Год малой родины в Беларуси
12 ноября, 2015

Надрукавана: газета «ЛІМ» №51(4851) 24 снежня 2015 г.

Апавяданне
Дарожны рытм аддаленай чыгуначнай станцыі зусім не той, што амаль кругласутачная мітусяніна паспешлівых пасажыраў у лабірынтах гмаху сталічнага вакзала. Ён такі ж размераны, як і павольны рух жыцця раённага цэнтра, дзе кожны яго жыхар навідавоку. А вось свежыя навіны тут распаўсюджваюцца ў імгненне вока. Іх выключная аператыўнасць не саступіць хуткаснаму інтэрнэту. Мясцовыя чуткі нярэдка абрастаюць усялякімі падрабязнасцямі, дзякуючы чаму і квітнее безлімітная сарафанная сувязь. Бывае і так: у цэнтры скажуць: чалавек шлюбам пабраўся, каля міліцыі – з цешчай не памірыўся, каля царквы – Богу душу аддаў. Калі раптам пры перадачы “гарачага” факта здарыцца асечка — суразмоўца ніякавата пацісне плячыма, месцічы тут жа, як на картах, разложаць, чый кум , сват або сусед спрычыніўся да нашумелай гісторыі, і адразачку стане зразумела каго песцяць чужыя языкі.
Той, хто зведаў асалоду жыцця вось у такім ціхаплынным гарадку, атабарыўся ў ім як след, у шумны мегаполіс выбіраецца толькі па вялікай патрэбе. Навошта сябе напружваць сталічным тлумам, калі ўсяго хапае і тутсама. Хаця лёгкая на пад’ём моладзь прылаўчылася на вучобу курсіраваць штодня. Кошт чыгуначнага квітка ашчадны, не дужа б’е па сціплай студэнцкай кішэні.
Пасажыры дысцыплінаваныя: з запасам часу да прыбыцця электрацягніка разыходзяцца па ўсёй даўжыні перона. Патупваючы, час ад часу паглядаюць ў бок бліскатага лязіва чыгункі, падпільноўваюць, калі з-за павароту вышмыгне вёрткая змейка блакітных вагонаў.
Спазняюся. Ведаю, што ўвесь перон хвалюецца за спешку рызыкоўнага пасажыра. Сама неаднойчы такіх летуноў у думках стрыножыла: куды цябе пад самыя колы ліха нясе?! Яшчэ некалькі імклівых крокаў, і я ў ліку чаканнікаў – вырываецца ўздых палёгкі, знікае агульная напружанасць. І раптам паветра скаланае гучны вокліч. Да слыху дзясяткаў двух спуджаных ад яго пасажыраў далятае:
-Ленка, цябе ж уся турма ведае!
Быдта над рэйкамі абарваўся высокавольтны электрычны провад, і магутны зарад праняў цела з макухі да пят — так на мяне абрынулася нечаканая радасць.
Ззаду колы электрычкі набліжаюць сваё мернае “так-так”. Спераду ззяе зарадаваны твар, прызнаць які мушу не адразу. Хаця і ў абліччы, і ў бравай постаці апранутага ў элегантнае чорнае паліто мужчыны ўлоўліваю знаёмыя рысы. Ды і ў воклічы прызнаю падабенства з пераможнымі крыкамі індзейцаў, гульня ў якіх была любімай, калі школай ездзілі на бульбу.
-Гэта ж я, Генка! Няўжо так змяніўся?- нагадліва аднаўляе знаёмства былы аднакласнік.
