Встречи

Крылатая паэзія Уладзіміра Скарынкіна

Яго дзяцінства было гэткім жа абяздоленным, як і ва ўсіх равеснікаў ваеннай пары. Больш таго, чатырохгадовым хлопчыкам разам з маці Валодзю Скарынкіна вывезлі ў Германію. На вайне загінуў бацька… Перамога акрыліла ўсіх. Пасля ваенных жахаў мірнае над галавой неба здавалася неверагодным цудам.

Дарослым, успамінаючы пра выбар прафесіі Уладзімір Максімавіч будзе згадваць, што імкнуўся зрабіць палёгку маці, каб тая і без таго натруджаная, не пнулася яго вучыць.Таму і паступіў у Рыжскае вышэйшае інжынерна-авіцыйнае вучылішча, стаўшае пазней інстытутам. І гэта, як і многае іншае, калі ведаць Уладзіміра Скарынкіна бліжэй, вельмі яскрава характэрызуе яго асобу —  чалавека чулага, тактоўнага, добразычлівага. І разам з тым, чаму сялянскі хлопец з Віцебшчыны памкнуўся менавіта ў авіяцыю? Безумоўна, Уладзімір Максімавіч знойдзе ў адказ на гэта яшчэ не менш важкія аргументы, але ўсё ж хочацца верыць, што неба прыцягнула яго нездарма. Нябёсы, як вядома, — люлька для паэтаў. А менавіта для канкрэтна ўзятага творцы прафесія авіятара, якой шаноўны Уладзімір Максімавіч у якасці інжынера ў Мінскім аэрапорце, а пасля кіраўніка аварыйна-выратавальнай службы Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі прысвяціў амаль дваццаць гадоў, дала своеасаблівыя ключы ад неба. Што гэта так сведчаць нават назвы яго паэтычных кніг “Буслы над аэрадромам”,  “Дазвольце ўзлёт”, “Чацвёрты разварот”, “Пасадачныя агні”.

Тэхнар? Няўжо? Не паверыць недасведчаны ў біяграфічных тонкасцях паэта чытач. Бо за кожным радком — тонкі лірык. І сам Уладзімір Скарынкін уздзячны лёсу за тыя незабыўныя так званыя летчыцкія гады. Яны сапраўды дазволілі яму ўзлёт — да звання сапраўднага паэта, лаурэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы, уладальніка Залатога купідона.

Як ён удзячны і сваёй спадарожніцы — жонцы Валянціне Пятроўне. “Гэта ж трэба: выходзіла замуж за аднаго Скарынкіна — інжынера, а большую частку жыцця пражыла з другім Скарынкіным — паэтам”, — гэтай самой вельмі творчай жанчыне ўласцівы тонкі гумар, вялікае жыццялюбства. Яна ў сям’і Скарынкіных сапраўдная берагіня.

Асабіста я ведаю гэту самавітую сямейную пару яшчэ з часоў газеты “Чырвоная змена”, якой Валянціна Скарынкіна аддала амаль 40 гадоў у якасці выдатнага стыліста. Ставячыся вельмі прыхільна да іншых аўтараў, яна з вялікім разуменнем адносілася да свайго, не абцяжарвала яго жыццёвымі клопатамі, натхняла, як і падабае быць сапраўднай музе.

Потым нас з Валянцінай Пятроўнай яднала сумесная работа ў “Белорусской лесной газеце”. На гэты час прыйшоўся, як мне падаецца, пік перакладчыцкай дзейнасці Уладзіміра Максімавіча — “Божская камедыя” Алігеры Дантэ нараджалася на беларускай мове. Пра гэта ведала ўся наша рэдакцыя. Было відавочна, что Валянціна Пятроўна, падтрымліваючы мужа, і сама была на творчай хвалі — пісала артыкулы ў нашу газету, іншыя выданні. Потым мы ўсе радаваліся за прызнанне творчага ўнёска Уладзіміра Максімавіча ў сусветную культуру. Скарынкіных запрасілі ў Італію, каб уганараваць Нацыянальнай прэміяй, прэміяй Міжнароднага таварыства “Дантэ”. Валянціна Патроўна з хваляваннем расказвала, як яны адшукалі магілу Дантэ і ўсклалі на яе прывезеныя з Беларусі валошкі.

Як вядома, з першага па сёмы клас Скарынкіны вучыліся ў Гарадокскай школе №2. Помніцца, якой для іх заўсёды падзеяй была паездка ў тыя мясціны.

Пачуццё Радзімы, прыцягненне загадкавага над ёй небасхілу і ў свае 80 гадоў для Уладзіміра Скарынкіна — гэта тая мілосць, якая цешыць душу і сэрца паэта.

Няхай паважаны, Уладзімір Максімавіч, новыя зоры стануць радкамі Вашых кранальных вершаў і будзе Ваш жыццёвы шлях такім доўгім, як дарога да бяздоннага неба!

Алена Стэльмах

На здымку:

Падчас віншавання Уладзіміра Скарынкіна з 80-гадовым юбілеем. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення  Міхась Пазнякоў уручае памятны знак М. Багдановіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.