Новости

Падведзены вынікі 500-годдзя беларускага кнігадруку

Святло Скарыны

Францыска Скарыну можна без перабольшвання называць нацыянальным і духоўна-асветніцкім сімвалам Беларусі. Ён паказаў прыклад таго, як трэба любіць родную зямлю і служыць ёй. За магчымасць прызнання ў гэтым ён абраў кнігу—выдаў першую з перакладзеных ім кніг Бібліі – Псалтыр, першую кнігуў беларускім і ўсходнеславянскім кнігавыданні. Усяго ж ім было перакладзена і выдадзена 25 кніг, дзякуючы якім мы можам гаварыць пра Скарыну як асветніка-гуманіста, пісьменніка, тэарэтыка кніжнага мастацтва.

Актыўная падрыхтоўка да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання пачалася яшчэ летась. Своеасаблівы старт юбілею быў дадзены на Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы.

І вось зараз настаў час, каб падсумаваць вынікі скарынінскага года, зразумець, чым папоўнілася скарбонка нацыянальнай духоўнасці. Гэта і стала нагодай для правядзення ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі свята “Святло Скарыны”, куды Аргкамітэтам па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання былі запрошаны найбольш актыўныя ўдзельнікі скарынінскіх праектаў.

Ім дзяквалі за ініцыятыву і творчасць, асобных узнагароджавалі спецыяльнымі дыпломамі.

Зразумела, у юбілейны для беларускага кнігадрукавання год асаблівая ўвага была аддадзена яе Вялікасці – кнізе! Шмат новых, прыгожа аздобленых кніг, прысвечаных юбілейнай даце, выйшла ў беларускіх выдавецтвах. Масштабны праект пад назвай “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” прадстаўлены Нацыянальнай бібліятэкай, прагучаў на ўсю краіну. Падчас свята намеснік дырэктара НББ Алесь Суша расказаў аб каштоўнасці новага выдання.

Літаральна нядаўна адбылася прэм’ера фільма “Скарына”, знятага па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і па заказе “Сталічнага тэлебачання” пры падтрымцы СП ЗАТ “Юнісон”. Сцэнарый напісала вядомая беларуская пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Наталля Голубева, рэжысёрам фільма стаў Аляксей Раковіч.

Вобраз Францыска Скарыны знайшоў увасабленне і на сучаснай тэатральнай сцэне. Гэтаму папярэднічаў Рэспубліканскі конкурс на лепшы драматычны твор. Зараз глядач у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі можа стаць відавочцам падзей далёкага мінулага. Стала прыемнай нечаканасцю, калі сам Скарына з’явіўся і на святочнай урачыстасці ў бібліятэчнай зале.

Падводзячы вынікі 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, можна з упэўненасцю гаварыць, што сёлета нашу нацыянальную, ды, і, наогул, сусветную літаратуру, папоўнілі новыя выдатныя творы. Сведчаннем таму праведзены Саюзам пісьменнікаў Беларусі конкурс “Душой Скарыны ўзлашчанае слова”. Дзякуючы дзіцячай кнізе у гасцях у Францыска Скарыны пабывалі не толькі беларускія дзеці, але і юныя чытачы Калмыкіі, Дагестана. Кабардзіна-Балкарыі, Малдовы. Да таго ж сёлета ў нашай сталіцы побач з Нацыянальнай бібліятэкай з’явіўся Парк пісьменнікаў. Яго беларускія літаратары пасадзілі таксама ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Пры самым актыўным удзеле Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў нашай краіны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, пасольстваў Рэспублікі Беларусь круглыя сталы, прысвечаныя скарынінскай тэматыцы, прайшлі ў Празе, Парыжы, Вільнюсе, Варшаве, Пекіне, Белградзе, Маскве, Санкт-Пецярбургу.

Апагеем свята можна назваць Дзень беларускага пісьменства – свята, якое сёлета прайшло ў Полацку, на радзіме Францыска Скарыны.

Свята доўжылася два дні, і было насычана рознымі цікавымі мерапрыемствамі. Сярод іх – Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Несумненна, запомніліся гаспадарам і гасцям Полацка мастацка-тэатралізаваная дзея «Беларускі шлях» з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, майстроў мастацтваў і самадзейных калектываў, і Навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні».

Гэткім жа яркім і запамінальным стала свята “Святло Скарыны” у Нацыянальнай бібліятэцы. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч адзначыў важнасць скарынскага года, які набыў сусветнае гучанне, і прадставіў беларусаў, як нацыю з багатым культурна-асветніцкім мінулым.

Марыя Ліпень
Фота Яўгена Пясецкага

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.