Люблю дарогу за такія вось мімалётныя сустрэчы-неспадзяванкі. Раптоўна, нібы з- пад зямлі, узнікне той, пра каго і думаць забыўся. Толькі свідравала голаў думка, як сцярпець надакучлівы час паездкі, а ўжо захопліваюць у палон успаміны, льецца гамонка, і мільгаюць за акном слупы, нібы бліснулыя гады натрапленага апавядаўцы. Усяго ў нейкую гадзіну ўкладзецца жыццярыс пройдзенага, перажытага за ладны адрэзак часу. У такія сціслыя для размовы хвіліны субяседнік асабліва адкрыты, гаваркі, нават спавядальны ў сваіх зварушлівых прызнаннях. Набалелым – і пра радасць, і пра гора — пранікліва дзеліцца з роднаснай душой. Калі яшчэ пабачымся, павядзём казанкі? Выканае цягнік сваю падарожную місію, стомлена крэкне на вакзале, зноўку разбрыдземся па сваіх сцяжынах-пуцявінах. Толькі гаворанае будзе доўга не выходзіць з галавы …
Генка ўвесь у бацьку: рослы, шырокі ў плячах, вабкі з твару. Дзяўчаты, асабліва з меншых класаў, затрымліваюць позіркі на такіх заўважных кавалерах. “Даўно б кінуў усе буквары,” — пасмальваючы цыгарку, фасоніста пахваляўся перад адначаснікамі пераростак сваёй самастойнасцю. Яго дарослыя памкненні стрымлівала ўпартая сістэма адукацыі, адпаведна якой восем гадоў, як лёду, павінен адбыць у школе.
Ужо з першых дзён навучання стала зразумелым: педагогіка ад новага вучня паплача. Не сказаць, што Генка задзіраўся, быў бітлівым. Абурала яго настойлівае нежаданне вучыцца і зайздроснае памкненне малога ашавурка перыядычна знікаць у невядомым кірунку. У класе чацвёртым шукалі згубу амаль месяц, пакуль не зняла міліцыя валачая з цягніка недзе пад Масквой.
Выкарыстаўшы ўвесь наяўны арсенал метадаў уздзеяння на “цяжкога” падлетка, наватары школьнай педагогікі вынайшлі новы спосаб выхаваўчага ўплыву — выправілі атрад выдатнікаў да Генкі дамоў.
Сям’я жыла на першым паверсе двухпавярхоўкі, наспех збудаванай у пасляваенны час і разлічанай на чатырох гаспадароў. Бацька — чалавек здатны да пяра і здольны да творчасці, цвёрда абяцаючы ў чарговы раз з выпіўкай завязаць, не паддаваўся выпраўленню, заўзята тапіў свой талент у бутэльцы. І Генка, і такі ж свавольнік, яго меншы брат Косцік, з дзяцінства не ведалі строгасці бацькавай папругі. Дастатак у кватэры, як і наогул дабрабыт усёй сям’і, пнулася з усіх сіл, стварала маці.
Пасля ўрокаў (апошні з каторых не дабыў) Генка валэндаўся ў двары, дзе сябры тузаліся з лятальным апаратам, крыўдавалі, бо той ніяк не ўзлятаў. Калі Генка ўгледзеў рашучыя постаці ваяўніча настроеных аднакласнікаў, узрадаваўся сваёй абачлівасці. Яму ставала часу на тое, каб знікнуць незаўважаным, крадучком прабраўшыся за вугал дома.
На патрабавальны званок напорыстых гасцей дзверы адчыніла маці.
Жанчына сумелася пад позіркам пяці пар вострых агенчыкаў дзіцячых вачэй. У яе паблеклыя блакітныя вочы ўжо даўно не заглядалі іскрынкі радасці. Яна была самаадданай абярэжніцай траіх бязладкаў, спажыўцоў яе самаахвярнай даброцці. І што з таго мела? Піянеры – непрымірымыя барацьбіты з гультаямі і двоечнікамі, старанна выконваючы загад настаўнікаў, наперабой сарамацілі жанчыну за лайдака-сына, пагражалі выключыць яго са сваіх радоў. Зажурбёная, змаркочаная маці маўкліва слухала паспяховых аднагодкаў сына, нават спрабавала ўтрымаць на твары ўсмешку, але яна была такой жа болеснай, як і яе збалелая душа.
