
Хасан Тхазёплаў: “Паэзія — кій народа, песня — яго крылы”
Надрукавана: газета «ЛІМ», 2013 г.
Хасан Тхазёплаў з тых творцаў, у чыёй асобе гарманічна спалучыліся два пачаткі. Кажучы мовай вынаходніку, ён удасканаліў лопасці апорнага вінта да лятальных апаратаў. І як паэт, ён скіраваў свой позірк у неба, прасцяг свае думкі да Сусвету.
Пра творчасць вядомага кабардзінскага літаратара кажуць, што яна “яднае ў сабе культурную спадчыну Усходу і Захаду са спецыфікай нацыянальнага светапогляду”.
Яго паэтычнае слова пераадольвае ўласныя межы, адлюстроўвае ўзаемасувязь космаса і хаоса, жыцця і смерці, кахання і здрады. У гэтым усеахопнасць і пазачаснасць твораў аўтара.
Пачатак усяму – яго бязмежная любоў да свайго народа, паважлівае стаўленне да ўнікальнай культуры і багатых традыцый Каўказа. І разам з тым ён – інтэрнацыяналіст у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Сведчанне таму — наша інтэрв’ю з Хасанам Міседавічам Тхазёплавым, галоўным рэдактарам часопіса “Літаратурная Кабардзіна-Балкарыя”, вучоным сакратаром Акадэміі Адыгскай (Чаркесскай) Міжнароднай Акадэміі навук, заслужаным дзеячам культуры Расійскай Федэрацыі, аўтарам больш як 30 кніг паэзіі.
— Хасан Міседавіч, кожнага чалавека, якім пранікнёным не быў бы яго погляд у космас, карані звязваюць з роднай зямлёй. З чаго пачынаюцца Вашы жыццёвыя прыярытэты?
— У нашай сям’і было адзінаццаць дзяцей. Бацькі нам заўсёды гаварылі: “Калі можаш рабіць дабро – рабі. Калі не можаш, не рабі людзям ліха”. Гэтай запаведзі я прытрымліваюся ўсё жыццё, будучы абсалютна перакананым у тым, што добрых людзей у свеце значна больш.
Ёсць і яшчэ адна важная ісціна: кожнаму з нас спадарожнічаюць перамогі і няўдачы, але жыццё пры гэтым заўсёды і ва ўсім пераважае.
— Ратны і працоўны подзвіг Вашага бацькі, Міседа Камботавіча, заслугоўвае самай вялікай павагі. Раскажыце пра дарагога Вам чалавека.
— У нас, дзяцей, старэйшыя заўсёды мелі бясспрэчны аўтарытэт, але прыклад бацькі быў вышэй за ўсё. Ён дапамог вызначыцца з сапраўднымі жыццёвымі каштоўнасцямі.
Мой бацька, Місед Камботавіч Тхазёплаў, нарадзіўся ў 1898 годзе ў Кабардзе. Перад вайной ён узначальваў калгас. У 1942 годзе немцы ўварваліся ў сяленне Стары Чарэк, дзе жыла наша сям’я. У гэтыя цяжкія дні бацька прыняў адзінае правільнае рашэнне: адступіць і далучыцца да партызанаў Кабардзіна-Балкарыі. Разам з іншымі змагарамі ён прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху, за што быў адзначаны медалямі “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны”, “За абарону Каўказа”, меў іншыя ўзнагароды.
Падтрымліваючы пачын такога ж як і сам, старшыні, 7 сакавіка 1944 года ў звароце да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага бацька пісаў: ”Я, партызан Вялікай Айчыннай вайны, старшыня калгаса імя Варашылава Урванскага раёна Кабардзіна-Балкарскай АССР, Тхазёплаў Місед Камботавіч, жадаю дапамагчы доблеснай Чырвонай Арміі ў канчатковым разгроме германскага фашызму, уношу асабістыя зберажэнні ў суме 30 тысяч рублёў на будаўніцтва танкавай калоны “Смерць фашысцкім захопнікам!”. Слава гераічнай Чырвонай Арміі, якая абараняе гонар і незалежнасць Савецкай Радзімы!”
