Международное сотрудничество,  Мир писателя

Чытацкая Асамблея Садружнасці

У Маскве прайшоў маштабны міжнародны праект “Чытацкая Асамблея Садружнасці”, удзел у якім прынялі больш за 400 прадстаўнікоў з 17 краін свету.

Расійская сталіца прымала прадстаўнічы форум, да якога далучылі як краіны — прадстаўнікі Садружнасці незалежных дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан, Малдова, Таджыкістан, Узбекістан), Грузія і краіны Балтыі, так і эксперты з краін дальняга замежжа – Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, ЗША. Арганізатарам вялікага кніжнага форуму стаў Расійскі кніжны Саюз.

Варта зазначыць, што ў Расіі яшчэ ў ліпені 2017 года была прынята дзяржаўная Праграма па падтрымцы дзіцячага і юнацкага чытання. У ёй далучэнне дзяцей да чытання і пісьмовай культуры разглядаецца як неабходная умова фарміравання новага пакалення расійскіх грамадзян, якім прадстаіць на высокім інтэлектуальным узроўні адказваць на выклікі сучаснасці, забяспечыць устойлівае развіццё краіны падчас узмоцненай глабальнай канкурэнцыі ў эканоміцы, палітыцы, адукацыі, навуцы, мастацтве, іншых сферах.

Таму ў Расіі падтрымка і развіццё дзіцячага і юнацкага чытання лічыцца прыярытэтным напрамкам у культурнай і адукацыйнай паліцы дзяржавы, які мае выключнае значэнне для будучыні краіны. Асноўныя палажэнні Праграмы суадносяцца з галоўнымі дзяржаўнымі дакументамі ў галіне статэгічнага планавання і інавацыйнага развіцця краіны, культуры, адукацыі, выхавання, сямейнай палітыкі, інфармацыйнай бяспекі.

Неабходнасць распрацоўкі нацыянальнай Праграмы па падтрымцы дзіцячага чытання ў Расіі палічылі важным фактарам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з улікам сілы ўплыву літаратуры і чытання на адукацыю, светапогляд і лад жыцця падрастаючага пакалення.

Праграма сапраўды дала штуршок навацыям у кніжным свеце на вялікай расійскай прасторы. Напрыклад, у тым ліку і з удзелам беларусаў праходзіў у Расіі сёлетні Тыдзень дзіцячай кнігі, крыху раней беларускія спецыялісты-кніжнікі прымалі ўдзел ў першым Еўразійскім форуме дзіцячай кнігі, прайшоўшым на пляцоўцы Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі ў Маскве.

І вось зноўку (на гэты раз вялікую беларускую дэлегацыю) паклікала да сябе Масква. Чытацкая асамблея. Яе было вырашана правесці менавіта сёлета – у год, аб’яўлены Годам кнігі ў краінах СНД. Прадумовы да таго носяць надзвычай актуальны характар.

Пачатак новага тысячагоддзя перавярнуў свет – так імкліва ўварваліся ў наша жыццё новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Па сутнасці, мы жывём на памежжы змен цывілізацый, калі катастрафічна пашыраецца аб’ём інфармацыі, памяць чалавека не паспявае яе ахапіць, і ён пачынае ўсё больш спадзявацца на знешнія носьбіты. З’яўляецца фенамен размеркавання свядомасці: да ўдзелу ў разумовых працэсах далучаюцца розныя электронныя прыстасаванні. У выніку чаго расплываюцца межы асобы… Асаблівасці новых “лічбавых” дзяцей сталі за апошнія дзесяцігоддзі тэмай пастаяннай трывогі дарослых, хто ў той або іншай ступені займаецца дзіцячай літаратурай і чытаннем, адукацыяй і выхаваннем падрастаючага пакалення.

Такім чынам становіцца ўсё больш відавочным, як на вачах мяняецца культура чытання, як, у прыватнасці, іншым робіцца і сам чытач. Вось чаму так важна ўсведамляць чым займаюцца нашы дзеці (а гэта азначае і тое, чым напоўнены іх духоўны свет): паглыблены ў кампьютэры ці ўсё ж такі звяртаюцца да кнігі? Расійскі вопыт сведчыць пра нястомны руплівы пошук адказу на гэта глабальнае пытанне сучаснасці.

