
Кніжныя сустрэчы ў Мірскім палацы
Як вядома, Мірскі палац быў закладзены князем Ілінічам у пачатку XVI стагоддзя, як абарончае збудаванне. Колькі на сваім вяку зведаў палац падзей, спрычыніўся да якіх людскіх лёсаў – гэта досвед гісторыі. І яна ў сценах старажытнага палаца ствараецца наноў.
У Мірскім палацы прайшоў кніжны фэст, які сабраў пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, кнігагандляроў з тым, каб агледзець падмурак беларускай дзяржаўнасці. Менавіта так можна сказаць пра гістарычна-краязнаўчую літаратуру, якой апошнім часам надаецца надзвычай вялікая ўвага. Абачлівае стаўленне да мінуўшчыны прасвятляе вельмі многае ў сучасным жыцці, уплывае на фарміраванне нацыянальнай свядомасці і годнасці беларусаў. Пошук рупліўцаў-даследчыкаў прыносіць свой плён, і паліцы кнігарань, бібліятэк становяцца ўсё больш ёмістымі і змястоўнымі на разнастайныя выданні. Яны распачынаюць свой аповед ад самых вытокаў: вызначэння значнасці маленькіх кропачак на карце нашай Радзімы – хутароў, вёсачак, да больш значнага пазіцыравання Беларусі – як краіны ў агульным сусвеце. Нашы пісьменнікі-гісторыкі і краязнаўцы расказваюць пра самыя цікавыя з’явы і падзеі, якія адбываліся на Беларусі, знаёмяць з выдатнымі асобамі, часам незаслужана забытымі.
Доказам таму і своеасаблівая пераклічка пісьменнікаў-краязнаўцаў, якія з’ехаліся на сустрэчу ў Мірскім палацы з розных куткоў Беларусі. Кожны з удзельнікаў імправізаванага радзімазнаўчага форуму нёс святло гістарычнага слова, быў непаўторны ў сваіх творчых здабытках.
Дзмітрый і Юрась Санько прадставілі кнігу пра сваё роднае “Слаўнае сяло Азярычына”, што ў Пухавіцкім раёне. Гэта сапраўдны фаліянт, створаны з пільным удакладненнем многіх артэфактаў, звязаных менавіта з гэтым паселішчам, і ў той жа час непарыўна пераплеценых з гісторыяй Беларусі, яе няпростым лёсавызначальным шляхам.
Святлана Кошур – аўтар васьмі краязнаўчых кніг, прысвечаных карэліцкай зямлі. З глыбокім веданнем мясцовага матэрыяла яна зрабіла пазнавальнае падарожжа па адметнасцях тутэйшага краю, захапіла сваёй папулярнай кнігай “Залатая падкова Свіцязі”.
Сяргей Чыгрын нагадаў калегам-краязнаўцам пра традыцыйны Дзень беларускага пісьменства, які сёлета адбудзецца ў Слоніме. Аўтар запрашае на сваекраязнаўчыя сцяжыны. Нядаўна ў Гародні ў папулярным выдавецтве “ЮрСаПрынт” сумесна з Мінскім “Кнігазборам” выйшла кніга Сяргея Чыгрына “Гістарычная мазаіка Слонімшчыны. Літаратурная Слонімшчына”.
Уладзімір Ліхадзедаў на пляцоўцы Мірскага палаца прадставіў свой творчы праект “У пошуках страчанага”, які “выйшаў у свет” з газетнай рубрыкі і ўжо на працягу пятнаццаці гадоў набывае ўсё большы розгалас, як у нашай краіне, так і за мяжой.
Арыгінальнае знаёмствам з Францыскам Скарынам наладзіла Інэса Плескачэўская. Яе кніга “Прагулкі з Францыскам Скарынам” – гэта падарожжа па месцах у Еўропе, дзе аставіў свой знакавы след наш знакаміты зямляк.
Алена Стэльмах і Уладзіслаў Цыдзік таксама палічылі за гонар ў Мірскім палацы распавядаць пра свой культурна-пазнавальны праект “Бачу Беларусь такой”.
Кожны ўдзельнік мірскай кніжнай сустрэчы гаварыў пра тое, чым займаецца з вялікай любоўю, шчыра, ад душы. Гэта датычыцьУладзіміра Ягорычава, пісьменніка-публіцыста, кандыдата гістарычных навук; Леаніда Несцярчука, асабліва заклапочанага тэмай “Аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”, Сяргея Холева, які прэзентаваў сваю кнігу “Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу”, а таксама вялікую цікавасць выклікалі выступленні –прадстаўленні сваіх выданняў Аляксандра Плавінскага, Пятра Сямінскага.
Аздобілі кразнаўчы форум выступленні паэтаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланы Быкавай, Уладзіміра Цануніна, Таццяны Цвірка, Таццяны Дашкевіч. Гучалі песні, і ў іх таксама ўхвалялася радзіма – усім нам любая Беларусь.