За гэты ўчынак бацька атрымаў ад Іосіфа Сталіна пахвальны ліст.
На сходзе, які адбыўся 13 кастрычніка 1944 года, калгаснікі на чале з маім бацькам прынялі рашэнне здаць у фонд Чырвонай Арміі звыш плана 330 пудоў хлеба, 24 пуды мяса. Гэту ініцыятыву падтрымалі і ў іншых гаспадарках. Узятыя абавязацельствы ўсе выканалі паспяхова.
Як толькі пачалося вызваленне Каўказа, бацька заняўся аднаўленнем разбуранай грамадскай гаспадаркі. За кароткі час ў калгасе быў дасягнуты перадваенны ўзровень вытворчасці прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі. У сям’і яго бачылі мала, бо ўвесь час ён праводзіў на палях, фермах. Але мы ведалі, что больш справядлівага і сумленнага чалавека, чым наш бацька, няма.
— Высокі патрыятызм кабардзінцаў мяне ўразіў і тады, калі даведалася пра трагічны лёс аднаго з заснавальнікаў кабардзінскай паэзіі — Алі Шагенцукава …
— Усе вехі кароткага і яркага жыцця Алі Шагенцукава цесна пераплецены з буйнымі падзеямі бурнага ХХ стагоддзя. Рэвалюцыя 1917 года, Грамадзянская вайна, звязаныя з глыбокай ломкай грамадскіх адносін, Вялікая Айчынная вайна, пачатая з нянацкага нападзення фашысцкай Германіі, паўплывалі на яго творчае ўспрыняцце рэчаіснасці.
І сам ён зведаў нямала ўдараў бязлітасна-суровага лёсу. Яго выключылі з духоўнага вучылішча за тое, што заступіўся за несправядліва зволенага настаўніка. Пасля чаго яго чакаў доўгі і складаны шлях да вяршынь ведаў. Ён цярпеў нястачу ў Стамбуле. Яму пагражалі рэпрэсіі 20-х гадоў. Загінуў Алі Шагенцукаў пакутніцкай смерцю ў Бабруйскім канцлагеры ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Адметнасць творчага почырку Алі Шагенцукава заключаецца ў тым, што ён, абапіраючыся на вопыт сваіх папярэднікаў, наватарскі развіў традыцыіі фальклёру жыхароў гор. Тым самым здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю ў кабардзінскім вершаскладанні. З выхадам Алі Шагенцукава на новыя пазіцыі ў літаратуры ў ёй з’явіліся героі, якіх да таго часу ў кабардзінскай славеснасці не было. Гэта людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, якія ўвасаблялі ў сабе народныя ідэалы мужнасці, смеласці, дабра, гуманізму. Мэты іх дабрачынныя, героі скіраваны на мужную барацьбу за справядлівае грамадства, годнае жыццё, простае чалавечае шчасце.
Нягледзячы на ўвесь цяжар выпрабаванняў, ён ствараў паэзію светлых ідэалаў. Застаецца непераўзыйдзенай сіла яе ўздзеяння на чытача. З цягам часу яшчэ больш узрастае значнасць укладу паэта ў стварэнне духоўнай культуры нашых продкаў. Яго паэзія стала крыніцай, з якой прадстаўнікі іншых народаў чэрпаюць веды пра гісторыю, духоўныя пошукі, звычкі, традыцыі адыгаў.
Алі Асхадавіч зрабіў нямала для азнаямлення кабардзінскага чытача з узорамі паэтычнай культуры іншых народаў, перакладаў на родную мову творы І. А. Крылова, Т. Р. Шаўчэнкі, М. Горкага, К Л. Хетагурава, К. С Атарава. І сёння вершы і паэмы кабардзінца А. Шагенцукава заклікаюць да захавання міру і згоды на зямлі.
