Проекты

Беларуссю зачараваны

Так называецца творчы праект, у якім аўтарскі ўдзел прымаюць намеснік старшыні камісіі Палаты Прадстаўнікоў нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Цыдзік і члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і паэты Міншчыны Валянціна Анкудзінава, Бажэна Ганушкіна, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Зінаіда Гасціловіч, Віктар Кажура, Ірына Карнавухава, Людміла Круглік, Вера Лукашэвіч, Рагнед Малахоўскі, Галіна Мароз, Мікалай Марын, Галіна Нупрэйчык, Алена Радкевіч, Рэгіна Рэўтовіч, Віктар Сабалеўскі, Алена Стэльмах, Генрых Тарасевіч, Валерый Хіхіч, Уладзімір Цанунін, Марына Шапавалава, Анатоль Шкода.

35-1
Уладзіслаў Цыдзік – вялікі прыхільнік роднай прыроды. Адна з яго адукацый непасрэдна звязана з сельскай гаспадаркай. Як ён кажа, цікавасць да агранаміі меў таму, што дзяцінства прайшло ў вёсцы, з якой звязана і сялянская праца, і захапленне роднымі краявідамі. І зараз цешаць сэрца ўспаміны пра краскі ў матуліным кветніку…
Калі стаў дарослым, і работа ў сістэме Дзяржкантролю рэспублікі была непасрэдна звязана з камандзіроўкамі, у паездкі браў фотаапарат, першыя здымкі на якім зрабіў яшчэ ў школе. Уладзіслаў Станіслававіч успамінае выпадак, калі выручыў аднавяскоўца нават са здымкам на пашпарт.
Часам у аб’ектыў фотаапарата траплялі кадры бесгаспадарчасці. Яны таксама станавіліся дзейсным сродкам у выпраўленні сітуацыі. Але былі і такія ўзоры ўпарадкаванасці, прыгажосці, што нявольна хацелася захаваць іх на добры ўспамін. Надзейным памочнікам у такія моманты станавіўся фотаапарат. Так адзін да аднаго далучаліся здымкі, якія ў асабістым архіве Уладзіслава Цыдзіка выклікалі ўздым эмоцый , услаўлялі Беларусь – краіну, здольную здзіўляць. Год таму аформіў фотавыставу, якая з поспехам дэмаструецца ў розных установах, культурных цэнтрах Беларусі. Уладзіслаў Станіслававіч упэўнены: прыгожае расквечвае жыццё новымі фарбамі.
Зараз настаў той час, калі багатая калекцыя здымкаў фотааматара ператвараецца ў фотаальбом. З просьбай аздобіць свае творы Уладзіслаў Станіслававіч звярнуўся да паэтаў Міншчыны. Майстры мастацкага слова на творчую прапанову ахвотна адгукнуліся ўзнёслымі радкамі сваіх вершаў.
Альбом мае некалькі раздзелаў. Пачынаецца падарожжа па сцяжынках Радзімы з яе адпраўной кропкі – плошчы Незалежнасці. Разам з Уладзіславам Цыдзікам Рэгіна Рэўтовіч выказвае сваё захапленне:
Мінск –беларуская сталіца!
Палацаў веліч, плошчаў шыр!
Ну, як табой не ганарыцца?!
Няхай цябе шануе мір!

8 IMG_7991
Далей на старонках альбома поры года змяняюць адну другую. Уладзіслаў Цыдзік любіць спыняць позірк на карцінах прыроды, якія сучаснаму чалавеку ў гэты звышімклівы век часам проста недаступныя. Ён захапляецца весялосцю сціплых першацветаў, дыханнем узаранага поля, бляскам азёрнай хвалі… І паэтычная душа падхоплівае гэты настрой. Віктар Кажура шчыры ў сваіх пачуццях:
Сонца чыстае ў блакіце…
Бераг… Травы… І — спакой
Рэчка весела бруіцца…
Бачу я цябе такой,
Беларусь, мая заранка,
Казка дзіўная мая!
Тут празрыстым светлым ранкам
Будзіць пошчык салаўя…

60 IMG 8526
Ёсць і кадры, напоўненыя глыбокім філасоўскім звестам. На роздум наводзяць дрэвы, якія перажылі на вяку нямала выпрабаванняў. Але дзякуючы моцы сваіх каранёў, паказаюць прыклад пераадольвання любых цяжкасцей. У падтрымку ім — верш Бажэны Ганушкінай:
Адзіны корань, дзве сасны, два лёсы:
З’яднай сілай сплеценай рукі.
Трымаюць моцна берагі-адкосы
Над плынню паўнаводнае ракі.

83 IMG 2833
Такой жа бяздоннай крыніцай для асэнсавання жыцця пільны назіральнік бачыць і неба, дзе часам супрацьборствуюць сілы цемры і свету. На чыім баку будзе перамога – адказ у жыццесцвярджальных радках Валянціны Гіруць-Русакевіч:
Вайна аблокаў з сонцам – да крыві…
Якая толькі сіла іх звязала так?
Жывіце, воблачкі, ты сонейка жыві,
Хай вецер зло прагоніць з Неба-хаты!

118 IMG_3923
Нацыянальныя традыцыі беларусаў, прыцягальная сіла бацькаўшчыны, вялікая духоўная спадчына – усім гэтым чаруе Беларусь, усё гэта робіць яе непаўторнай і адзінай у свеце. Беларускія матывы, якімі прасякнуты здымкі, Уладзіслава Цыдзіка падхопліваюць многія аўтары, у ліку якіх і Віктар Сабалеўскі:
Ён увабраў пяшчоту кветак,
Зачараваў іх прыгажосцю.
Квітней, мой край, зімой і летам,
Няхай усе табе зайздросцяць!

97 IMG_3269
Альбом “Беларуссю зачараваны” надзіва гарманічны ў адзінстве душэўнага настрою аўтара здымкаў і аматараў мастацкага слова. Спадзяёмся, што гэта захапленне раздзеляць усе, хто будзе мець магчымасць пазнаёміцца з выданнем, якое ўхуткім часе выйдзе ў свет у Выдавецкім Доме “Звязда”.
Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.