Мое творчество,  Поэзия

Каліны куст

З цыкла «Навасадскае»
Каліны куст
Абнямоглая восень гучна плача,
Не жывецца — сум тужлівы, нястача.
Спадыняй слыла, цвіла каралеўнай —
Наваражылі вятры пераменаў.

Туманоў панурых процьма кладзецца,
Хмар мутных грудатых зграя віецца,
Расшматалі ўтшчэнт касу залатую,
Утапталі ў брудзь красу незямную.

Ворашна, золка і ў лесе, і ў полі,
Ні крыку, ні смеху – глуш у ваколлі.
Надзеі сыйшлі, бы ў блудзе авечкі,
Шукай, і ці знойдзеш нават са свечкай?

Увысі аб развітальнай навіне —
Маркотна курлыкне клін жураўліны.
Дзень, хоць і порткі высока падрэзаў,
Не той, што ўлетку, скакун ды гарэза.

Томна на сэрцы, ламата ва ўсім целе,
Мары, і тыя, увырай зляцелі.
Яблык падгнілы ледзьве трымаецца,
Восень горкай слязой заліваецца.

Да хісткага плоту з доўгай падпорай,
Куст прытуліўся, нясмелы, ён скора
Пакажа — ёсць на старую праруха,
Яго падтрымае бяроза-шаптуха.

калины куст

Ярка-чырвоністы погляд каліны,
Лютай зімою растопіць ільдзіны.
Тым колкім вятрам, і іх прысцябайлам,
Вочы заслепіць святлом незгасальным.

Касцёр жарынак без дроў разгарыцца,
Светач, маяк — каб з дарогі не збіцца.
Горыч пырсак, бы крывёй набрынялых, —
Вабіць спакусаю куст небывалай.

Лёс яго будзе няпростым, цярністым —
Голле раскіне, каб стаць непахісным.
Уславіць, як Фенікс, здалёк ,знебыцця,
Непераможную агністасць жыцця.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.