— Як вядома, у час Вялікай Айчыннай вайны Ваш зямляк праявіў сябе на беларускай зямлі як годны сын Каўказа…
— З пачаткам вайны паэт-патрыёт у прамым сэнсе гэтага слова сваё пяро змяніў на штык. Ён хацеў быць на пярэднім краі змагароў супраць ворага. Беларуская зямля прыняла магутны ўдар выдатна ўзброенага агрэсара. Алі апынуўся ў самым пекле вайны — стаў нявольнікам канцэнтрацыйнага лагера ў Бабруйскай крэпасці. Дух яго, нягледзячы на жорсткія здзекі фашыстаў, застаўся непераможаным. Ён уздымаўся вышэй за краты, імкнуўся да вольналюбівых горных вяршынь Каўказа, служыў узорам нязломленасці для іншых вязняў.
Казалі, яго песню- гімн, падхоплівалі ва ўсім лагеры. Ён гучаў, як сімвал няскоранасці ворагу, свабодалюбства гордых людзей розных нацыянальнасцей:
“Презреть бы все запреты и угрозы,
Уйти бы из этого страшного лагеря!
Хотя бы весточку маленькую
На родину послать.
Журчит речка спокойно,
Над ней мой город Нальчик…
Никогда тебя не забуду, родина моя,
Мне не нужно золота,
И богатства мне не нужно.
Лишь об одном я мечтаю –
О родной, как мать, Кабарде».
Беларуская зямля стала апошнім прытулкам для кабардзінца Алі Шагенцукава. Паэт з’ўяляецца прыкладам самаадданасці і для беларускага народа, які беражліва захоўвае светлую памяць пра яго. Мы адзіныя ў веры, што жывое слова не памірае, а паэты адыходзяць у вечнасць…
— Тэма высокай маралі збліжае нашы літаратурныя здабыткі. У савецкі час яднанне літаратур вялося больш грунтоўна і стала нашай агульнай культурнай спадчынай. Якія прыклады творчага ўзаемапранікнення Вы маглі б прывесці?
—Вялікая паэтычная кніга слыннага беларускага песняра Янкі Купалы была перакладзена і выдадзена ў Кабардзіна-Балкарыі да яго 80-годдзя. Гэты юбілей можна без перабольшвання назваць святам народнай паэзіі ўсяго Савецкага Саюза. “Адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры ўпісаў сваё імя не толькі ў гісторыю роднай культуры, а і ў гісторыю савецкай шматнацыянальнай паэзіі” – так ацэньвалі ў тыя гады ў нашай прэсе ролю беларускага класіка.
Узняты на грабяні рэвалюцыйнай хвалі, Янка Купала адлюстраваў у сваіх творах нянавісць працоўнага люду да эксплуататараў, гатоўнасць змагацца за светлае жыццё. Такое становішча прыгнятала і іншыя народы. Ён адзіны ў закліку “скінуць кайданы” з прадстаўнікамі рускай грамадзянскай паэзіі ХIХ стагоддзя Аляксея Някрасава, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Кальцова, Тараса Шаўчэнкі, Адама Міцкевіча.
“Смерть тому, кто у голодных
Пищу отнимает.
Кто на наш народ свободный
Цепи надевает”.
Пранікнёныя вершы і артыкулы, усхваляваныя прамовы Янкі Купалы гучалі прызыўным набатам і ў час Вялікай Айчыннай вайны. І кабардзінскіх патрыётаў гэтыя радкі ў адзіным парыве ўздымалі на барацьбу:
“Партизаны, партизаны,
Белорусские сыны!
Бейте ворогов поганых,
Режьте свору окаянных,
Свору черных псов войны”.
Імя яшчэ аднаго знакамітага беларускага паэта, Аркадзя Куляшова, ярка заззяла на творчым небасхіле Каўказа. Яго шасцідзесяцігадовы юбілей шырока і ўрачыста адзначаўся ў нашай рэспубліцы. Знамянальным стаў пераклад Аркадзем Куляшовым зборніка вершаў балкарца Кайсына Куліева “Кніга зямлі”. Былі і іншыя ўзаемапераклады. Творчасць А. Куляшова напоўнена мудрасцю, святлом, прымушае чытача думаць, суперажываць, мацуе яго стойкасць у цяжкую гадзіну. Такая паэзія сугучная ідэалам каўказскіх народаў.
Таксама ў нашай агульнай скарбонцы перакладзены беларускім пісьменнікам Л. Салаўём раман кабардзінскага аўтара Аліма Кешокава “Зламаная падкова”, які ў 1981 годзе выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у Мінску.
