Февраль 7, 2018
часопісу “Роднае слова” 30 гадоў

У юбілей прынята гаварыць словы віншаванняў, дарыць падарункі і кветкі. Так было і падчас святкавання 30-годдзя з моманту выдання часопіса “Роднае слова”.

Гэта падзея адметная яшчэ і тым, што ўсе, хто спрычыніўся да ўрачыстасці, а гасцей было багата – акадэмікаў, прафесараў, пісьменнікаў, педагогаў, – усе выключна прыгожа мовілі па-беларуску. Было відавочна: для роднасловаўцаў такі падарунак – найлепшы. Усё, што яны робяць на працягу 30 гадоў,– вядуць чытачоў гуманітарна-асветніцкім шляхам беларускага адраджэння і вельмі хочуць, каб узорна валодала роднай мовай не толькі культурная эліта грамадства, але і кожны з беларусаў. Бо, як вядома, роднае слова мацуе душу нацыі.

Падчас юбілейнага пасяджэння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі старшыня яе прэзідыуму Уладзімір Гусакоў адзначыў важкі ўнёсак часопіса “Роднае слова” ў захаванне трыдыцыйных каштоўнасцяў і станаўленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Гэтаму ў розныя часы спрыялі апантаныя родным словам людзі, сярод іх – Марыя Жыдовіч, Фёдар Янкоўскі, Міхась Цікоцкі, Міхась Шавыркін.

Высокую ацэнку рабоце творчага калектыву выдання і яго аўтараў даў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч, таксама вялікі прыхільнік роднага слова.

Нельга не пагадзіцца з тым, што “Роднае слова” – часопіс унікальны. Гэта навукова-метадычнае выданне зарыентавана на набыткі нацыянальнай культуры ў непасрэдным спалучэнні з агульначалавечымі каштоўнасцямі.

  • Нагадаем, часопіс выдаецца на 96-ці старонках і складаецца з пяці раздзелаў: «Літаратура і час», «Мовы рысы непаўторныя», «Методыка і вопыт», «Калі закончыўся ўрок», «Нацыянальная і сусветная культура».

Такім чынам у публікацыях, як у люстэрку,адлюстроўваюцца найноўшыя дасягненні сучаснай навукі ў галінах філалогіі, педагогікі, культуралогіі, мастацтвазнаўства. Сярод аўтараў не толькі прадстаўнікі айчыннай навукі, а і вучоныя з Расіі, Украіны, Казахстана. Сваю пазіцыю прадстаўляюць і маладыя даследчыкі з Кітая, іншых краін замежжа.

Чытачам выдатна знаёмае імя мовазнаўцы Алеся Каўруса, артыкулы якога змешчаны за гэты час у… 105 нумарах часопіса «Роднае слова». Да найбольш актыўных аўтараў таксама варта аднесці вучоных-мовазнаўцаў Паўла Сцяцко, Аляксандра Лукашанца, Віктара Іўчанкава, Мікалая Прыгодзіча, Васіля Рагаўцова, Ніну Гаўрош, Дзмітрыя Паўлаўца, Юрыя Бабіча, Алену Багамолаву; у галіне літаратуры — Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Бельскага, Эмануіла Ёфе, Галіну Адамовіч, Міколу Труса, Віктара Жыбуля; у культуралогіі — Тамару Габрусь, Людмілу Налівайка, Яўгена Шунейку, Ганну Барвенаву.

І ў той жа час, па вызначэнні педагогаў, часопіс для іх – своеасаблівая энцыклапедыя філалагічнай і педагагічнай думкі. Тут дзеляцца ўласнымі напрацоўкамі найбольш вопытныя настаўнікі краіны.

Шмат увагі рэдакцыя надае публікацыям па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх– планы-канспекты ўрокаў, метадычны і дыдактычны матэрыял для правядзення заняткаў, заданні для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, рэспубліканскіх алімпіяд…

Нездарма падчас святочных урачыстасцяў настаўнікі дзякавалі супрацоўнікаў часопіса за метадычную дапамогу ў падтрыхтоўцы пераможцаў алімпіяд.

Такі падыход вельмі ўхваляе адзін з заснавальнікаў часопіса – Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэтак жа, які другі заснавальнік – Саюз пісьменнікаў Беларусі, удзячны калектыву выдання за руплівасць на ніве беларускамоўя. Важна, што часопіс дае магчымасць лепш усвядоміць дзяржаўную значнасць літаратуры, аналізуе сучасны літаратурны працэс. Да таго ж, свой плён мае і выдавецкая дзейнасць «Роднага слова», на рахунку якога кнігі вядомых беларускіх вучоных і пісьменнікаў Алеся Бельскага, Міколы Труса, Анатоля Статкевіча-Чабаганава і інш.

Новы час дае новыя магчымасці для атрымання інфармацыі. Галоўны рэдактар часопіса Зоя Падліпская гаворыць пра тое, што папяровая версія выдання мае падставу быць нават таму, што падчас абароны дысертацый ВАК патрабуе пэўную колькасць публікацый менавіта на папяровым носьбіце. Хаця існуе і электронны варыянт часопіса, які каштуе пяць рублёў.

Аказваецца, каб быць бліжэй да роднага слова, патрабуецца не так і шмат…

Дзе бываю з вялікім інтарэсам.
З павагай, Алена Стэльмах

фота rod-slova.by

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.