Встречи,  Мир писателя

Сугучча галасоў у вобразе Радзімы

“Бачу Беларусь такой” – творчы праект Алены Стэльмах і  Уладзіслава Цыдзіка, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, знайшоў розгалас як у нашай краіне, так і за мяжой. Прэзентацыі  фотаальбома ў спалучэнні з аднаіменнай фотавыставай адбыліся ў розных бібліятэках Беларусі – Нацыянальнай, Прэзідэнцкай, у штаб-кватэры СНД у Мінску, у касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску.

Фотаальбом “Бачу Беларусь такой” аўтары нядаўна прадстаўлялі ў Казахстане і Дагестане. Між іншым, спартсмены і госці II Еўрапейскіх гульняў таксама змогуць пабачыць непаўторныя відарысы Беларусі з падачы Уладзіслава Цыдзіка. Яго фотаработамі ўпрыгожаны галерэі галоўнай пляцоўкі міжнароднага спартыўнага форуму – мінскага стадыёна “Дынама”.

Днямі адбылася яшчэ адна знакавая падзея, якую творцы прысвячаюць роднаму краю, любай зямлі. А калі дакладней, да ініцыятывы пісьменніка і фотамайстра выказаць сваё бачанне Айчыны далучылася Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска. А гэта 18 устаноў культуры, дзе юным беларусам з дзяцінства прывіваюць як цікавасць да кнігі, чытання, так і выхоўваюць любоў да Радзімы, павагу да бацькоў, гонар за свае карані.

– Пачатак вялікай творчай плыні дала ў лютым гэтага года Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, падчас якой ва усіх дзіцячых бібліятэках  Мінска адкрыліся кніжныя экспазіцыі, дзе знайшлі адлюстраванне самыя розныя погляды на беларускую культуру, яе традыцыі, – расказвае дырэктар ЦСДБ Таццяна Швед. – Мае калегі-бібліятэкары прадставілі не толькі кніжныя выданні, прысвечаныя Беларусі, але і пастараліся ўпрыгожыць іх нацыянальнымі сімваламі, вырабамі прыкладнога мастацтва. У выніку ў бібліятэчных залах атрымаліся вельмі прыгожыя, прывабныя куточкі, дзе з вялікай ахвотай і цікавасцю затрымліваюцца чытачы.

Аўтары праекта “Бачу Беларусь такой”, усхваляваныя такой актыўнай падтрымкай іх творчага накірунку, прапанавалі калегам-бібліятэкарам прадоўжыць супрацоўніцтва.

На гэты раз узнікла ідэя правядзення конкурсу ўсё пад той жа назвай – “Бачу Беларусь такой”. Такім чынам, з’явілася Палажэнне з умовамі конкурсу, і, зразумела, з абяцаннем арганізатарамі ўзнагарод . І цяпер ужо абудзіліся чытачы. Дзецям было прапанавана праявіць сваю творчасць у чатырох намінацыях: “Паэзія”, “Проза”, “Фотаздымак”, “Малюнак”.

– Нас вельмі кранулі работы канкурсантаў, – заўважае Уладзіслаў Цыдзік. – Я, безумоўна, у першую чаргу звярнуў увагу на фотаздымкі: сонечна-зорныя, цёпла-праменныя, шчымліва-трапяткія. У кожнага з нас сваё пачуццё радзімы, і тым яно каштоўнае. Асабліва кранае, калі сваю прыхільнасць да родных крыніц выказваюць нашы дзеці. Многія работы здзіўляюць: як юным позіркам яны бачаць Беларусь велічную і ўмеюць сваім дапытлівым вокам разгледзець яе да таемных дробязей.

З задавальненнем называю імёны пераможцаў. Гэта Ксенія Глебава, вучаніца СШ №186 г. Мінска. Яна назвала сваю фотаработу “Усмешка вялікага горада”. Сафія Шчарбачэня,  вучаніца СШ №186 г. Мінска вызначылася з тэмай у пэўнай ступені філасофскай – “Супакаенне”. Ангеліна Ласоцкая, вучаніца СШ №186 г. Мінска запрашае ў “Райскі куточак”.

– Паэзія і проза юных канкурсантаў – гэта таксама тое, што дапамагае стварыць багаты вобраз роднай краіны. Праз мастацкае слова дзеці выказваюць свае самыя лепшыя пачуцці да таго месца, дзе нарадзіліся, да сваёй матулі, да першых жыццёвых урокаў. Мяне цешыць непасрэднасць, з якой яны гавораць пра разуменне чалавечых каштоўнасцяў – у далейшым стрыжаню асобы, – так ацэньвае вынікі конкурсу Алена Стэльмах. – Пераможцам варта паставіць «дзесяткі», ды яшчэ і з плюсам!

У гэтых намінацыях журы адначыла работы Юліі Кугаевай, вучаніцы СШ №207 г. Мінска, Лізаветы Іванчык, вучаніцы СШ №204 г. Мінска,  Надзеі Расоўскай, вучаніцы СШ №56 г. Мінска, Вікторыі Салановіч, вучаніцы СШ №67 г. Мінска, Ігара Жыгалковіча, вучня гімназіі №1 г. Мінска.

І на малюнках юных мастакоў Беларусь – гераічная. Пацверджаннем таму  работа Крысціны Адушкінай, вучаніцы СШ № 200 г. Мінска – “Салют Перамогі». «Беларусь – векапомная» — такі незабыўны вобраз нашай краіны стварыла Соф’я Кляцкова, вучаніца СШ №138 г. Мінска. Беларусь – краіна, дзе збываюцца мары і надзеі. Гэта відавочна з малюнка Настассі Цімашэнка, вучаніцы СШ №54 г. Мінска.

Акрамя таго, асобныя падзякі ад арганізатараў конкурсу атрымалі Кацярына Смуціна, вучаніца СШ №186 г. Мінска, 3 “Б” клас СШ №144 г. Мінска, дзіцячая бібліятэка імя  В.Віткі, дзіцячыя бібліятэкі №10 і №15, цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.Астроўскага.

Дзея ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў мемарыяльнай зале Дома літаратара. Дзеці, іх бацькі, арганізатары конкурсу з боку цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска і Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкары, ганаровыя госці свята – пісьменнікі Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч – усе былі радасна ўсхваляваныя магчымасцю яшчэ раз уславіць нашу Радзіму, пераканацца, наколькі юныя беларусы прыхільныя да яе.

Вельмі важныя словы сказаў Мікола Мятліцкі:

– Побач – Плошча Перамогі, дзе гарыць Вечны агонь у памяць аб мінулай вайне. Мы з вамі зараз – у мемарыяльнай зале, дзе размешчаны партрэты пісьменнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Такой горкай была часіна ў нашай Радзімы. Радасна, што зараз мы жывём у міры і маем магчымасць наталяцца роднай Беларуссю, падводзіць вынікі вось такога глыбакадумнага конкурсу.

Кожны бачыць Беларусь па-свойму. І для ўсіх нас яна – адна!

Марыя Ліпень

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.