Из "Колонки редактора"

Што мы там забыліся?


«Калі вы былі ў тэатры?» —

Задаю  такое пытанне знаёмым.  Адзін прыпамінае,  што было гэта месяцы тры таму, другі  сіліцца вызначыць дакладна: у гэтым тысячагоддзі або мінулым?

Тэатр – гэта не маршрутка,  на якую  нельга спазніцца, бо трэба паспець на работу. Тэатр – не харчовы магазін,  які не абысці кожны дзень, бо  арганізм патрабуе калорый.  Тэатр…  Дарэчы, там таксама ёсць  буфет.  Можна было б  пасмакаваць і яго асартымент, аднак скіруем  свой  позірк  на …тэатральную афішу.  Яе змест уздзейнічае з куды больш прыцягальнай сілай. Разбяромся,  што ж гэта за месца,  дзе, як сцвярджаюць,  уладарыць багіня з прыгожым імем — Мельпамена і дзе ўзнёсла ўсхваляюць яе служыцеляў?

Тэатральнае мастацтва  – адно са старажытнейшых.  І я, здаецца, ведаю  тлумачэнне таму: людзям патрэбны тэатр, таму што самі пайшлі ад яго. Кажуць, усё наша жыццё – тэатр, а мы ў ім акцёры. У кожнага – свая роля.  У залежнасці ад сітуацыі самі  ж разыгрываем драмы,  строім камедыі, здараецца,  ладзім бенефіс. Хочаце ўбачыць, як гэта выглядае на людзях, – схадзіце ў тэатр!

Прадбачу: заўзятым тэатралам такая прыземленая ацэнка міссіі высокага мастацтва прыйдзецца недаспадобы.  Гатова схіліць галаву перад іх крытыкай. Бо сапраўды тэатр – гэта тое, што захапляе ўменнем творцаў –  рэжысёраў, пастаноўшчыкаў, мастакаў і, безумоўна, акцёраў  сканцэнтраваць на сцэне моманты чалавечага жыцця, з усімі яго радасцямі і праблемамі, буднямі і святамі. Усё гэта робіцца ўвачавідкі і ў цяперашнім часе. Здаецца, што людзі, якія не бываюць у тэатры, страчваюць пэўнае ўражанне ад жыцця.  І не толькі таму, што не бачаць дзейства на сцэне, а і ад самой атмасферы тэатра: яго гардэроба, файе, ад добразычлівых адносін яго служачых…

5

Сёння ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэм’ера  балета, які мае даўнюю гісторыю. У 1962 годзе яго паставіў  азербайджанскі кампазітар   Кара Караеў.  “Сем прыгажунь” –  ўсходняя казка пра каханне, яго сілу  і зменлівасць.  Тэма – такая ж вечная, як само жыццё.  На прэс-канферэнцыі журналістам паведамілі, што ў беларускай інтэрпрэтацыі  балет набыў новае гучанне. У ім захаваліся аўтэнтычныя ўсходнія матывы і разам з тым  скарыстаны сучасныя прыёмы для стварэння захапляльнага відовішча.

Схадзіце (а дзяржынцы – з’ездзіце) туды, дзе пануе атмасфера  ўзнёслых пачуццяў!  Раптам вы таксама – чалавек тэатра, проста пакуль пра гэта не ведалі…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.