Год малой родины в Беларуси
21 ноября, 2015

Надрукавана: газета «ЛІМ» , 2014 год

Узгадваю сваё маленства, калі гляджу праз акно ў бабулінай хаце на старую ліпу, дзе, здаецца, ачмурэлі ад вясны шпакі. IMG_1081

Удзень, раскудлачаныя, гойсаюць па ўсёй акрузе, збіраючы ўсялякія патрэбнасці ў сваё жытло, а ўвечары – адкуль тое і бярэцца – прыхарошваюцца і даюць такога “дразда”, што смеху не абярэшся: свішчуць, ціўкаюць, пацяшаюцца. Шпачыны канцэрт – прыкмета ўступіўшай у свае правы вясны.IMG_1082Я сяджу за сталом і выводжу на лісце паперы першыя самастойныя літары: “Здрастуйте, папа и мама. Пишит вам Лэна”. Разам з бабуліным пісьмом у канверт пакла-дзем і маё і будзем пільнаваць паштарку Зінку, бо менавіта з яе дапамогай наша карэспандэнцыя трапіць у Дзяржынск. Бабуля строга сочыць за маёй граматай. Яна – настаўніца. Да вайны вучыла вясковых пачаткоўцаў, зведала нямецкі прыгнёт, калі вораг патрабаваў выкладаць дзецям навуку сваім парадкам. З таго, што адна-вілася ў вёсцы хутчэй за ўсё пасля вайны, таксама была школа – цэнтр вясковай культуры, інтэлігентнасці, беларускасці. Бабулю, Марыю Піліпаўну Сантаровіч, часта ў вёсцы так і звалі – Настаўніца.
У нашых з бабуляй планах – адведаць сваякоў на другім канцы вёскі. Там жывуць дзедавы сёстры – Таня і Аміля. А іх, гэтых шляхоў у госці, – тры, і ў кожнага, як у той казцы, свае перавагі. Адчуць асалоду ад паху скошанай травы, прайсціся каля кудлатых вербалозін, убачыць чысты, як дзіцячая сляза, ручаёк, – крочыць Аселіцай. Пусціцца ў дарогу па Навозах – падзівіцца на агароды клапатлівых вясковых гаспадынь, агледзіць роўныя, нібы стрункі, рады бульбы, паназіраць, як бяруцца ў колас палеткі збожжавых. Выправіцца вуліцай – не абмінуць стрэчных вяскоўцаў, таго, хто ідзе ў магазін, па каровы, бярэ ў студні ваду…
Вёска жыве, дыхае. Яна – адно цэлае. І кожны ў ёй навідавоку. Калі хто з чым сам не ў сілах справіцца, абавязкова знойдзецца памагаты. Скажам, адзін дасць каня, другі – пойдзе за плугам, капаць бульбу гуртам – спрытней і весялей.

