Новости

Слова жывое – юнае. Больш за 13 тысяч школьнікаў прынялі ўдзел у конкурсе «Жывая класіка»

Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» захапіў вучнёўскую моладзь і стаў самым масавым дзіцячым конкурсам у Беларусі за апошні час.

Больш за 13 тысяч выканаўцаў  самых розных узростаў – ад пачаткоўцаў да выпускнікоў – выказвалі свае ўзнёслыя пачуцці праз вобразы герояў сваіх любімых твораў беларускай класікі.

Творчае спаборніцтва пачалося са школьнага этапу, пераможцы якога праяўлялі сваё выканаўчае майстэрства на ўзроўні раёна. А ў маі падчас абласнога  этапу сталі вядомы імёны тых, хто паедзе ў Полацк, каб здзівіць сваім талентам усю краіну.

Фінальныя выступленні прымеркаваны менавіта да Дня беларускага пісьменства. 1 верасня пераможцы – а іх 34 чалавекі – выступяць у паўфінале. 2 верасня адбудзецца фінал, дзе вырашыцца галоўная інтрыга конкурсу: надзвычай аўтарытэтнае журы вызначыць лепшых з лепшых.

Як вядома, лаўрэатаў «Жывой класікі» чакае галоўны прыз: паездка ў «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр «Зубронак». Лепшы чытальнік атрымае і абяцаную Саюзам пісьменнікаў Беларусі спецыяльную ўзнагароду. Да таго ж, 3 верасня трое пераможцаў выйдуць на галоўную сцэну свята разам з удзельнікамі грандыёзнага праекта СТБ – «Залатая калекцыя беларускай песні». Канал СТБ створыць телевізійную версію праекта, якую пабачыць уся краіна.

Пра важнасць конкурсу і яго грамадскае гучанне гаварылі яго арганізатары падчас прэс-канфэрэнцыі, якая днямі прайшла ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што Сталічнае тэлебачанне надало конкурсу новы медыйны статус. Ён заключаецца не толькі ў тым, што падрыхтаваны інфармацыйныя тэлевізійныя паведамленні, але тое, што сярод арганізатараў Сталічнае тэлебачанне яшчэ вылучае гэты конкурс у фармат новага яго правядзення. Усе яго удзельнікі жадаюць стаць тэлезоркамі чытання.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі гаворыць пра тое, што конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» вяртае  моладзь да вытокаў нацыянальнай літаратуры, узбагачае яе духоўны свет, фарміруе агульную культуру юных беларусаў і адначасова расквечвае літаратуру новымі яскравымі фарбамі, як гэта здольны зрабіць юныя галасы.

Марыя Ліпень


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.