беларускіх пісьменнікаў у музеі імя Я. Купалы

Международное сотрудничество, Мир писателя

Творчая сустрэча замежных і беларускіх  пісьменнікаў – удзельнікаў Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету адбылася ў надзвычай знакавым месцы: музеі імя Я. Купалы ў Мінску.

Прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі былі ўзрушаны магчымасцю творчага абмену з калегамі, якія завіталі ў беларускую сталіцу на гучнае свята з Расіі, Польшчы, Латвіі, Украіны, Ізраіля.

Перш, чым творцы распачалі  гаворку пра тое, як родным беларускім словам мацуюць прэстыж Беларусі ў самой краіне, а таксама і па-за яе межамі,  дырэктар музея Алена Ляшковіч запрасіла на экскурсію па надзвычай цікава аформленых залах музея.

Перад пісьменнікамі паўстаў вобраз беларускага Песняра ва ўсёй шчымлівасці яго няпростага лёсу, цесна пераплеценага з пакутным лёсам краіны. І таму так велічна гучалі словы классіка беларускай літаратуры і пра народ, і пра яго долю, і пра нацыянальную самасвядомасць – тое, што робіць беларусаў адметнымі ў свеце.

Як адметныя і тыя, хто нясе ў сэрцы любоў да роднага парога, калодзежа, печы, дзе б далёка ні былі, як бы добра не прыжыліся на новым месцы.

Сустрэча пачалася са знаёмства з міжнароднымі творчымі праектамі Саюза пісьменнікаў Беларусі . Іх прадставіла першы намеснік страшыні СПБ Алена Стэльмах.  Прэзентацыю літаратурнага партала “Сугучча” ВД “Звязда”  правяла намеснік рэдактара часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка.  Галоўны рэдактар дырэкцыі замежнага радыё “Беларусь” Белтэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч распавёў гаворку пра гучанне беларускага радыё на васьмі замежных мовах. З яго вуснаў стала вядома: з новага сезона гэтага года  беларусаў пачуюць яшчэ і на дзявятай – арабскай мове.

Далей слова было прадастаўлена самай вялікай творчай дэлегацыі – польскай, у склад якой ўваходзілі журналісты і пісьменнікі – Міраслава Лукша, Юрый Баена, Барбара Гаральчук, Ганна Радзюкевіч, Яўген Чыквін, Кацярына Сянкевіч. З  прывітальным слова да землякоў звярнуўся вядомы літаратар з Латвіі Станіслаў Валодзька.

Усіх яднала беларуская мова і прыгожае паэтычнае слова. Вершы пра Радзіму, вытокі, бацькаўшчыну гучалі ў выкананні Бажэны Ганушкінай, Анатоля Аўруціна, Валянціны Паліканінай, Вольгі Сакаловай.

Напрыканцы сустрэчы пісьменнікі прынялі зварот да палітыкаў і сусветнай грамадскасці з тым, каб не дужаліся сілай зброі, а скарыстоўвалі Слова – магутнае і велічнае, якое служыць міру і яднае народы.

Марыя Ліпень


ЗВАРОТ

Мы, пісьменнікі – удзельнікі Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету звяртаемся да палітыкаў і сусветнай грамадскасці з заклікам: у нашым супярэчлівым і неспакойным міры не скарыстоўваць сілу зброі, не выпрабоўваць новыя віды ўзбраенняў, не ствараць пагрозы іншым народам, не запалохваць чалавецтва тэрарызмам і знішчэннем.

Мы выказваем вялікую ўпэўненасць у тым, што наймагутнейшая на Зямлі зброя – гэта Слова. Яно далятае да ўсіх кантынентаў. Яго чуюць усе народы. Яно – жывое, добрае, стваральнае – здольна з’яднаць людзей, зладзіць паміж імі сяброўства. Мастацкае слова расквечвае жыццё новымі фарбамі. Кнігі нясуць людзям адукацыю,  указваюць шлях у шчаслівую будучыню. У іх – мудрасць жыцця.

Прыклад таго, як Слова, кніга могуць служыць міру, цывілізацыі паказаў беларускі першадрукар Францыск Скарына, які 500 гадоў таму выдаў першую беларускую кнігу для простага люду. Мы, яго паслядоўнікі, і  на сваёй Радзіме – у Беларусі, і па-за яе межамі нясём святло пісьменства, прапагандуем лепшыя ідэалы, якія ўласцівыя беларускай нацыі.

Няхай наш голас за стварэнне міру без канфліктаў і войн будзе пачуты і нашы шэрагі пашырацца гэткімі ж шчырымі прыхільнікамі мастацкагага слова. Будзем разам несці ў свет прыгажосць, клапаціцца пра яго высокую духоўнасць!

Замежныя і беларускія пісьменнікі-ўдзельнікі III-га Фестывалю мастацтваў беларусаў свету

Алена Стэльмах
Навум Гальпяровіч
Юлія Алейчанка
Бажэна Ганушкіна
Анатоль Аўруцін
Валянціна Паліканіна
Вольга Сакалова

Станіслаў Валодзька
Барыс Піскуноў
Міраслава Лукша
Юрый Баена
Іна Олесава
Барбара Гаральчук
Ганна Радзюкевіч
Яўген Чыквін
Кацярына Сянкевіч
Аркадзій Крумер
Мікалай Крысковіч
Глеб Кудрашоў

Добавить комментарий