20 IMG_2900
Цёткі нашаму прыходу вельмі рады, але на лаўцы доўга не затрымліваемся. Жыве ў іх сялянская руплівасць. Як быццам нешта падштурхоў-вае: не варта марнаваць час. І самі з гумарам кажуць, што ў вёсцы работу ніколі не пераробіш. Нас запрашаюць у хату. Ведаем: без свойскіх пачастункаў не адпусцяць. Яны кожны раз аднолькавыя: добры лямец сыру, толькі што вылупленага з клінка, збанок малака, амаль палову якога займаюць адстоеныя вяршкі. Айсбергам, патануўшым у місцы са смятанкай, выглядае ладны кавалак тварагу… Колькі б гэта ні смакаваў, не прыесца, не зашкодзіць. Карова заўсёды на вёсцы была карміцелькай. Збывалі яе гаспадары толькі пры поўнай нямогласці.
Помню, як уранні мужчыны ішлі на стальмашню, каб цягнуць нумаркі на дзялянкі сенажаці, якімі загадваў мясцовы брагадзір Алёшчык. Майстрам накляпаць касу быў дзед Юзік. Крыху пазней падзялілі на сенакос саўгасны сад. Вяскоўцы адзін перад адным стараліся хутчэй скасіць траву, убраць сена. Едзе воз – быццам адна велізарная капа рухаецца. Вясной адведзены рад дрэў кожны абразаў, бяліў.
Другім разам бабуля прапануе схадзіць яшчэ далей. Даўно не бачылася са Стэфкай Доменікавай. Прозвішча яна, безумоўна, мела другое. Але так, па-мясцоваму, зручней і больш зразумела. Бабулі абмяркоўваюць сваё, а мяне здзіўляе, як гэта паважная жанчына можа жыць у хаце з земляной падлогай. Тое самае і ў хаце Манькі Амілінай. Пабудова да таго ж адным бокам страхі прытулілася да зямлі. Бабулю сюды цягне, бо як толькі прыехала ў вёску, кватаравала ў Маньчынай маці.
Саму Маньку лічаць дзівачкай. Яна і нам кажа: прыкладзіце вуха да зямлі, пачуеце як у глыбіні спяваюць людзі. А можа, яно насамрэч так і было, толькі не кожны мог спрычыніцца да гістарычных таямніц. Нездарма ж з’явіліся легенды і пра нешчаслівае каханне, і пра царкву, якая патанула.
Хутка на канікулы з Магілёва прыедзе мая стрыечная сястра Эла, і ў нас пачнецца жыццё сапраўдных рабінзонаў. Найперш пададзімся ў аселіцу, дзе лапухі ствараюць мясцовыя джунглі. Пабегаць паміж імі ў даганялкі, а потым знайсці самыя вялікія лапуховыя лісты, каб пафарсіць у іх, – выдатны пачатак летняга адпачынку.
Потым даследуем так званы Замак, бо там заўсёды па-спяваюць першыя суніцы. Абшнырым Курнік. Нам цікавы яго раслінны свет. Лісцейкі, кветачкі будзем старанна засушваць, каб да школы падрыхтаваць змястоўны гербарый. Прылаўчыліся зрываць галінку, ачышчаць яе ад лісця і кары і засоўваць у мурашнік. Мурашы тут жа аблепліваюць наш колік, аздабляючы яго сваёй кіслатой. Смачней за любы чупа-чупс быў той прыродны ласунак. У рэчцы пад камянямі навобмацак ловім гаркушак. А бывае, цапнем і жабу, якая сцішылася на дне.
Сёння нагода наведацца ў Сцюдзянец. У бабулі Амількі дрэнна са зрокам, трэба прынесці ёй крынічнай вадзіцы. Яна ёю прамывае вочы, лічыць ваду гаючай.

