Встречи,  Мир писателя

Чакай нас, Слонім!

Неафіцыйныя заметкі з пасяджэння Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства

У Дня беларускага пісьменства ёсць добрая традыцыя: напрыканцы святочнай дзеі перадаваць эстафету іншаму гораду – культурнай сталіцы наступнага года. Гэта пэўным чынам усцешвае, адганяе непадробны сум, шкадаванне таго, што тое, аб чым думалася, марылася, да чаго прыкладалася мноства ўпартых намаганняў – усё адшумела, адгуляла, засталося светлым успамінам, бы імкліва прачытаныя старонкі захапляльнай кнігі, не пераўзыдзеная радасць ад якой цяплом атуляе памяць.

Пісьменны чалавек – прыгожая краіна

Дзень беларускага пісьменства – а гэта пачатак верасня, калі да таго ж паўсюдна па краіне адчыняюцца найноў дзверы ў краіну ведаў, стаў для беларусаў, ды і не толькі для нас саміх, падзеяй куды больш значнай, чым гулкае свята. Ён, як жыватворная крыніца нацыянальнай духоўнасці, наталіцца сонечна-зорным, шчымліва-трапяткім словам з якой марыць кожны не абыякавы да прыгожага пісьменства чалавек.

Матчына мова знітоўвае пакаленні беларусаў праз стагоддзі. Роднае слова, мудрае, цёплае, шчырае прасвятляе нашу свядомасць, праменіць светапогляд, зорыць светаадчуванне. Тым самым служыць устойлівым падмуркам для непарушнай дзяржаўнасці. Хіба не гэтым адметным, сваім, наскім мы, беларусы, вылучаемся сярод гучнага шматгалосся вялікага свету?!

У тыя віхурныя 90-я гады, калі наша краіна вызначалася са сваёй дзяржаўнасцю, калі старое рассыпалася, як трухлявае дрэва, а новае толькі ўбіралася ў сілу, было шмат нявырашанага, нязвыклага, у нечым нават і не зразумелага: якімі каштоўнасцямі будзе жыць грамадства, што будзе яднаць нас, беларусаў, як нацыю цяпер ужо ў самастойнай незалежнай краіне?

Менавіта ў той час Прэзідэнт падпісаў Указ, у якім сярод іншых дзяржаўнай важнасці свят, святочных дзён, памятных дат быў і зусім новы для беларусаў – Дзень беларускага пісьменства. Зараз свята цягам часу ў чвэрць стагоддзя (у Слоніме свята адбудзецца ў 26 раз) сведчыць пра яго вялікасную, магчыма, у пэўнай ступені і лёсавызначальную ўвогуле для краіны, існасць.

Малой Радзіма не бывае

Свежы напорысты подых Дня беларускага пісьменства прыкметна аднавіў выгляд самых розных – далёкіх і блізкіх куткоў нашай краіны, а, значыць, у пэўнай ступені пахарошыў і саму Беларусь. Старажытныя паселішчы прыбраліся, расквітнелі, набылі выгляд сучасных еўрапейскіх цэнтраў.

Да таго ж, дзяржава з тагачаснага адпраўнога, 1998 года, узяла для сябе за клопат фінансаваць падрыхтоўку горада да свята, і не толькі таму, каб можна было з пампезнасцю сустрэць гасцей, а каб усё гэта – самае годнае, вартаснае – засталося для тутэйшынцаў, для якіх райцэнтр – малая радзіма і адсюль яны анікуды, бо тут найлепшае месца ў свеце. Ды і госці пра беларускае хлебасольства панеслі славу далёка па свеце, вяртаюцца, каб пацешыць сябе ўнікальнасцю знаёмых мясцін.

