Февраль 6, 2018
220-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча музей гісторыі літаратуры

Пад такой назвай у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-мастацкая экспазіцыя, прысвечаная 220-годдзю з дня нараджэння вялікага паэта бунтарскага духу і ўсеабдымнага таленту Адама Міцкевіча. Паводле слоў дырэктара музея Зміцера Яскевіча, такім чынам распачаты шэраг святочных мерапрыемстваў, доўжыцца якія будуць на працягу ўсяго юбілейнага года.

Прываблівае, як сама постаць Адама Міцкевіча, з яго непаўторнай творчасцю, што стала адным з найвялікіх здабыткаў сусветнай культуры, невычэрпнай крыніцай духоўнасці беларускага і польскага народаў. Так і прыцягваюць сваім жыццёвым запалам, узорамі духоўнасці яго шматлікія паплечнікі, аб’яднаныя ў той час у таварыства “Філаматаў і філарэтаў”. 200 годдзю творчай і грамадскай дзейнасці таварыства напрыканцы мінулага года прысвячаўся ў музеі круглы стол, які з’яднаў многіх цікаўных да гэтай тэмы спецыялістаў – навукоўцаў, архівістаў, пісьменнікаў, краязнаўцаў. Тады і было прынята рашэнне шэрэй прапагандаваць спадчыну філаматаў і іх яркага прадстаўніка Адама Міцкевіча.

І вось экспазіцыя ў музеі дае магчымасць далучыцца да эпохі Адама Міцкевіча праз тагачасныя ўнікальныя дакументы, якія знаходзяцца ў так званай шляхецкай гасцёўні ХІХ стагоддзя, дзе сустракаліся сябры, чыталі творы, музіцыравалі.

Наведвальнікі музея ўпершыню могуць пабачыць метрычны запіс аб хросце Адама Міцкевіча (1798 г.), метрычны запіс аб шлюбе Мацея Маеўскага і Ганны Гарэшкі (дзядуля і бабуля Адама Міцкевіча, 1763г.), метрыку аб хросце маці пісьменніка Барбары Маеўскай (1769 г.), а таксама прыклад такіх запісаў – рукапісныя метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла першай трэці ХІХ стагоддзя.

  • Адной з яскравых падзей юбілейнага года стане прэзентацыя фільма па сцэнарыю Наталлі Голубевай “Адам Міцкевіч. Непажаданы паэт”. Зараз творчая група працуе над стварэннем фільма, прысвечанага яшчэ аднаму з дастойных нашых землякоў – Адольфу Янушкевічу, які меў сяброўства з Адамам Міцкевічам і згаданым ім у паэме “Дзяды”.

Алена Стэльмах

На зымках: падчас адкрыцця літаратурна-мастацкай экспазіцыі,
фота Яўгена Пясецкага

Добавить комментарий