Неабходна адзначыць, што такі як “Чытацкая Асамблея Садружнасці” – форум ладзіўся ўпершыню. І хоць афіцыйная гаворка пра узаемасувязь у мінулым саюзных рэспублік не вялася, усё ж напамін пра ўзгадаваныя на адных і тых жа кнігах пакаленні, красамоўна сведчыў, што і зараз уся тая ж вялікая шматнацыянальная прастора сутыкнулася з аднолькавымі выклікамі лічбавай эпохі, вырашыць якія магчыма аднавіўшы былыя сяброўскія сувязі. Таму і на парадак дня асамблеі былі вынесены пытанні, актуальныя для ўсёй Еўразійскай супольнасці.

Якая будучыня чакае кнігу і чытанне? Якія прыярытэты мае пісьменнік? Якія новыя мадэлі і сусветныя тэндэнцыі рухаюць кніжную індустрыю? Што адметнага, інавацыйнага ёсць у кніжнай практыцы кожнай з краін СНД? Як захаваць самабытнасць і развіццё нацыянальных літаратур ва ўмовах глабалізацыі інфармацыйнага асяродка?

Асамблея як раз і ставіла перад сабой задачу аб’яднаць намаганні ў справе прадвіжэння кнігі і чытання, фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы кніжнай галіны на былой савецкай прасторы, і не толькі на ёй. Бо гэткі ж цікавы вопыт лепшых практыкаў з Еўропы і ЗША, якім яны таксама падзяліліся ў Маскве.

На адкрыцці Асамблеі прэзідэнт Расійскага кніжнага саюза Сяргей Сцяпашын нагадаў пра заканамернасць: у конкурсе на самы чытаючы рэгіён Расіі, звычайна перамагае той, дзе гэтаму актыўна спрыяе кіраўніцтва рэгіёна. Там, дарэчы, і больш паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё. Як, напрыклад, у Белгародскай або Калужскай вобласці.

Выступоўцы ад Беларусі былі ўнесены як у праграму плянарнага пасяджэння асамблеі Садружнасці, так і прынялі актыўны ўдзел у рабоце кожнай з пяці секцый Асамблеі. Між іншым, у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі рознабаковыя эксперты кніжнай справы — Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Таццяна Швед, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска, Дзмітрый Макараў, генеральны дырэктар ПК ААТ”Макбел”, Іна Юрык, дырэктар навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Святлана Гарадзецкая, дырэктар Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, Ларыса Кучарава, прадстаўнік выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.

bookunion.ru

Беларусь, безумоўна, знаходзіцца ў асяродку глабальных сусветных працэсаў і мы гэтак жа заклапочана адказваем на выклікі сучаснай эпохі, калі інфармацыя і веды пераўтвараюцца ў неад’емны “прадукт спажывання” кожным чалавекам, — пра гэта на вялікім міжнародным форуме гаварылі прадстаўнікі нашай дэлегацыі.

Беларусь увогуле з’яўляецца прызнанай пляцоўкай многіх інтэграцыйных працэсаў, пляцоўкай для правядзення перамоў. Менавіта Беларусь сёння можна назваць мадэратарам інтэграцыйных працэсаў у культуры на пастсавецкай прасторы. Наша краіна імкнецца захаваць за сабой статус чытаючай краіны. Кніга, як вядома, у нас застаецца непераўзыдзенай каштоўнасцю. Ёсць вартасныя айчынныя напрацоўкі міжнароднага кшталту як трэба любіць і шанаваць кнігу, роднае слова.

Супрэзідэнт Еўрапейскай і міжнароднай Федэрацыі кнігараспаўсюджвальнікаў (Гаага, Нідэрланды) Фабіян Паагман перакананы: трэба весці тры лініі барацьбы за чытанне – гэта падтрымка бібліятэкараў, кнігараспаўсюджвальнікаў за кошт увядзенне фіксаванай цаны, і, безумоўна, спрыянне пісьменніку.

Па выніках работы Асамблеі прынята рэзалюцыя, дзе ўлічаны многія прапановы прадстаўнікоў Садружнасці. Па агульнаму меркаванню ўсіх удзельнікаў Асамблеі яе правядзенне аказалася надзвычай вартасным і карысным. Арганізатары паабяцалі гэты вопыт прадоўжыць.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік Чытацкай Асамблеі Садружнасці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.