Встречи

Падведзены вынікі конкурсу «Радзіма мая дарагая»: 100 прызнанняў у любові

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі падведзены вынікі конкурсу “Радзіма мая дарагая”, прысвечанага 100 гадоваму юбілею Алеся Бачылы

…І малым ручайком уліваюся

Па глыбокаму пераканню журы, узначальвала якое старшыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі Святлана Быкава, кожны, хто прысвяціў Радзіме свае пранікнёныя радкі, варты ўдзячных слоў. Аўтары з розных куткоў Беларусі, з Расіі, Прыбалтыкі – усе разам памножылі любоў да самага запаветнага – нашай роднай зямлі, Бацькаўшчыны, да матчынай мовы. Творы, згодна ўмовам конкурсу, прымаліся новыя, раней нідзе не друкаваныя. Яны ствараліся аўтарамі абсалютна рознымі па-зместу, па-гучанню. Сталі і рознымі па іх успрыманню. Журы перапаўнялі эмоцыі: як з лепшых выбраць самыя лепшыя?

Удзельнікамі конкурсу сталі, як маладыя аматары прыгожага пісьменства, так і людзі больш сталага ўзросту; пісьменнікі, якія ўдала валодаюць мастацкім словам. Таксама далучыліся пачаткоўцы з першай пробай пяра.

Але ўсіх іх яднала з Алесем Бачылам – вялікая любоў да Радзімы. Пра гэты душэўны парыў вельмі трапна сказаў у свой час закаміты паэт: “І малым ручайком веснавым уліваюся// У твае чыстыя воды, радзіма мая”.

Увойдзе – вясновы, лірычны…

Варта нагадаць тую мінулагоднюю сустрэчу, калі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі з’явілася невялікая дэлегацыя. Няўпэўненыя паводзіны выдавалі наведвальнікаў – яны тут упершыню. У той жа час было відавочна: нейкая важная мэта, пераадольваючы няёмкасць, рухае іх наперад.

Пазнаёміліся. У хуткім часе ўжо ішла гарачая гамонка. Так усіх нас узрушыў Алесь Бачыла, з нагоды святкавання 100 гадовага юбілею якога, як раз і завіталі ў СПБ яго землякі, ураджэнцы вёскі Лешніца Пухавіцкага раёна – Віктар Азаронак, Таццяна Асташонак, Валянціна Ладуцька.

Яны, лешніцкія, распавялі шмат цікавага пра свайго выбітнага земляка. Не пераставалі дзівіцца таму, як ён умеў у сціплых, на першы погляд, краявідах, разгледзець незямную прыгажосць. Нагадалі шчырыя радкі паэта: 

Дзе ж яшчэ ёсць такая на свеце, як ты?
Над якою зямлёй ідучы,
Так праменіцца сонца святлом дабраты,
Шчыра так “калі ласка” гучыць?

Лілія Мялешка з Клецка крыху пазней, прымаючы ўдзел у літаратурным саперніцтве, напіша:

Бачылу 100 год. Хто б у гэта паверыў?
Няўжо ж гэты факт – гістарычны?
Здаецца, вось зараз адчыняцца дзверы,
І ўвойдзе – вясновы, лірычны…

Тады ў СПБ вырашылі: і літаратурны конкурс у гонар паэта правядзём, і ўлетку ўзварушым Лешніцу вясёлым настроем – збярэцца вёска на свята, пакліча гасцей. І будуць лунаць на роднымі прасторамі словы, зберажоныя ў сэрцах усіх беларусаў – “Радзіма мая дарагая”.

Дарэчы, калі на Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы, падводзіліся вынікі конкурсу, дэлегацыя землякоў Алеся Бачылы прыбыла туды ў куды больш пашыраным складзе. Усім хацелася спрычыніца да слаўнага юбілею паэта, каб яшчэ прагней наталіцца Радзімай з жывой крыніцы роднага слова. Дзякуючы ўдзельнікам конкурсу, паэтычна-песенная крыніца забурліла, завіравала таленавітым шматгалоссем.

Унук паэта Артур Бачыла, выказаў шчырую ўдзячнасць за захаванне памяці аб яго любым дзядулі, які пакінуў для ўсіх найлепшую спадчыну – палічку адметных твораў.