Назаўтра на першым уроку Генка настойліва цягнуў руку ўгору. Нязвыклы да такога яго старання настаўнік ухваліў адказ і няхай сабе і авансам, вывеў у дзённіку вялікую пяцёрку. Але такога гарачага імпэту да вучобы распушчанаму шалапуту хапіла толькі на адзін дзень…
У канцы восьмага класа Генка ўсё ж пасур’ёзнеў, нібыта прымірыўся са школьным парадкам, амаль перастаў прагульваць урокі. Як ведаў, што атрымае першы і апошні ў сваім жыцці афіцыйны дакумент аб адукацыі. Пасля ўрачыстых выправін, дзе выдалі пасведчанні аб заканчэнні васьмігодкі, Генка на развітанне махнуў рукой і з палёгкай аб скончаным нарэшце астабрыдлым вучэнні мімаходзь кінуў: “Я — у вольнае плаванне…”
Маладая вясна буяла квеценню апантаных жыватворным цяплом садоў. Па краіне шпарка крочыла перабудова. Галоўнай яе прыкметай сталі хвастатыя чэргі не толькі ў саміх магазінах, іх ланцужкі захоплівалі і прылеглыя двары. Настойлівыя пакупнікі самааддана бавілі гадзіны, а то, робячы адзнакі на руках, і дні, у спадзяванні дачакацца якога-небудзь выкінутага ў гандаль тавару. За безнадзейную справу рупна ўзяліся нечакана ўзніклыя камерсанты, чэпка ўхапіліся за латву гандляваць. У народзе іх яўна не ўзлюбілі, раней такіх даставанцаў за спекуляцыю нават волі пазбаўлялі. Ды дзявацца не было куды – ногі самі вялі да наспех зладжаных , але такіх спакуслівых ларкоў з аднекуль здабытым таварам.
Вестка аб адкрытым на “лобным” у горадзе месцы – ля царквы – ларку, імгненна трапіла на “канал” местачкой самадзейнай сувязі. Даходныя кабеты хутка дазналіся, што за нехрыст, не баючыся граху, у святым месцы разводзіць камерцыю. Не сумняваліся ў добрай “падмазцы” ўладам, раз тыя далі такі рызыкоўны дазвол. Расчаравана ківалі галовамі: навошта вера, калі ёсць грошы?..
Да агульнага дзівавання ларок акуправаў Генка. Калі б гэта ні быў яго родны горад, дзе ведалі ўсю паднаготную павяртанца, прынялі б за маладога перспектыўнага бізнесоўца. Якім, між іншым, ён, раздзімаючы шчокі, і прадстаўляўся. Але то быў Генка. З яго вірлівым фантанам перла затоенае ў самай глыбіні душы яшчэ з малалетства, не давала спакою доўгажаданае: адпомсціць сваім крыўдзіцелям — узняцца вышэй над усімі. І прабіраўся ён да гэтага сваім абраным шляхам.
Да бачнага здалёк ларка і без таго падыходзілі цікаўныя. Аднак, зладзеяваты Генка, маючы з акенца шырокі агляд усёй плошчы, пільна высочваў знаёмцаў і моцным, як рупар, голасам зазываў да сябе. Глыбокай стрэмкай сядзела ў ім спакуса зачапіць за жывое. Яго вадзіў хацеж давесці местачкоўцам, хто цяпер гаспадар жыцця. Мякка слаўся перад настаўнікамі, улагоджваў іх:
“Хіба на талоны такое купіш? — з веданнем справы разважаў навачасны багацей, і тут жа фанабэрыста дадаваў: — Чуў, заробкі вашы мізэрныя. Але нічога, на мае гасцінцы грошай хопіць”. “Намякаў: “Вам саступлю”, — кідаўся лётка раскладваць перад пакупніком жуйкі, “Марсы”, “Снікерсы”.
Яго кампанейцам быў, не хто іншы, як узмужалы Косцік, каторы, каб не ісці ў армію, злаўчыўся займець двух нашчадкаў.
Звыклы да блудадзейнага жыцця Генка, як сапраўдны хвастакрут, не мог доўга ўседзець на адным месцы і, задаволіўшы сваё самалюбства, у адзін з дзён кінуў малапрыбытковы па яго мерках бізнес, чыркануў на паперцы дэфіцытным на той час фламастарам: “Тэхнічны перапынак” і знік. Няшчасны лісток доўга шкуматала бязгодзіца, ад дажджу пацяклі літары, пакуль запуставалы ларок не ўбралі з плошчы…
Тое, у многім дзіцячае, наігранае, ветранае стала здаўнелым. Праз гады такое звычайна ўспамінаецца з лёгкім гумарам. Колішні Генка ўжо быў Генадзь Пятровіч, самадастаковы мужчына. Менавіта такім ён здаўся на першы погляд. Выклікаў павагу і тады, калі жанчын па-джэнтэльменску прапусціў у вагон. Па ўсім было відаць, яму зудзела хутчэй пачаць аповед, а мне тым больш карцела дазнацца, як прыйшла няпрошаная слава.