— Хацелася б больш даведацца пра сучасныя тэндэнцыі развіцця літаратуры на Каўказе.
— Літаратуры народаў Паўночнага Каўказа заўсёды складалі важнейшую частку агульнарасійскага літаратурнага працэсу. Праз мову, адукацыю, культуру ўхваляліся нашы дасягненні. Зараз ёсць асаблівая патрэба ва ўмацаванні сувезяў паміж нацыянальнымі літаратурамі Расіі і іншых краін. Пасля распаду Савецкага Саюза гэтыя стасункі парушыліся, многія народы аказаліся ў ізаляцыі, па-за геакультурнай прасторай. Нашы пісьменнікі, глыбінна адчуваючы подых часу, шукаюць шляхі да збліжэння і яднання, што ў кантэксце з агульнапалітычнай сітуацыяй адпавядае патрабаванням сучаснасці.
Да таго ж, сёння ўсё больш востра стаіць пытанне: ”Быць або не быць культуры народаў Каўказа?” Ці здолеем зберагчы нашу спадчыну, якая не мае аналагаў у свеце па сваёй шматколернасці, шматнацыянальнасці і адначасова па адзінству? Усё залежыць ад таго, як зможам захаваць само паняцце “культура народаў Каўказа”.
Пасля некалькіх зваротаў вядучых пісьменнікаў краіны да прэзідэнта Расіі У. У. Пуціна намецілася тэндэнцыя больш пільнай увагі з боку дзяржавы да нацыянальнага культурнага багацця ўсіх народаў, якія насяляюць Расію, да пашырэння сяброўства паміж імі. Вялікія спадзяванні ўскладаем на 2014 год. Будзем вельмі рады, калі наш голас пачуюць і ў шануемай намі Беларусі, а на Паўночным Каўказе шырэй распаўсюдзіцца аўтарытэтнае міратворчае слова беларускіх творцаў.
— Чым яшчэ жыве творчая грамадскасць Саюза пісьменнікаў Кабардзіна-Балкарыі? Вядома, што ў яго склад уваходзіць больш за сотню літаратараў.
— Сіла мастацкага слова — прыцягальная, глыбінная крыніца роднай мовы — невычарпальная, таму мы ў няспынным руху і стваральным пошуку. Безумоўна, цяперашні Саюз не параўнаць з тым, што быў у савецкі час. Але радуе, што моладзь з ахвотай бярэцца за пяро. Сведчаннем таму бурлівая плынь літаратурных аб’яднанняў, якіх у апошні час шмат з’явілася ў гарадах і раёнах рэспублікі. Масцітыя творцы, перадаючы жыццёвы і пісьменніцкі вопыт, дапамагаюць моладзі спрабаваць свае сілы ў літаратурных пошуках.
Вось як, напрыклад, расквітнела суквеццем талентаў літаратурная студыя “Эдэльвейс”. Ля вытокаў яе стварэння ў 2005 годзе ў Нарткале стаяў Аляксандр Клочынаў, паэт, выпускнік Маскоўскага літаратурнага інстытута, знаўца рускай і сусветнай літаратуры. Яго вершы друкаваліся ў часопісах “Смена”, “Юность”, “Сельская молодежь”. У 80-я гады мінулага стагоддзя Клочынаў жыў ва Уладзікаўказе, дзе, кіруючы работай літаб’яднанняў “Шуадон” і “Крыніца”, набываў вопыт сталага літаратара. Па прыездзе ў Нарткалу ён хутка заваяваў любоў і аўтарытэт сярод творчай моладзі. Пад кіраўніцтвам А. Клочынава ўтварыўся творчы асяродак аб’яднання, быў зацверджаны склад грамадскага савета альманаха “Паэтычны веснік”, атрымана ліцэнзія на новы друкаваны орган.
