
Польска-беларускія «Масты». У Польшы прайшоў ХІІ Фестываль Славянскай паэзіі
У Польшы прайшоў ХІІ Фестываль Славянскай паэзіі. Традыцыйна ў Варшаву па запрашэнню яго арганізатара Алеся Наўроцкага збіраюцца паэты з розных краін.
Як вядома, у сучасным свеце існуе 13 славянскіх моў, на якіх гаворыць 440 мільёнаў чалавек. Мовы маюць падабенства ў структуры слова і сказаў, у выкарыстанні граматычных катэгорый, у маўленні. Славяне жывуць не толькі ў так званых славянскіх краінах, па ўсім свеце. Напрыклад, у шматнацыянальнай Канадзе іх 10 адсоткаў ад усяго насельніцтва.
Фестываль Славянскай паэзіі асабліва цікавы тым, што тут пры вялікім моўным рознагалоссі не цяжка зразумець адзін аднаго. А калі і выйдзе затрымка, на такі выпадак лепшы перакладчык – мова сяброўства, такая знаёмая паэтам.
Імя Алеся Наўроцкага, польскага паэта, празаіка, перакладчыка вядома ў Беларусі. Ён рупіцца праз літаратуру зрабіць наша суседства больш блізкім. І гэта ўсцешна не толькі для паэтаў дзвюх краін, якім, безумоўна, надзвычай цікава трымаць паміж сабой творчыя стасункі. Літаратурнае сяброўства дапамагае большай духоўнай еднасці нашых народаў, якім наканавана быць не толькі суседзямі, але і волей лёсу перажываць многія гістарычныя падзеі разам.
За Фестывалем Славянскай паэзіі замацавалася назва “Масты” і вось гэтыя, створаныя Алесем Наўроцкім, як быццам і нябачныя, збудаванні, сталі насамрэч вельмі трывалым шляхам для зносін паміж творцамі, а, значыць, і паспрыялі ўзаемапранікненню славянскіх культур, іх узбагачэнню.
Яскравае сведчанне таму – доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж гродзенскімі літаратарамі і іх польскімі калегамі.
Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч падкрэслівае значнасць таго, як дзякуючы больш грунтоўнаму знаёмству з польскай літаратурай – класікаў і сучасных аўтараў – паглыбіўся досвед беларускіх пісьменнікаў, а праз перакладчыцкую дзейнасць палепшылася іх майстэрства валодання словам.
Выдадзеная ў 2018 годзе анталогія «Масты», складзеная з вершаў 12 гродзенскіх паэтаў у перакладзе на польскую мову, і 12 польскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову, стала падзеяй у літаратурным жыцці абедзвюх краін. Сёлета вопыт выдання пад адной вокладкай паэтычнага двухмоўя прадоўжыўся падрыхтоўкай такой жа анталогіі з удзелам польскіх паэтаў і паэтаў Міншчыны: Святланы Быкавай, Алены Стэльмах, Марыі Кобец, Людмілы Круглік, Уладзіміра Цануніна, Таццяны Цвірка, Вольгі Савасцюк, Ганны Міклашэвіч.
Старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Святлана Быкава пераканана ў тым, што гэты праект значна пашырыў далягляды творцаў Міншчыны. Пераклад на іншую мову, выданне аўтара ў замежжы – вялікая падзея ў творчым жыцці кожнага літаратара. Дыпламатыя слова дазваляе быць пачутым чытачамі іншай краіны і праз паэзію зразумець пачуцці шчырай беларускай душы.
Прыемна, што да гэтага праекта спрычыніліся зноў жа паэты Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык парупіліся зрабіць пераклады на беларускую мову вершаў польскіх паэтаў.
Анталогію ўпрыгожылі малюнкі выбітнага беларускага акварэліста Вячаслава Паўлаўца.
Удзельнікі анталогіі надзвычай удзячны польскай перакладчыцы Міры Лукша, прыклаўшай наогул шмат старанняў для развіцця нашых літаратур.
Важна зазначыць, што анталогіі такога кшталту ствараліся з удзелам польскіх паэтаў і паэтаў Італіі, Латвіі. Прыемна, што такую міжнародную паэтычную скарбонку беларускія паэты папоўнілі двойчы.
Прэзентацыя беларуска-польскай анталогіі «Масты» адбылася ў Варшаве падчас ХІІ Фестывалю Славянскай паэзіі, удзел у якім бралі вядомыя творцы: Марыя Кобец з Беларусі, Алена Карнеева з Расіі, Сюзана Куглерава і Ондрэй Каламар са Славакіі, Яцэк Яшчык з Нідэрландаў, Іаанна Свэнсан са Швецыі, група паэтаў з Італіі, былі шырока прадстаўлены польскія творцы.
На розных пляцоўках фестывалю: у Доме Літаратуры, у Доме Палоніі, у Славацкім інстытуце, у музеі Рамантызма ў Апінагоры, у літаратурным салоне Шіллінгуўка, у кафэ «Літаратка» – паўсюдна гучала беларуская паэзія, наша роднае слова.
У сугучы славянскіх моў наша мова – пачэсная, прыгожая, годная. Яна – наш нацыянальны здабытак і наш гонар. Гэтым мы, беларусы, адметныя ў свеце.

Пра выключную ролю паэзіі, як музыку душы, пра фестываль паэзіі, што збірае пад сваім дахам таленты з розных куткоў свету, спрыяе іх яднанню, з’яўляецца магутным інструментам мацавання міжчалавечых і міжнацыянальных адносін, гаварыў адкрываючы прэзентацыю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў.
Яго падтрымаў і былы калега-дыпламат Аляксандр Авер’янаў, які апошнім часам таксама актыўна займаецца паэтычнай творчасцю.
Прэзентацыя беларуска-польскай анталогіі ў Варшаве была спалучана з дэманстрацыяй фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой». Гэта дазволіла больш шырока прадставіць нашу краіну на міжнародным фестывалі, падкрэсліць яе ролю ў славянскім свеце, ды і не толькі ў ім.
Прэзентацыю анталогіі «Масты» з запрашэннем цяпер ужо польскіх літаратараў мяркуецца правесці ў Мінску.
Ёсць вялікае спадзяванне і на набытыя падчас фестывалю новыя творчыя адрасы. Напрыклад, славацкія калегі запрасілі беларусаў да ўдзелу ў паэтычным фэсце, які ладзіцца ў лютым наступнага года ў Браціславе.
Алена Стэльмах

