
У Мінску стартаваў рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка»
Рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” быў дадзены старт 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы.
Як паведаміла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, конкурс максімальна ахопіць вучнёўскую моладзь. Гэта будзе займальная падзея, падчас якой юныя аматары мастацкага слова праявяць свае таленты. Фіналісты “Жывой класікі” сваімі выступленнямі ўпрыгожаць Дзень беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў Полацку.
На ўрачыстым адкрыцці конкурсу «Жывая класіка» школьнікі чыталі вершы беларускіх паэтаў.
Арганізатары конкурсу – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменікаў Беларусі, тэлеканал СТБ.
На прэзентацыі праекта, якая адбылася ў Доме прэссы, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах ад імя СПБ звярнулася да юных чытальнікаў:
Дарагі сябар!
Сярод шматлікіх заняткаў ты выбраў самы захапляльны: знаёмства з дзіўным светам літаратуры. Цябе вабяць кніжныя героі, ты разам з імі падарожнічаеш, пераадольваеш перашкоды, радуешся і смуткуеш… і адчуваеш асалоду шчырага і палкага пачуцця – кахання.
Якім жа майстрам быў той пісьменнік, які змог стварыць такі магутны твор, што і праз стагоддзі трывожыць юную трапяткую душу. У гэтым і ёсць галоўная сутнасць айчыннай літаратуры – яна абуджае свядомасць, фарміруе нацынальную годнасць беларусаў.
Радкі любімых з дзяцінства твораў становяцца ў жыцці чалавека спадарожнымі ветразямі. Упэўнены, той верш, які ты будзеш чытаць са сцэны падчас нашага конкурсу, успомніцца яшчэ не раз. Ён надасць табе сілы, будзе компасам – каб з дарогі не збіцца. У гэтым і ёсць вялікая моц жывога слова, да якога сёння прыхільны кожны, хто чытае вечна жывую класіку.
Поспехаў вам, аматары прыгожага слова!
Поспехаў табе, конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”!
Саюз пісьменнікаў Беларусі ўстанавіў спецыяльны прыз, які будзе ўручаны ў фінале ў Полацку.
Крыніцы фота і відыё: Звязда, БЕЛТА

