СПБ и делегация Московского литинститута

Інтэрв’ю з А. Варламавым, рэктарам Маскоўскага літаратурнага інстытута ім. М. Горкага

Международное сотрудничество, Публицистика

Аляксей Варламаў, рэктар Маскоўскага літаратурнага інстытута ім. М. Горкага: «Мы стварылі Дом нацыянальных літаратур з надзеяй, што ён зблізіць не толькі літаратуры, але і народы…»

У Беларусі з вялікай цікавасцю ўспрынялі навіну аб стварэнні ў Маскве пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага Дома нацыянальных літаратур. Што стаіць за гэтым рашэннем? Ці азначае гэта, што, як і раней, Масква будзе аб’яднаўчым цэнтрам пісьменніцкага шматгагалосся?

– Па крайняй меры, мы да гэтага імкнемся. Думаю, што існаванне і развіццё шматнацыянальнай літаратуры ў былым Савецкім Саюзе было адным з безумоўных плюсаў таго часу. І тое, што руская мова стала дзвярыма ў свет вялікай літаратуры, адкрыла чытачам вялікай краіны такія імёны, як Чынгіз Айтматаў, Расул Гамзатаў, Васіль Быкаў, Олжас Сулейменаў, Кайсын Куліеў, Мустай Карым і многія іншыя – гэта факт, з якім цяжка спрачацца. Як, на жаль, фактам стала і тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі мы гэтую традыцыю страцілі і дрэнна сабе ўяўляем, што адбываецца ў суседніх літаратурах. І адна з прычын – рэзкае скарачэнне колькасці перакладчыкаў.

Цэнтрам адраджэння, вядома, павінна быць Масква, і не проста Масква, а яе цэнтр – Літаратурны інстытут, дзе ў савецкі час была створана і паспяхова развівалася кафедра мастацкага перакладу з моў народаў СССР.

Адкрыццё Дома нацыянальных літаратур – важная падзея не толькі для пісьменніцкай супольнасці. Ёсць падстава разглядаць тое, што адбываецца, значна шырэй: літаратура не страчвае сваёй значнасці. Трэба меркаваць пра тое, што дзякуючы агульным намаганням слова пісьменніка загучыць вагавіцей, шырэй?

– Мне б вельмі хацелася ў гэта паверыць, таму што грамадству такога слова сёння востра не хапае. Усё-ткі менавіта пісьменнікі, па прыродзе сваёй больш глыбока і асэнавана ўспрымаюць рэчаіснасць, могуць сказаць вельмі важныя рэчы пра тое, што з намі адбываецца. І калі не атрымаецца даць адказ, то, па меншай меры, пытанне будзе пастаўлена. Больш таго, слова пісьменніка можа быць як стваральным, так і разбуральным. Гэта вельмі вострая зброя, здольная сеяць і сяброўства, і варожасць. Асабліва гэта тычыцца нацыянальных пытанняў. Нам вельмі хацелася б стварыць такі Дом, які праз мастацкае слова прынясе людзям дабро.

…І літаратура не сыдзе ў інтэрнэт? Кніга зноў зможа стаць лепшым падарункам?

– Не думаю, што сыход літаратуры ў інтэрнэт – гэта прысуд. На інтэрнэт, калі ўжо на тое пайшло, спадзяюцца тыя, хто не можа адбыцца на традыцыйным кніжным рынку, каго не купляюць у крамах. Гэта не значыць, што ўсе ў інтэрнэце – бяздарнае, а ўсё, што прадаецца ў крамах – цудоўна. Справа складаней. Але ўсё-такі пагадзіцеся, што самыя добрыя, цікавыя, прыкметныя кнігі існуюць і ў электронным, і ў папяровым выглядзе. І застаюцца выдатным падарункам.

Што, па-Вашаму, адрознівае пісьменніка – нашага сучасніка ад вядомых літаратурных творцаў мінулага? «Дзе творы ўзроўню «Война и мир»?» – гэтае пытанне нярэдка задаюць беларускім літаратарам. Ці ёсць, на Ваш погляд, аб’ектыўнае тлумачэнне сутнасці гэтага літаратурнага працэсу?

