
Літаратурныя старонкі ў сеціве
Інтэрнэт рэсурсы становяцца ўсё больш запатрабаванымі пісьменніцкай супольнасцю. Сайты, старонкі ў сацыяльных сетках як сталічнага, абласных аддзяленняў так і саміх пісьменнікаў — звыклая з’ява ў віртуальнай прасторы. Безумоўна, галоўная падзея для кожнага аўтара – выхад у свет кнігі, але і магчымасці інтэрнэта прыносяць свой добры плён, які падштурхоўвае пашыраць літаратурную дзейнасць у новым творчым фармаце. Асабліва гэта прыкметна зараз, калі пераважная большасць аўтараў працуе на так званай удалёнцы, і сеціва напаўняецца новымі змястоўнымі праектамі, звязанымі з літаратурнымі навацыямі. Паказальны ў гэтым напрамку вопыт магілёўскіх калег.
— Літаратурныя старонкі ў сацыяльных сетках, — кажа старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ Алесь Казека, — сталі эфектыўным, зручным і перспектыўным сродкам інфармавання чытачоў пра літаратурнае жыццё Магілёўшчыны, знаёмства падпісчыкаў з асобамі і творчасцю магілёўскіх аўтараў, пашырэння кола новых партнёраў.
Асноўная работа МА СПБ ў інтэрнэце вядзецца з 2017 года на базе двух старонак у сацыяльных сетках «Вконтакте» и «Фейсбук». На сённяшні момант колькасць сукупных падпісчыкаў інтэрнэт-старонак аддзялення складае болей за 400 (плюс унікальныя карыстальнікі). Аб запатрабаванасці старонак сведчыць высокая актыўнасць прагляду навін, іх каментарыяў. Расце цікавасць і да саміх аўтараў, якія маюць магчымасць не толькі прадстаўляць свае выданні, але і весці адкрыты дыялог з чытачом.
Развіццю літаратурнага працэса спрыяе і літаратурна-крытычная дзейнасць: публікацыі рэцэнзій і водгукаў на творы. Таксама ўсё большую папулярнасць набывае літаратурна-конкурсная дзейнасць. За апошні час аддзяленнем праведзена 5 адкрытых інтэрнэт-конкурсаў: «Ветразь натхнення» (конкурс маладзёжнай беларускамоўнай паэзіі), «Мой бераг родны (конкурс беларускамоўнай патрыятычнай лірыкі), «Мяккая лапа» (міжнародны конкурс вершаў і прозы, прысвечаны Дню абароны жывёл), «Усмешка Сфінкса» (конкурс фантастычных вершаў і прозы), «Пад калядным небам» (конкурс прозы і лірыкі, прысвечаны Новаму году і Калядам прайшоў пры падтрымцы Магілёўскай епархіі БПЦ).
Стала традыцыяй пасля правядзення конкурсаў стварэнне электронных калектыўных зборнікаў, якія таксама размешчыны ў шырокім доступе ў сеціве.
На дадзены момант на старонках аддзялення аб’яўлена некалькі акцый. Сярод іх вельмі папулярная «Нашчадкі Перамогі», дзе аўтары аддзялення і падпісчыкі старонак дзяляцца ўспамінамі аб сваіх родных – удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Гэта багаты скарб памяці і ўдзячнасці папярэднікам за іх неўміручы подзвіг.
«Спытай пісьменніка» — так названы цыкл дыстанцыйных інтэрв’ю, створаных паводле пытанняў, дасланых падпісчыкамі ў адрас літаратараў Магілёўшчыны. Дзякуючы чаму чытачы знаёмяцца не толькі з кнігамі, але і з поглядамі іх аўтараў на розныя бакі жыцця. Тым самым уздымаецца аўтарытэт пісьменніка, як творцы, асобы.
Акцыя-конкурс «Больш крытыкі» арганізавана з мэтай заахвоціць чытачоў да напісання водгукаў і рэцэнзій на кніжныя навінкі пісьменнікаў магілёўскага краю.
— Нашы старанні накіраваны на прапаганду літаратуры, чытання, далучэння падпісчыкаў да дыялогу аб культурных каштоўнасцях, — так Алесь Казека ацэньвае гэты напрамак дзейнасці тутэйшага аддзялення і згадвае пра новыя творчыя планы работы ў сеціве.
Як, у прыватнасці, сваё месца ў віртуальнай прасторы ўпэўнена ўмацоўваюць і іншыя аддзяленні. Напрыклад, пісьменнікі Віцебшчыны ў фармаце анлайн арганізуюць сустрэчы з чытачамі. Вялікі рэзанас меў дыялог старшыні аддзялення Тамары Красновай-Гусачэнка з выхаванцамі Нацыянальнага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубронак». А пісьменнікі Міншчыны скарыстоўваюць магчымасці інтэрнэта для большай прапаганды беларускай літаратуры за мяжой, вядуць актыўную перакладчыцкую дзейнасць.