Удзельнікі “Эдэльвейса” знаёміліся з творамі рускіх і сусветных класікаў, вывучалі тэорыю літаратуры, сумесна аналізавалі ўласныя творы, у якіх ўступалі ва ўпартую спрэчку з дысгамормоніяй нашага грамадства. На старонках штогадовага альманаха “Паэтычны веснік” пастаяннымі сталі рубрыкі: “Першыя публікацыі”, “Тэрор і жыццё несумяшчальныя”, “Незабыўныя імёны”.
Для студыйцаў наладжваліся вечарыны, праводзіліся конкурсы паэзіі. Яны сустракаліся як са школьнікамі, так і са знакамітымі паэтамі, пісьменнікамі Кабардзіна-Балкарыі. Пачаткоўцы друкаваліся ў газетах, выступалі на тэлебачанні, ездзілі на экскурсіі ў літаратурны музей КБР у Нальчыку, у музей М. Ю. Лермантава ў Пяцігорску. Вынікам творчага ўзлёту станавіліся прэзентацыі кніг, выдадзеных студыйцамі.
Літаратурная майстэрня стала крыніцай натхнення для многіх пачынаючых аўтараў, сярод якіх ёсць стаўшыя папулярнымі імёны – В. Кудаева, Н. Сонцавай, А. Пашко, М. Куштава, Р. Сакуравай. Да кагорты творцаў далучыліся і пачынаючыя паэты А. Кясаў, Е. Аліева, К. Сакурава.
Вядомасць студыі расла з году ў год. Да нарткалінцаў сталі звяртацца за творчай дапамогай паэты ўсіх узростаў з Майскага, Лескенскага, Прахладненскага раёнаў, а таксама з суседняй Паўночнай Асеціі-Аланіі. Студыйцы шчодра дзяліліся сваімі ведамі, ахвотна падтрымлівалі новыя парасткі на літаратурнай ніве КБР.
Пры рэдакцыі нашага часопіса “Літаратурная Кабардзіна-Балкарыя” таксама працавала студыя з 30 маладых літаратараў. За кошт рэдакцыі было выдадзена восем асобных кніг малазабяспечаных аўтараў і агульных зборнікаў вершаў нашых студыйцаў. Зараз работа студыі аднаўляецца.
-Хіба добрае слова, павучальная кніга не лепшыя парламентарыі для народаў? Пацвердзіце гэта з уласцівай Вам мудрасцю паэта!
— Думаю, лепш за усё скажуць пра гэта мае рубаі з кнігі «Караваншчык»:
***
Перепрыгнув всю эпоху, год за годом в сладком сне,
Прилетел, как голый сокол, к тем, чья жизнь на самом дне.
А кишлак наш под горою, а над ними – Божий свод,
Вот и думай: что откуда, — может быть, придет извне.
***
То, что в людях происходит, не берет судить душа,
Будто люди подневольны, мстят кому-то, все круша.
Очень просто угодить нам в те ворота, где не рай,
Где, от стражи отбиваясь, в Божий храм ползут, спеша.
***
Разве можем уничтожить все, что любим и растим,
Если даже в трудной жизни с кем-то ненависть скрестим.
Воин света — грозный воин, и судьба его трудна,
Да и мы в каком-то смысле войском света здесь гостим.
***
Наступают перемены, и бунтуют в нас века.
Каждый строит карту рода, где хоромы из песка,
В них живут крикливым скопом нувориши без корней,
Будто хлеб их вместе с маслом слаще нашего куска.
***
Дай нам, Боже, ту молитву, что поднимет падших дух,
Кто порочными страстями погубил свой свет и слух.
В закольцованной ограде, где он жил и где творил,
Соблазняясь пустотою, дух ослеп и мудро глух.
***
Кто себя постигнет в мире, тот нужду других поймет.
Дело в том, что в человеке есть такое, что зовет.
Так устроено, что в каждом спрятан рай в духовный круг,
Что в тяжелых испытаниях он мечту не оборвет…
Хасан Тхазёплаў выступае на конкурсе маладых выканаўцаў «Жывая класіка», Заслаўе. Дзень беларускага пісьменства, верасень 2014 г.Хасан Тхазёплаў сярод пісьменікаў розных краін падчас правядзення Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі, верасень 2014 г.
На вуліцах старажытнага Заслаўя ў Дзень свята беларускага пісьменства, верасень 2014 г.
