Детская литература,  Проза

«Скрыпучае дрэва» новая казка Алены Стэльмах

(Урывак)

Было гэта даўно. А, можа, і зараз дзе такое дзеецца? Лес жа ёсць? Ёсць. Палясоўшчык лес сцеражэ? Сцеражэ. А вось дрэва чаму скрыпіць, не ўсе ведаюць. Палясоўшчык, вазьмі, ды і раскажы гэтую незвычайную гісторыю.

name-1116
***
Род Янкі Жывіцы, гэтак жа моцна стаяў на зямлі, як дрэва, пусціўшае глыбокія карані. Да шумлівага спагадлівага лесу душой прыкелі прашчуры яшчэ з сівабародых часоў, калі пушчы першабытна-свабодныя падпіралі бялёсыя нябёсы вастраверхімі вершалінамі. А дзівоснага звяр’я ды птахаў усялякіх у былінных лясных нетрах вадзілася незлічона. Так спрадвеку павялося: стройны парадак у лесе трымаўся на зацятых абярэжніках Жывіцах, вышчыроўвалі яны яму з любоўю, з пяшчотай. Нездарма нораўны дзед Лясун, той, што ў сярэдзіне недаступнай пушчы на бярозе-векавусе вынайшаў сабе прытулішча, не цураўся сяброўства з палясоўшчыкамі. Бывала, здароўкаюцца –сам першы падасць руку. Няпроста было ў гэткага шанаванага старца займець прыхільнасць, каб прызнаў за свайго. І Баба Ёўга, сквапная да сваркі старая, цішэла, калі хто з палясоўшчыкаў надараўся мімаходзь.
Каб каторы з Жывіцаў-старажылаў пачуў: запавед “не нашкодзь” не для іх, палясоўшчыкаў, а для некага больш важны, даль Бог, спрачаўся бы да апошняга глытка настоенага на смалістым водары паветра. Шчодры Пан Лес чалавеку самаахвярна аддаваў свае багатыя дары, але і пра адвечную мудрасць прасіў не забываць:
–Ва ўсім спрыяю кожнаму, хто ідзе да мяне з дабром. Ні на водную са сваіх кладовак замок не весіў. Але ж і госць меру павінен ведаць. Ашчадна спажываць тое, у чым мае патрэбу, каб не нашкодзіць нават самай дробязнай істоце.
І служылі Жывіцы вячыстаму бацьку-Лесу па вось такіх, непісаных законах. Лес для іх быў – Храм, светлы, чысты, вечназялёны. У дзівосным Храме, адкрытым перад кожным, панавала поўная гармонія няўрымслівага жыцця. Мо, таму і слынны іх род меў зайздросную жывучасць. Мужыкі – усе крэпкія, як дубы мажныя. І ў сто гадоў ніякая пякельная сіла іх не магла здужаць.
Каб сказалі ціхамірнаму Янку, бяры паўнюткі мяшок золата, толькі кінь свой дапатопны лес, біцца бы мусіў за такую абразу, да крыві бы стаяў за сваё. Што той бліскучы халодны метал у параўнанні з яго несканчонымі гасцінна дарагімі амшарамі?! Такое багацце ні за якія грошы не купіш. Яно – не прадаецца. Як ацаніць кошт райскага світанка ў лесе? Ці па якой цане прадаць білеты на адмысловы канцэрт пявучых лясных музыкаў? А хіба пахі сунічна-чабаровыя саступяць самаму вытанчаннаму парфуму? Душа Янкі Жывіцы, як і яго продкаў, жыла ў лесе і жыла лесам.
Неяк такіх, як Янка, палясоўшчыкаў, гукнулі на грамадаванне. Няўрымслівае рэха імкліва па хвойніках, барах ды дубравах разнесла ўзрушлівую навіну. Не часта такое здаралася, каб нехта з лясных ахоўнікаў далёка адлучаўся, пакідаў без пільнага нагляду свайго выхаванца.
Агульны збор усіх палясоўшчыкаў звычайна ладзіўся на леснічоўцы старэйшыны –Янкінага бацькі Сцяпана.
–Бацька затак з месца людзей не сарве. Значыць, ёсць у тым асаблівая патрэба, – разважаў Янка.
Як ведаў, што і Янкава сэрца трывожыцца. Ехаў верхнікам на сваім верным коніку – белагрывым Дабраку. Раз пораз голле, што бізун, хлястала твар, але не ўхіляўся, не зважаў нават увагі на балючыя пісагі. Хацелася хутчэй дабрацца да леснічоўкі, павітацца з бацькам, па-мужчынску паціснуць яго дужую руку, ветліва абняць яго шырокія плечы.
Аднак, іншыя неадчэпныя думкі надаедліва круціліся ў галаве, перабівалі ўзнёслы настрой. Янка выбіраў ямчэйшыя словы, узважваў, як і што будзе мовіць у абарону свайго зялёнага сябра.
Палясоўшчыкі ад леса- маўчуна навучыліся іншых слухаць больш, чым гаварыць самі. А тут адразачку загарачыліся, зашумелі, бы ўсхваляваны разгневанай навальніцай бор. Кожнаму хацелася выказаць сваё, набалелае. А сталася: усе дбаюць пра адно і тое ж:
–Насцярожыўся наш лес, трывожна яму. Панадзіўся чалавек ісці ў яго са злым намерам. Вядзе бязладка туды горкая спакуса: то ўпотай стрэліць у безабароннага звера, то цішком ссячэ шатрыстае дрэва, то дроў вазок сцібрыць. Сляды ад “брудных” ботаў сталі заўважнымі на запаветных лясных сцяжынах.
Калі слова ўзяў Сцяпан, усе сцішэлі. Ён ваявіта заявіў:
–Будзе той кару мець нечуваную, хто руку падыме на даверлівы Лес-дабрадзей. У крыўду яго нікому не дадзім!
– Годна кажаш, слушна, – пачуліся адабральныя воклічы з усіх бакоў. На тым палясоўшчыкі і парашылі.
–Не будзем больш языкачосіць! – Сцяпан трымаўся кароткіх размоў. Ён мерку да чалавека “прыкладаў” адпаведна яго справам. Абыякавы той да работы, і мерка такая ж – як трэска мізэрная. Стараецца чалавек, і мерка, бы дрэва, увышыню расце, да сонейка бліжэй меціць.
Палясоўшчыкі слоўцам-другім яшчэ перакінуліся, ды прыспешылі коней. Кожнага лес, як магніт, да сябе прыцягваў.
***
Павяртаўся і Янка. Пра бацьку ўспамінаў, дзівіўся, як той метка з галоўным вызначыўся. Бачыў, як паважаюць яго людзі, ганарыўся ім. Разумеў, нельга і яму род Жывіцаў падводзіць.
Ужо не так і многа засталося да Бухвалаўскага перавалу, за ім адразачку свая відаль: стракатыя пагоркі, падросцісты гаёк… Сасонкі, што мінулай вясной пасадзілі, нібыта салдаты, стойка радкамі стаяць.
Як бачыць Янка, стралой імчыць яму наперарэз заяц. Ведае спрактыкаваны палясоўшчык: так шэрага толькі вялікі страх гоніць. Страпянуўся падарожнік: што за вестку нясе ганец? Натапырыў вушы і Дабрак. Заяц сам ні ў сабе. Ледзьве спыніўся, аддыхацца не можа, нешта языком пляце, а слоў не разбярэш. Нарэшце дайшло да Янкі…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.