Виктор Сорочан посол Республики Молдова в Республике Беларусь

Як будуць развівацца стасункі Беларусі і Малдовы?

Международное сотрудничество, Мое творчество

Самі малдаване гавораць пра тое, што на геаграфічнай карце абрыс іх краіны згадвае гронку вінаграда. Што ўжо само па сабе сведчыць аб сонечнасці і цеплыні краіны, дзе жывуць працавітыя людзі, якія сустрэнуць госця келіхам адмысловага вінаграднага пітва і пачастуюць мамалыгай — найсмачнейшай нацыянальнай стравай. Менавіта такімі — сардэчнымі і сяброўскімі — ведаюць беларусы з даўніх часоў малдаван.


Днямі дыпламатычным стасункам, якія завязаліся паміж краінамі ўжо падчас самастойнасці нашых дзяржаў, спаўняецца 25 гадоў. Гэта гістарычная дата вартая свайго асэнсавання.

Што адметнага з’явілася ў плане дзелавога ўзаемаабмену? Як палітыка вялікай дыпламатыі адбілася на ўзаемаадносінах двух, без перабольшання, братэрскіх народаў? Якой бачыцца будучыня нашага супрацоўніцтва? Гэтыя і іншыя пытанні мы адрасавалі Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктару Сарачану.

Віктар Васільевіч, што Вы ведалі пра Беларусь да таго, як у маі гэтага года прыбылі ў нашу краіну з дыпламатычнай місіяй?

— У маёй памяці падзеі 1997 года, калі нашы краіны мелі пэўнае падабенства ў вызначэнні самастойнага шляху. Няпростае тады стаяла пытанне: як і куды рухацца далей? І вось цяпер я ў непазнавальна іншай Беларусі. Тут якую сферу ні вазьмі — прамысловасць, сельскую гаспадарку — усё працуе. На высокім узроўні медыцына, бытавое абслугоўванне. Кожны горад — Бабруйск, Мазыр, Гомель — адметны, прыгожы па-свойму. Колькі ж патрэбна было сіл і сродкаў, каб узняць краіну, забяспечыць ёй росквіт!?

Час даў штуршок і развіццю дыялогу паміж нашымі краінамі…

— Тыя абставіны, якія склаліся за 25 гадоў незалежнасці, калі, не пытаючыся, нас развялі па розных кутах, пакінулі свой адбітак на нашых узаемаадносінах. Тым не менш беларуска-малдаўскае партнёрства прыкметна вылучаецца сярод іншых краін. У нас вельмі цесныя сувязі ў палітыка-дыпламатычных стасунках: адбылося пяць візітаў прэзідэнтаў, чатыры візіты старшынь парламентаў, столькі ж візітаў прэм’ер-міністраў. Літаральна сёлета Беларусь наведаў прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Вельмі плённай аказалася рабочая паездка прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона. Звяртаюць на сябе ўвагу шчырыя асабістыя стасункі паміж прэзідэнтамі нашых краін. Мы асабліва цэнім выказанае Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам разуменне нашых праблем і гатоўнасць аказаць любую дапамогу.

Пра які беларускі след у Малдове мы можам сёння гаварыць?

— Надаём вялікае значэнне міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў разрэзе тавараабароту, які, спадзяёмся, у гэтым годзе дасягне
200 млн долараў.

Апошнім часам вядзецца палітыка не проста гандлю, а выкарыстання кааперацыйных схем. Прыклад таму — вытворчасць тралейбусаў ААТ «Белкамунмаш». За тры гады сабрана больш за 300 тралейбусаў, якія сертыфікаваны ў Малдове і могуць быць рэалізаваны на іншых рынках як малдаўскі прадукт.

Такая ж сітуацыя і з трактарамі малой магутнасці — іх збіраюць у Тамаі (Гагаузія). Прадпрыемства маладое — працуе ўсяго год — але мае перспектывы насычэння трактарамі ўсяго поўдня былога Савецкага Саюза, дзе традыцыйна растуць вінаграднікі, нізкарослыя сады.

Ёсць вельмі цікавая прапанова па стварэнні МТФ на беларускі ўзор. Вопыт беларусаў па вытворчасці малака і прадуктаў яго перапрацоўкі вельмі патрэбен Малдове. Здавалася б, у нас ёсць сваё малако, а вось прадукцыю «Савушкіна прадукта», нават нягледзячы на яе больш высокі кошт, малдаване набываюць ахвотней.

Шмат новых сумесных распрацовак вядуць і нашы тэхнапаркі. Іх ноу-хау яшчэ прынясуць свой плён.

У беларусаў таксама на слыху малдаўская прадукцыя — на гандлёвых прылаўках усю восень удосталь сакавітага вінаграду, духмяных яблыкаў…

— Нядаўна быў на вашай знакамітай Камароўцы. У гандляроў пытаюся, адкуль вінаград. Адзін, другі, трэці кажуць: малдаўскі. Бачу, да іх прыладзіўся яшчэ адзін прадавец, і той, вокам ні міргнуўшы, пацвярджае: малдаўскі. Не стаў яго расчароўваць: кішміш у Малдове не расце. Прызнаюся, было прыемна за сваю зямлю, якая родзіць смакату, знаную ў свеце.

Раскажыце, як Вам удалося ў гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі правесці фестываль малдаўскага віна?

— На мой погляд, фестываль прайшоў вельмі ўдала. Такім чынам 30 верасня закрылі сезон асенніх свят у Мінску. Гэта быў фестываль з нашай нацыянальнай кухняй, з дэгустацыяй віна. Удзел у свяце бралі 10 малдаўскіх вінаробчых прадпрыемстваў. Ужо ёсць заказы на каньяк, віно. Думаю, што гэта прынясе не толькі эканамічную выгаду: людзі больш даведаюцца пра вінаробства, зразумеюць, што гэта мастацтва, якое патрабуе культуры піцця.

Як вядома, у найбліжэйшы час прадстаўнічая дэлегацыя з Гомеля наведае Гагаузію? Гэта будзе яшчэ адзін крок да пабрацімства і супрацоўніцтва?

— Тэме пабрацімства сапраўды ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага.Толькі сёлета падпісана чатыры пагадненні аб пабрацімстве на ўзроўні раёнаў. З Гомеля ў Гагаузію паедуць бізнесмены, якія маюць цікавасць да Малдовы. Дарэчы, у гэтым годзе ў Малдове праведзены два эканамічныя форумы з удзелам беларускіх партнёраў. Нашы прадстаўнікі бізнесколаў прымалі ўдзел у такіх жа форумах у Мінску і Магілёве. Дзелавыя людзі, як вядома, умеюць рухаць жыццё наперад.

Віктар Васільевіч, прыкметная і Ваша зацікаўленасць беларускімі рэгіёнамі. Чым карысныя для Вас гэтыя паездкі?

— Перш за ўсё разуменнем таго, якія ёсць праблемы, каб шукаць шляхі іх вырашэння. Як, напрыклад, неабходнасць увядзення рэйса самалёта, які б звязаў Мінск і Кішынёў. Відавочная неразвітасць турызму паміж нашымі краінамі. Не хапае інфармацыі аб сучаснай Малдове ў Беларусі і наадварот.

Зараз вядзём пошук імён малдаван, якія загінулі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб іх сімвалічную капсулу з зямлёй закладзём у храме-помніку ў Мінску. Тое ж зробім і ў Малдове. Гэта наша агульная гісторыя. І яна нас яднае таксама.

Алена СТЭЛЬМАХ

 zviazda.by
Загаловак у газеце: Сяброўства светлае, як гронка вінаграда

Добавить комментарий