Дзе жывуць успаміны і пахне дзяцінствам

Ва ўнісон таму і эсэ-ліст да Радзімы “Светлавокая мая, светласэрцая…” пераможцы конкурсу ў намінацыі “Проза” Таццяны Цвірка з Клецка:

Радзіма мая дарагая! Няпроста прызнавацца ў сваіх пачуццях…Няпроста выказаць тое, што набалела, што прытаілася ў глыбіні душы і важкім камнем, і блакітнаю валошкаю… Табе зараз цяжка. Жорсткія законы рыначнай эканомікі, крызісныя з’явы, палітычныя складанасці не даюць упэўнена стаць на ногі. Цяжка і мне. І твой боль – мой боль, мая бела-русая зямля!

Дазволь прызнацца, як моцна я цябе люблю! Я сумую па табе. З далёкай далечы лёгкакрылай аблачынкай памяці трапляю туды, дзе назаўсёды пакінула незабыўныя малюнкі шчасця, дзе жывуць успаміны і пахне дзяцінствам…

У многіх творах аўтары вяртаюцца менавіта да першых сваіх сцяжынак. Тут пад матчыны песні-калыханкі рассцілаўся вялікі свет жыццёвых даляглядаў…

Пабываем і мы на малой радзіме Валянціны Скваркоўкай, якія зараз жыве ў Крупках:

Узгадваю сваё дзяцінства …. Вёска Сяліба Бярэзінскага раёна. Рака Бяроза-калыска майго маленства. Яно было шчаслівае, хоць часам і нялёгкае. Усплываюць яркія малюнкі: дні народзінаў, дзяржаўныя і рэлігійныя святы, якія мы, малыя, вельмі жаданыя. У святочныя дні чакалі падарункаў. Часцей за ўсё гэта былі дзіцячыя кніжкі. Асабліва мне падабаліся беларускамоўныя, бо роднае слова мела асаблівы смак…

Па творах уздельнікаў нашага літаратурнага конкурсу можна вывучаць не толькі геаграфію Беларусі. Іх трапныя паэтычныя вобразы ў вызначэнні адметных мясцін, безумоўна, прывабяць туды падарожнікаў.

Скажам, як не пабываць у Брэсце? Пра слынны горад і яго тысячагадовую гісторыю захапляльна распавядае Зінаіда Дудзюк. Галіна Гаргун упэўнена:“Лунінец будзе жыць і квітнець!”. Добруш для Ніны Шкляравай – “дабрадзей добразычлівы”. Валянціне Марчанка Краснаполле “пахне мятай, рамонкамі, жытам…” А для яе зямляка Дзяніса Кустава яго дарагое Краснаполле – як подых вясны. Любоў Арлова з Петрыкава ўхваляе мілае Палессе. Пра жамчужыну сваёй зямлі – Ружанскі велічны палац – распавядае Святлана Кудлач з Пружан. Старажытныя храмы Гародні палоняць сэрца Міхаіла Калачыка з Гродна. І як не далучыцца да Алы Івановай з Наваполацка, для якой самыя шчаслівыя гадзіны – “калі спяваюць салаўі на Беларусі”.


 Да роднай сцяжыны душой прыпаду

Сярод аўтараў ёсць шмат нашых прыхільнікаў, каго вабіць Беларусь здалёк. Прыемна, што да конкурсу далучыліся замежнікі, а таксама тыя суайчыннікі, якія пабываўшы па-за межамі Беларусі, сталі яшчэ больш чуллівымі да сваіх бацькавін.

Так з Даўгаўпілскага цэнтра беларускай культуры наш зямляк Станіслаў Валодзька, аўтар шматкіх песен, прысвечаных сваёй роднай краіне, дасылае чарговае шчырае прывітанне:

Беларусь святая,
Зноўку нас вітаеш
Родных хат дымамі,
Крыламі буслоў,
І ў маленства наша
Зноўку нас вяртаеш,
Клічаш на спатканне
З першаю вясной”.

Васільковая Айчына, табе шчыры мой паклон,” – такі красамоўны мінчук Фёдар Баравы.

А вось задуменна-журботныя радкі таксама мінчука Уладзіміра Ашуркі наводзяць на вялікі роздум пра галоўныя каштоўнасці ў жыцці кожнага з нас:

Памяць вяртае туды, куды немагчыма вярнуцца…Нібыта ў полі кветка без паху, нібы дрэва без лісця, стаю перад домам свайго дзяцінства. Дом, мілы дом, пасля столькі гадоў падарожжаў я зноў прыйшоў сюды.

