
Пераможцаў конкурсу “Мастацтва кнігі” абвесцяць на XXIV Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы
Імёны пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” стануць вядомыя на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Перад журы, якое 26 студзеня ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь ацэньвала прадстаўленыя на конкурс выданні, стаяла няпростая задача: з лепшых кніг выбраць самыя ўзорныя.
Конкурс праходзіць ужо ў 56-ы раз, і роля яго відавочна ўзрастае, падкрэсліў значнасць падзеі, якая аб’ядноўвае пісьменнікаў, мастакоў, выдаўцоў, паліграфістаў, вядомы ў краіне знаўца кніжнай справы Валерый Рагалевіч.
Першая беларуская кніга, выдадзеная Францыскам Скарынам пяцьсот гадоў назад, здзівіла свет. І сёння паслядоўнікі Скарыны, выкарыстоўваючы значна ўзросшыя магчымасці выдавецкай дзейнасці, імкнуцца ствараць лепшыя ўзоры кнігавыдання. Гэта падцвердзіла і сёлетняя спецыяльная намінацыя “Першадрукар” да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”. У ёй быў прадстаўлены цэлы шэраг выбітных выданняў, прысвечаных Францыску Скарыне і яго кніжнай спадчыне.
Паседжанне журы доўжылася амаль паўдня – творчыя здабыткі намінантаў абмяркоўваліся надзвычай грунтоўна.
Улічвалася ўсё: як прадстаўленыя выданні адпавядаюць сутнасці намінацый, якія навацыі былі выкарастаны пры афармленні і выданні кніжных навінак, наколькі гарманічна спалучыліся ўсе элементы афармлення.
Кнігі навуковыя і мастацкія, гістарычныя і пра сучаснасць, вузкаспецыяльная і дзіцячая літаратура – такі шырокі дыяпазон ахоплівае сучаснае беларускае кнігавыданне. Пра гэта сведчаць і намінацыі конкурсу: «Літ-фармат», «Эўрыка», «Падручнік новага стагоддзя», «Духоўнасць», «Разам з кнігай мы расцём».
Старшыня журы, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, падсумоўваючы вынікі конкурсу, падкрэсліў ўнікальнасць многіх выданняў, створаных на аснове высокай паліграфіі, і іх значнасць для нацыянальнай культуры.
Гэта сведчыць пра сур’ёзны ўзровень беларускай школы дызайну і кніжнага афармлення. Нездарма кожны год на нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” вызначаюцца лепшыя дызайнер і ілюстратар. Імёны пераможцаў гэтага года членам журы ўжо таксама вядомыя.
У свеце сучасных інфармацыйных тэхналогій, калі ўсё большы ўплыў набывае інтэрнэт, чытача можа зацікавіць толькі сапраўды адметная кніга, лічыць член журы конкурсу, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.
І гэта адносіцца не толькі да інтрыгуючага зместу, але і да прывабнага афармлення выданняў. Вялікая ўдача, калі кнігу хочацца і чытаць, і з захапленнем разглядаць. Да таго ж, прыемна адшукаць у кніжнай навінцы нечаканыя ноу-хау. Мастакі, дызайнеры ствараюць не меншы, чым сам пісьменнік, цуд. Яны “ажыўляюць” вобразы герояў, падтрымліваюць сваімі мастацкімі сродкамі палёт творчай фантазіі майстра слова. Усё гэта робіць кнігу надзвычай прыцягальнай. Добрая энергетыка, мудрасць і душэўная цеплыня яе шчырых стваральнікаў адчуваецца на кожнай старонцы.
Хіба можа з такой каштоўнасцю параўнацца інтэрнэт?
Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі” праходзіць з 1960 года. Праводзіцца ён з мэтай далейшага развіцця кніжнага мастацтва, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтва ў краіне.
На конкурс прадстаўляюцца кнігі, выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі ў папярэднім годзе (адносна года правядзення конкурсу).
Пераможцы вылучаюцца ў тэматычных, спецыяльных і персанальных намінацыях. Ім уручаюцца Дыпломы і ганаровыя знакі “Залаты фаліянт”.
Цырымонія ўзнагароджання адбываецца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая праходзіць напачатку лютага кожнага года.

