Встречи

Лепшая даніна Песняру – пашырэнне ўжывання роднай мовы

Не толькі Беларусь, натхнёная творамі Я. Коласа, адзначала яго 135-годдзе. Імя знакамітага творцы гучала ва ўсім свеце, творы класіка беларускай літаратуры знайшлі ўдзячнага чытача ў розных краінах. Аб гэтым сведчылі і госці, якія ў юбілейныя дні прыбылі ў Беларусь з Расіі, Украіны, Літвы.

Галоўная ўрачысць адбылася ў Белдзяржфілармоніі 3 лістапада: канцэрт з удзелам творчай інтэлегенцыі, духавенства, моладзі, землякоў са Стаўбцоўскага краю.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар агучыў прывітанне ўдзельнікам урачыстасцей ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
«Адзін з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтар знакамітых паэтычных шэдэўраў, ён стаў сапраўдным народным Песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова адлюстраваў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і лепшыя рысы характару беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы».

З выступлення першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах:

«Адчуваеце, як у вышыні трапешчыцца жаўрук, спявае гімн маладой вясне. І сонейка яму ўсміхаецца. І хмарка белая, што побач праплывае, падміргвае. І ўсю сваю радасць нябесную яны спасылаюць на зямлю.
Блішчаць карычневыя скібы-сяброўкі, лоўка пакладзеныя адна на адну. Свежая ралля, узнятая магутным Аратым, дыхае. Яна – цёплая, жывая. І далёка расцілаецца поле. І не відаць яго межаў. Гэта зямля – новая. Яна чакае свайго сейбіта. І прыйдзе Колас –

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.

Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?
Ці ж нам сілы бог не даў?
Ці ж над родным нашым краем
Промень волі не блішчаў?

Выйдзем разам да работы,
Дружна станем, як сцяна,
I прачнецца ад дрымоты
З намі наша старана!

І прарастуць на Новай зямлі парасткі нацыянальнай свядомасці, годнасці беларусаў. Усё тое, пра што спрадвечна марыў просты люд, стане явай. І будзе Беларусь, бласлаўлёная Песняром, ісці сваім незалежным шляхам. Ён словам ствараў Беларусь і зараз словам яе ўмацоўвае. І любім мы родны кут таксама і яго – коласавай любоўю.

І праз 135 гадоў будзе на новай зямлі стаяць Колас. Ніякія буры яго не расшкамутаюць, ніякія вятры яго не схіляць. Бо ён – Колас. Ён такі ж магутны і велічны, як і наша родная Беларусь. Няхай Ён і надалей каласіцца на ніве нашай беларускай літаратуры і ўзбагачае нашы душы».


Пасля канцэрта адбылося ўскладанні кветак да помніка Якуба Коласу – знакавага месца ў беларускай сталіцы. У падножжа скульптуры з ружамі, гваздзікамі і хрызантэмамі сабралася шмат прыхільнікаў коласавай творчасці.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў суправаджэнні роты ганаровай варты да манумента Коласа былі паднесеныя кветкі ад Прэзідэнта.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.