-Ты ва ўніверсітэце колькі гадоў вучылася? Пяць? – пачаў Генка здалёк і тут жа, як вопытны прайдзісвет, перайначыў на свой лад :— І я столькі ж часу граніт навукі грыз, ад званка да званка. Без экзаменаў прынялі, — нервовова зарагатаў.—Нават наручнікі надзелі, каб хаця не перадумаў.
Як высветлілася за краты бізнесовец трапіў тады, калі пасля гандлю ўсялякай драбязой, з такімі ж разумнікамі, як і сам, спрабаваў перавесці на “левыя” рэйкі чыгуначныя вагоны з сыравінай. Яго падштурхоўвала ахвота рысануцца адмысловым вучонствам, прыдбаным у няволі. Яшчэ больш бессаромны, меціў і ўкалоць, маўляў, хто з нас цяпер граматнейшы? Але тое, што я зарабіла сярод яго хаўруснікаў аўтарытэт абсалютна законным спосабам, перавершыла самога Генку, не давала яму яхіднічаць.
Зараз, калі сядзелі вось так твар у твар, можна было разгледзець аднакласніка не толькі звонку, але і зазірнуць у яго гнілаватае нутро. Насцярожана-недаверлівыя і ў той жа час ліслівыя вочы глядзелі паўз мяне, блудзілі, быццам нешта шукалі, па ўсім вагоне. На вадзенькіх жаўтавата-шэрых зубах укарэла брудзь спецыфічнага напою, да якога, як вядома, смаглыя ў вязніцы. Тое, што ён са смакам паспытаў казённага хлеба, больш за ўсё выдавалі пасінелыя рукі, старанна сколатыя з усіх бакоў па своеасаблівых турэмных правілах. Падумалася, вось дык дыплом выпісала яму жыццё, не адмыўны, з асаблівай адзнакай.
“Папулярнасці” свайго імя ў турме я, безумоўна, была абавязана Генку. Калі той прачытаў у надзвычай запатрабаванай сярод зняволеных“Дэтэктыўнай газеце” матэрыял за маім подпісам, заганарыўся. Не кожны вадзіў сяброўства ў журналісцкіх колах, тым больш, свойскае — з аднакласніцай. Такая таварышкавасць у сценах, абмежаваных кратамі, мела высокі кошт.
Вось яно, слова друкаванае, як адгукнецца… Хоць і прыслалі ганарар – не раўня іншым газетам, больш пісаць пра крымінал не стала, не па мне смакаванне жахаў, танны на яве такі радок.
Генка выдаваў сябе за шанцоўніка, выхваляўся, што багацюткі, што розум занадты мае. Ажаніўся на дачцэ вялікага начальніка ў Падмаскоўі, той яму ва ўсім спрыяе. На прыпынку мой спадарожнік спрытна скокнуў з прыступкі вагона, і зноўку яго падхапілі вірлівыя бруіны жыцця… А мяне не пакідала ёлкасць пачуцця ад перакручанага навыварат лёсу блізкага з малалецця чалавека…
Гадоў праз сем, на тым жа прыпынку, трапункова ўводдалі прызнала аднакласніка. Непатапляльны раней Генка быў нездароўчы з выгляду, нехацькі ўсміхнуўся. Перада мной туліўся ў каўнер таго ж, толькі зношанага, паліто сціхаміраны няшчаснік. Крымінальнае асяродзішча — яго стыхія і лад жыцця — пераўтварыла самаўпэўненага фраера ў нямоглага калеку. Генка з нейкай дзіцячай нявіннасцю прызнаўся: тыя, з кім братаўся, парэзалі так, што дактары сшывалі па частках, ледзьве акрыяў. Ён не пайшоў садзіцца ў вагон, затрымаўся ў тамбуры, нябачна растварыўся ў людзях, у часе, у мроях… Якую цяпер лёсаву ласку мае? Спадзеву на тое, што стрэнемся, парукаемся, стала меней. На маршрутцы мне ездзіць зручней.
Алена Стэльмах

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.