Мы і самі, ведаючы гісторыю роднай зямлі, што ні свята, робім найновыя адкрыцці, па-іншаму, больш асэнсавана спазнаём багатае на падзеі, знакавых асоб мінулае сваёй Айчыны, усведамляем глыбіню каранёў беларускай нацыі, ганарымся прыналежнасцю да яе вытокаў, пранізаных жывой духоўнасцю.

Сталіцы свята – гарады Заслаўе, Полацк, Навагрудак, Тураў, Мсціслаў, Рагачоў, Нясвіж, Глыбокае… Колькі эмоцый, пачуццяў, хвалюючых імгненняў, згадак, якія бударажаць уяўленне, стаіць за гэтымі велічнымі назвамі беларускай зямлі, нашай слыннай Бацькаўшчыны. І кожны з нас – яе частачка, бы галінка магутнага дрэва, каласок залатога поля, кветка мядовага луга.

Калаўрот святочных клопатаў

Гаманкое Іванава.  Вернемся туды, няхай сабе і ў думках, дзе іскрыцца пунсовымі праменьчыкамі ўсеабдымная весялосць. Свята дыхае духоўнымі каштоўнасцямі янаўскага краю. Лёгкая хмурынка пралятае ў агульным настроі пад апошнія акорды заключнага канцэрта на галоўнай сцэне – яшчэ адзін день беларускага пісьменства ўваходзіць у гісторыю. І ў той жа час галасістым рэхам разносяцца словы старшыні Слонімкага райвыканкама Генадзя Хоміча: “Запрашаем у наступным годзе сустрэцца на слонімскай зямлі”. І зноўку закручваецца калаўрот святочных клопатаў…

24 ліпеня 2019 года. Як быццам, да вераснёўскіх урачыстасцей часу яшчэ ўдосталь. Але ж, і размах свята ўжо даўно перарос рэспубліканскі ўзровень, набыў міжнароднае гучанне.

Нацыянальны аргкамітэт па правядзенні Дня беларускага пісьменства не аднойчы збіраў розных адказных за арганізацыю свята прадстаўнікоў, звяраў планы, сачыў за крокамі іх ажыццяўлення. І вось, прадсвяточны Слонім трымае справаздачу перад аргкамітэтам на чале з яго кіраўніком намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігарам Петрушэнкам. Прадстаўнічая дэлегацыя накіроўваецца ў цэнтральную частку горада, туды, дзе будуць праходзіць асноўныя дзеі святочнай праграмы.

Колькі ж і чаго зведалі гэтыя вуліцы за амаль тысячагадовую гісторыю існавання паселішча! Гэта ў дакументальных крыніцах Слонім – Услонім (заслон) упершыню згадваецца ў 1252 годзе. Даследчыкі перакананыя: жыццё кіпела тут і значна раней – горад-крэпасць быў заснаваны рускімі князямі ў VIII-IX стагоддзі.

Пра што думалі, чым жылі, аб чым марылі нашы далячынныя продкі? Ці згадвалі яны на стагоддзі ўперад: уяўлялі якімі будзем мы? Стаіш тут, на брушчатых натопінах, у атачэнні старажытных збудаванняў (горад нездарма называюць музеем пад адкрытым небам або яшчэ лепш – археалагічным запаведнікам) і, нібы вядзеш маўклівую гаворку з глухімі вякамі.

Герб Слоніма. Блакітнае поле. Залаты леў з гербам “Ліс” у лапах. XVI стагоддзе адчыняе сваю брамку. Леў Сапега, палітык, грамадскі, ваенны дзеяч, займаў высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, а ўсё ж, здаецца, душа яго і зараз лунае над Слонімам. Гэта ён, маючы ва ўпраўленні горад, будучы яго канцлерам, дамогся атрымання ім у 1591 годзе Магдэбурскага права. Леў Сапега сам распрацаваў для Слоніма герб, ухваляў яго зацвярджэнне, зрабіў неверагодна шмат для таго, каб горад стаў прамысловым, культурным, палітычным цэнтрам.