Нібы кропля ў рацэ, што бяжыць невядома куды, да самага сіняга мора, – што я знайшоў у сваіх падарожжах? Толькі вецер, толькі хмары…

Ціхая журба, журба без канца і пачатку, ціхая і лёгкая, як песня жаўрука ў вясновым небе…

Мілая, мілая Беларусь! Я зноў тут, нараджаюся кветкай, расту каласамі ў полі, паміраю апошнім промнем. І жыву, як плынная рака.

Я зноўку тут. Я знайшоў маё сэрца, мой прытулак у глыбіні сусвету, маю святую зямлю, напоеную любоўю, сардэчнасцю і прастатой, і імкненнем да зорак”.

У непарушнай адданасці роднай зямлі спяшаецца запэўніць з далёкага Екацерынбурга Уладзімір Лобач:

Не хапае мне ўдыху грудзямі,
Поўніцца сэрца ад вершаў —
Аб Радзіме чытаю, аб маме
На Уральскіх гарах я не першы.

Удыхаю і бэз, і рабіну.
Закладае напружанне вушы —
І навошта цябе я пакінуў,
Адарваўся ад бацькавай пушчы?

Мінчанка Вольга Сакалова таксама не хавае сваіх высакародных пачуццяў, бы спавядаецца перад родным краем:

Я здалёку вярнуся,
Прад табою, мой край,
Я ў паклоне схілюся,
Ты пазнай, не карай…

І не гронкай каліны,
І не кропляй дажджу,
А да роднай сцяжыны
Я душой прыпаду”.

Тамара Кавальчук з Асіповіч наогул катэгарычная ў сваіх жыццёвых прыярытэтах. Але ці толькі яна – адналюбка?

Прыгожых абшараў другіх мне не трэба:
Люблю Беларусь я, квітнеючы май
Ды матчыны рукі, смак пышнага хлеба…
Люблю беларускі, адзіны мой край!


“… А Радзіму купіць не магчыма

Нельга не пагадзіцца і з Віктарам Сабалеўскім з Узды. Як трапна ён прыкмеціў:

На кірмашы жыццё вірам кіпіць,
Не акінуць тавараў вачыма.
На кірмашы ўсё можна купіць.
А Радзіму купіць немагчыма”.

Сваім пафасна-філасофскім настроем дзеліцца і Элеанора Бярноўская з Мінска:

Усе мы любім нашу Радзіму – Беларусь, працавалі, і зараз шчыруем дзеля яе дабрабыту, ганарымся яе гісторыяй, культурай, асаблівым і мудрым стаўленнем да людзей.  Ёсць яшчэ нешта асаблівае, прыцягальнае – пачуццё, якое словамі не выказаць. Гэта можна толькі адчуваць, калі гуляеш па любімых месцах Мінска, наталяешся яго прыгажосцю, радуешся яго непаўторнай абаяльнасці, якую можа мець толькі беларуская сталіца”.


Як вядома, галоўны прыз конкурсу – веласіпед ААТ “Мотавелазавод” – атрымаў мінчук Дзмітрый Юртаеў. Падарунак уручыў пераможцу генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Ладуцька. Чым адметны твор, прызнаны лепшым?

Калі мы гаворым пра Радзіму, абавязкова звяртаемся да тэмы, якая трывожнай памяццю і сёння жыве ў сэрцах беларусаў – тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Радзіма – яе трагічныя падзеі, лёсы тых, хто загінуў за яе незалежнасць… Падзеі мінулай вайны рэхам адгукаюцца і на старонках конкурсных работ. Верш Дзмітрыя Юртаева мае назву“Абеліск”. Аўтар упэўнены: ніколі не згасне Вечны агонь Перамогі!

І так сапраўды будзе заўжды! Удзячныя нашчадкі Вялікай Перамогі будуць берагчы мужную матухну-Радзіму, абараняць яе мірнае неба, памнажаць найлепшыя традыцыі сваіх продкаў.

Вось з якой Беларуссю звязвае сваю будучыню Людміла Кебіч з Гродна:

Беларусь – краіна для жыцця,
Для вялікіх планаў і здзяйсненняў,
Ёсць умовы тут для развіцця
Самых смелых думак і памкненняў.

Такой Радзіма дарагая бачыцца і ўсім нам – святой, светлай, шчаслівай.

Алена Стэльмах,
першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, арганізатар конкурсу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.