IMG_1178
Адважымся і на больш дальняе падарожжа: у Васюцкі лес. Тут бы знайсці смалякі – такое на гэты раз атрымалі ад бабулі заданне. Імі добра распальваць печ. Але замест гэтага натыкаемся на тушу мёртвага каня і ляцім ад страху са свістам у вушах. Больш у гэты бок – ні нагой!
Прага нязведанага ўсё ж не пакідае нас, і таму, памяняўшы маршрут, даследуем камяні на могілках, што за вёскай. На адным з іх выбіты лічбы: «1868 год». І нават нашы бабулі, якія нарадзіліся ў пачатку XX стагоддзя, не могуць патлумачыць, хто тут пахаваны.
Пачатак вёскі, дзе хата маёй бабулі, вабіць не менш змястоўнымі забавамі. Тут лес – і гэтым ўсё сказана! Ён велічны і магутны. Дарогу ў «зялёны храм» адкрыла для мяне мая цётка Зоя. Цяпер думаю: колькі ж за гэты час нам удружылі сваіх дароў Шуркі, Кудра, Залаўкі! Канаўкам – асобныя дыфірамбы! Кожны, хто б ні ішоў па іх, свой грыб падымаў. Ахоўваў усе гэтыя лясныя багацці вельмі паважаны ў вёсцы чалавек – ляснік Уладзімір Іванавіч Гармаза.
Звычайна ўвечары ці то мы з бабуляй ідзем да каго пагуляць, ці то да нас «на вячоркі» прыходзяць жанчыны. Частая дарога да суседкі праз сцяну – Манечкі. А палове дзясятай па радыё гучаць “Вячэрнія зарніцы”. Яны – як сігнал для гаспадыні. Са збанка налівае па кубку малака, і мы смакуем яго з чорным хлебам. Днём раней Манечка з Мішачкам былі ў нас. Глядзелі чарговую серыю фільма “Адъютант его превосходительства”. А яшчэ ў Навасадах фурор, калі паказваюць фігурнае катанне. Я раблю сваё рэзюмэ: “О не, катацца адна не буду, толькі з мужам”. Старыя з мяне кпяць.
У доўгія асеннія вечары асабліва любім з бабуляй схадзіць да Яські Каробачкі і яго жонкі Стэфкі, да Юзэфы і яе мужа Каменданта, да Гармазовых, Гуцянкавых, Андрачыкавых…
Нас наведваюць Андрэіха, Дзяткоўская, Якубіха, Наста, Коліха. Люблю слухаць іх успаміны пра даўніну, як жылі ў вайну. Многа гавораць пра Ракаў, як ездзілі туды на кірмаш, куплялі муку і адрэзы на сукенкі. Для мяне ён міфічна далёкі і загадкавы, гэты Ракаў. Пад сталом, за якім ідзе гамонка, стаіць скрыня з антонаўкамі, і пах іх, здаецца, адчуваю і зараз.осень в Новосадах
Самыя добрыя ўспаміны пра сяброў свайго дзяцінства: Аню Падабед, Люду Веркавіч, Сашу Сантаровіча, Жану Тарайковіч, Лену Сантаровіч, Аксану Шышкавец. Помню і суседскага хлопчыка Сярожку Дзятко, жыццё якога знесла бурлівая плынь вясновай ракі. Вельмі шкада было і Васю Мялюка, які трагічна загінуў у Мінску.
А калі прыйшла пара юнацтва, кола знаёмстваў з вясковай моладдзю пашырылася.
* * *
Вёска. Тут самыя буйныя росы, самыя яркія зоры, самыя галасістыя салаўі…Родны кут, мілы, любы, дарагі. Хочацца быць бліжэй да яго, «каб не страціць святое штосьці»…па Навасадских ваколицах

Адсюль ідуць нашы карані, якія сплятаюцца ў агульнае дрэва беларускай нацыі. Тут вытокі нашай талерантнасці, памяркоўнасці, працалюбства, гасціннасці.IMG_1311     
Чым далей азіраюся ў мінулае, тым больш шчымлівым становіцца адчуванне таго, што Навасады страцілі дадзены ім гісторыяй шанец быць вясковым цэнтрам. Сёння цяжка ўявіць, што быў такі – Навасадскі сельсавет, а сама вёска ўтварала нават калгас.
Як цяпер бачу будынак малочнай у самым пачатку вёскі, трошкі далей з правага боку – канюшня, вышэй на гары – пабудовы вялікай сельгасгаспадаркі. Тут і склад для насення, і зерняток, і стальмашня, і сховішчы для сена, і кароўнік з цялятнікам. Калі павярнуць у вёску, з правага боку – свірны. А ў цэнтры – цэлы сацыяльны комплекс: школа, пазней ператвораная ў магазін, клуб з бібліятэкай, ля клуба – нацягнутая сетка для гульні ў валейбол, ФАП, крыху ніжэй – лазня. Тут біўся пульс вёскі, жыццё віравала ў розных яго праявах. І былі Навасады на той час няйначай як сучасным аграгарадком.
Навасадскія могілкі. З якога боку ні паглядзі, яны бачныя. Здаецца, адтуль, з пагосту, нашы прадзеды нябачна аберагаюць вёску. Іду па могілках. Колькі на помніках знаёмых твараў! Кожны варты напісання сваёй кнігі. Памяць пра землякоў множыць мае сілы.IMG_1154Цяпер вёска ўсю халодную пару года дакорліва паглядае сумнымі вокнамі-вачыма. Сёлета ў ёй зімавала ўсяго шаснаццаць жыхароў. Але зноў прыходзіць вясна. Вяртаюцца з выраю шпакі, распускаюцца дрэвы, ідзе бярозавік, у зеляніну апранаецца Курнік, які аздабляюць кусты бела-снежнай чаромхі. Я еду ў Навасады, да сваёй крынічкі…
Алена СТЭЛЬМАХ

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.