Не так многа засталося сведчанняў тых часоў. І ў касцёла Святога апостала Андрэя свая гісторыя ўзлётаў і выпрабаванняў. Ён быў цэнтрам рэлігійнага жыцця для ўсяго Вялікага княства Літоўскага. Згадаць толькі, сюды на тэалагічныя дыспуты прыязджалі Сымон Будны, Пётр Скарга…

Плошча Леніна. Дэлегацыя з членаў аргкамітэта спыняецца на тым месцы, дзе падчас Дня беларускага пісьменства бронзавы Леў Сапега, вышынёй у тры метры ўздымецца на пастамент. Ігар Петрушэнка цікавіцца, як вядуцца работы па адліўцы помніка? Якім бачыцца яго адкрыццё?

1 верасня ў 11 гадзін менавіта з ушанавання нашага выдатнага суайчынніка распачнуцца святочныя ўрачыстасці. Пасля чаго – шэсце ганаровых гасцей, дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі да галоўнай пляцоўкі, размешчанай побач з райвыканкамам і Домам культуры.

Гарадскі парк. У знакавы Дзень беларускага пісьменства ён будзе аддадзены дзецям. Для іх – сустрэчы з пісьменнікамі, героямі твораў, кніжны гандль, гульні. У парку ўжо ўтульна, цешаць вока розныя кампазіцыі, адпачывае моладзь, забаўляецца дзятва.

У аргкамітэта свая задача: праверыць, ці ўсё тут насамрэч з абяцанага выканана, добраўпарадкавана, падрыхтавана для ўдзельнікаў і гасцей свята?

Ля знакамітага канала Агінскага, сапраўды, работы яшчэ шмат. Калі бераг будзе прыведзены ў парадак – водная артэрыя горада стане больш прывабнай. У горадзе відавочны заклапочаны рух, пачынаючы ад раённых улад да тых, хто фарбуе дамы, мосціць вуліцы, садзіць кветкі.

Палескія Афіны. Нездарма так называлі Слонім у эпоху Агінскага. Канал называецца Малым, бо даўжыня яго – 1, 5 км. Цяжка ўявіць, як у 1804 годзе была ажыццёўлена грандыёзная ідэя стварэння гідратэхнічнага цуда – злучэння Нёмана праз Шчару і Ясельду з Прыпяццю, прытокам Дняпра – Балтыкі з Чорным морам. Шляхам ад Дняпра да балтыйскіх партоў перапраўляліся тоны грузаў: лес, збожжа. Малы ж канал праектаваўся Агінскім у першую чаргу для эстэтычных мэтаў – “плаваючага тэатра”, што дазваляла ў далейшым і сапраўды выводзіць на сцэну нават сапраўдныя караблі.

Кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч, мецэнат Міхал Казімір Агінскі – яго асобе надзвычай удзячны Слонім за свой эканамічны росквіт і квітненне “сядзібы музаў”.

Дзея падчас адкрыцця Дня беларускага пісьменства 1 верасня ў 1 гадзін верасня адбудзецца без воднай феерыі. Але галоўны рэжысёр святочнай праграмы Ніна Восіпава кажа пра творчае падабенства з тагачаснымі культурнымі традыцыямі.

Як вядома, створаны Агінскім ансамбль вакалістаў і інструменталістаў не саступаў лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы. Будуць і на нашай сцэне зайздросныя галасы. І яшчэ шмат чым арыгінальным здзівяць артысты слонімскую публіку.

Невыпадковая  паралель: тэатральныя відовішчы ў XVIII стагоддзі маглі назіраць каля тысячы чалавек. Столькі ж гледачоў будзе запрошана і ў сучасным Слоніме на адкрыццё Дня беларускага пісьменства і ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Мяркуецца, што канцэрт-закрыццё свята пабачыць каля 15 тысяч гараджан і гасцей свята. Горад рыхтуецца і да прыёму замежных турыстаў.

Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.