Мир писателя,  Новости

Нацыянальная літаратурная прэмія: да 1 ліпеня ідзе прыём заявак

Да 1 ліпеня 2017 года прымаюцца заяўкі да ўдзелу ў адным з найбольш прэстыжных конкурсаў, шырока вядомых у Беларусі, – “Нацыянальная літаратурная прэмія”.

Конкурс праводзіцца ў мэтах падтрымкі развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці айчынных пісьменнікаў, стымулявання стварэння імі новых высокамастацкіх твораў для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве.

Заснавальнікі конкурсу – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі” запрашаюць аўтараў прадставіць лепшыя ўзоры сваёй літаратурнай творчасці – кнігі, упершыню выпушчаныя выдавецкімі арганізацыямі Беларусі ў 2016 годзе.

Заяўкі прымаюцца ад фізічных асоб (у тым ліку і ад іх афіцыйных прадстаўнікоў), а таксама ад творчых саюзаў, выдавецтваў, рэдакцый СМІ, арганізацый культуры, устаноў адукацыіі навуковых арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць ў галіне мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства. Удзельнікамі конкурсу могуць быць таксама аўтарскія   калектывы   ў  складзе  не  больш  чатырох   чалавек, –  аўтары твораў мастацкай літаратуры ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах расказвае пра тое, што першы этап конкурсу ўжо распачаты: заяўкі паступілі па ўсіх сямі намінацыях і да іх разгляду далучыўся экспертны савет.

Актыўнасць праявілі абласныя і Мінскае гарадское аддзяленні СПБ. Сваіх аўтараў на “Нацыянальную  літаратурную прэмію” вылучыла і секцыя дзіцячай літаратуры СПБ. Такім чынам намінацыя “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” лідзіруе па колькасці заявак. Што сведчыць аб значным ухіле сучаснай літаратуры менавіта да дзіцячай аўдыторыі.

Алена Стэльмах гаворыць і пра тое, што аўтарам, якія мяркуюць трапіць на высокі Алімп, важна ўлічваць істотную абставіну: грамадскае прызнанне іх твораў. У Інструкцыі аб парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” вызначаны крытэрыі, па якіх ацэньваецца высокая вартасць выдання.

Да ўвагі бяруцца прадстаўленыя аўтарам: колькасць і змест артыкулаў, рэцэнзій, водгукаў у СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах, а таксама колькасць пісьмовых водгукаў чытачоў, пераклады твора на іншыя мовы народаў свету. Акрамя таго, па дадзеных Міністэрства культуры ўлічваецца запатрабаванасць у публічных бібліятэках вылучаных на конкурс кніг.

Пасля таго, як экспертная камісія правядзе фарміраванне твораў з улікам іх адпаведнасці ўмовам конкурсу, пачнецца другі (фінальны) этап конкурсу. Экспертная камісія не толькі накіруе творы для разгляду журы, але і надасць галоснасці ў СМІ шорт-ліст з прадстаўленнем усіх намінантаў на «Нацыянальную літаратурную прэмію». Такім чынам, сваё важкае слова ў адрас лепшых кніг 2016 года змогуць сказаць чытачы ў сваіх водгуках, рэцэнзіях. Што, безумоўна, надасць вагі  прэтэндэнтам на высокую ўзнагароду.

Імёны ўладальнікаў «Нацыянальнай літаратурнай прэміі» 2016 года стануць вядомымі на Дні беларускага пісьменства ў Полацку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.