– Па-першае, павінен прайсці час, каб ўсё ўстала на свае месцы. Па-другое, сёння няма не толькі буйных пісьменнікаў маштабу Талстога, але і буйных навукоўцаў, такіх як Ньютан, мастакоў, як Леанарда да Вінчы, кампазітараў, як Моцарт ці Чайкоўскі, палкаводцаў, як Сувораў. Верагодна, нешта змянілася ў нашым генетычным кодзе. Але ўсё роўна ў нас ёсць выдатная, цікавая літаратура, за што і скажам ёй дзякуй і будзем яе чытаць.

Што вызначае тэндэнцыі развіцця сучаснай расійскай літаратуры? А нацыянальных літаратур? У тым ліку, і беларускай? Наколькі актуальная цяпер тэма перакладаў?

– Любыя тэндэнцыі заўсёды вызначае жыццё. Тыя пытанні, якія яна перад намі ставіць, выклікі, якія кідае – гэта і пачуцці, адчуванні, трывогі, надзеі, расчараванні людзей. Перш за ўсё тых, хто піша. «Мы зусім не лекары – мы боль» – гэта знакамітая герцанаўская формула, даўно аднесеная да працы літаратараў, дапасуецца да ўсіх народаў і часоў.

– Якія прынцыпы будуць пакладзены ў аснову Дома нацыянальных літаратур? Гаворка зразумелым чынам ідзе аб аднаўленні ранейшых сяброўскіх літаратурных сувязяў, але з наданнем ім сучаснага гучання. У чым будуць выяўляцца літаратурныя навацыі?

– У нас вельмі сур’ёзныя планы. Хочам не толькі вярнуць страчанае, але сур’ёзна рухацца наперад. Дом нацыянальных літаратур закліканы стаць менавіта Домам, месцам сустрэчы літаратур Расіі і, у першую чаргу, нашых бліжэйшых сяброў. Таму што сёння, як ніколі важныя чалавечыя зносіны і зносіны пісьменнікаў, у тым ліку. Па ідэі Дом будзе прымаць гасцей з розных краін для правядзення літаратурных сустрэч, фестываляў, прэзентацый, экспазіцый, майстар-класаў.

– Як вядома, з першай выязной прэзентацыяй Дом нацыянальных літаратур накіроўваецца ў Беларусь. Што ў праграме? Чым, з Вашага пункту гледжання, знамянальная гэтая паездка для Літаратурнага інстытута? Якія чаканні яна можа апраўдаць?

– З Беларуссю Літаратурны інстытут звязваюць асаблівыя адносіны. Многія з беларускіх пісьменнікаў вучыліся ў Літінстытуце. І тое, што Беларусь стане першай з краін, куды мы адпраўляемся, глыбока невыпадкова і падкрэслівае асаблівы характар нашых узаемаадносінаў.

У праграме ў Доме літаратара запланаваны круглы стол з пісьменнікамі – прадстаўнікамі літаратурных арганізацый Беларусі, перакладчыкамі, філолагамі, маладымі пісьменнікамі, у ходзе якога мы абмяркуем перспектывы супрацоўніцтва, развіцця творчых сувязей беларускіх і расійскіх пісьменнікаў і перакладчыкаў, арганізацыі беларускай групы перакладчыкаў у Літаратурным інстытуце. Намечаны таксама сустрэчы ў інстытуце літаратуразнаўства ім. Я. Купалы НАН Беларусі, у БДУ, музеі Я. Коласа.

Вядучыя выкладчыкі Літаратурнага інстытута Генадзь Краснікаў, Сяргей Есін, Міхаіл Папоў, Аляксандр Сегень, Валерый Мадэстаў, Таццяна Сотнікава, Марыя Зоркая правядуць майстар-класы.

Алена Стэльмах,
першы намеснік старшыні
Саюза пісьменнікаў Беларусі

Добавить комментарий