Творчество друзей

Алесь Карлюкевіч. «Братэрства» — стасункі літаратуры Беларусі з мастацкім словам іншых краін

Нядаўна ў размове са старшынёй «Клуба пісьменнікаў Каўказа» Саліхам Гуртуевым пачула яго вялікае шкадаванне пра страчаную цесную сувязь пісьменнікаў, якая ў савецкі час была гонарам для творцаў многіх краін. Саліх Гуртуеў успомніў не толькі пра літаратурныя стасункі вядомых аўтараў Чынгіза Айтматава, Кайсына Куліева з Аркадзем Куляшовым, Васілём Быкавым, але і рассказаў пра шчырае сяброўства людзей, якія, скарыстоўваючы моц мастацкага слова, спрыялі такім жа добразычлівым адносінам і паміж народамі.
Мне было прыемна сказаць калегу з Каўказа пра тое, што і сёння ў Беларусі прыкладаецца шмат намаганняў, каб аднавіць узаемадзеянне літаратур, знайсці ў свеце гэткіх жа аднадумцаў, хто высока нясе вартасць мастацкага слова.
Пісьменнік і журналіст Алесь Карлюкевіч на працягу ўжо многіх гадоў рупіцца за вось такі стваральны міжнародны кантэнт, плён якога ператвараецца ў сустрэчы пісьменнікаў пад час знакавых культурных падзей Беларусі — Дня беларускага пісьменства, Мінскіх міжнародных кніжных выставак-ярмарак. І яшчэ не менш важны вынік так званай «пераклічкі літаратараў» — ажыццяўленне сумесных літаратурных праектаў. Яны садзейнічаюць далейшаму руху наперад у пазнанні праз сродкі літаратуры нацыянальных асаблівасцей народаў, іх большага разумення адзін аднаго.
Кнігай-падзеяй такога кшалту стала выданне «Выдавецкім домам «Звязда» зборніка пад назвай «Братэрства». У ім — шматлікія артыкулы, гутаркі розных гадоў . Пад час розных сустрэч Алесь Карлюкевіч з вуснаў кампетэнтных субяседнікаў дазнаваўся пра стасункі літаратуры Беларусі з мастацкім словам іншых краін.
Першапачаткова аўтар робіць рэтраспектыўны пагляд ажно… на пяць стагоддзяў назад, у пачатак ХYI стагоддзя, калі заявіў аб сабе выбітны беларус — першадрукар Францыск Скарына. За апошнія дзесягоддзі скарыназнаўства (цяпер гэты накірунак называюць цэлай навукай) набыло самыя шырокія абсягі. Сведчаннем таму і пераклад прадмовы Францыска Скарыны да яго кнігі «Юдзіф» на 64 мовы свету. Аб’яднаныя пад адной вокладкай мовы розных народаў захоўваюць сэнс адной і той жа агульначалавечай мудрасці, якую занатаваў у глыбіні стагоддзяў Францыск Скарыны: звяры ад нараджэння ў пушчах ведаюць свае сховы, птушкі помняць свае гнёзды, рыбы чуюць свае віры, пчолы бароняць свае вуллі, так і чалавек да сваёй Радзімы вялікую ласку мае.
Алесь Карлюкевіч нагадвае аб узнікненні такой арыгінальнай ідэі — прысвячэння кнігі ўсяго толькі аднаму твору, і аб іншых спробах шматнацынальнага гучання праграмных твораў. Такіх, як напрыклад, верш беларускага класіка Янкі Купалы «А хто там ідзе?», або верш туркменскага класіка Махтумкулі «Лёс туркмена». Каб зрабіць пераклад, зразумела, патрэбна было знайсці агульную мову з носьбітамі іншых моў — прадстаўнікамі розных краін. Алесь Карлюкевіч дзеліцца ўспамінамі пра такія спрыяльныя сустрэчы, знаёміць з многімі чуйнымі творцамі, якія спрычыніліся да перакладаў. Ён не раз звяртаецца да тэмы перакладаў, як магчымасці “нагадаць свету, што мы ёсць, што мы нечага вартыя, што наша мастацкае слова можа быць роўным у стасунках з іншымі нацыянальнымі культурамі”.
Вось такі выдатны пачатак кнігі Алеся Карлюкевіча «Братэрства». А за ім — новыя старонкі пазнання беларускага кнігазнаўства, беларускага бібліяфільства. У прыватнасці, гаворка ідзе пра выдадзеную ў Маскве энцыклапедыю «Іван Фёдараў і яго эпоха». Фаліянт аб’ёмам у 912 старонак стварыў Яўген Львовіч Неміроўскі.
-Яго ўнікальны ўнёсак у славянскае, сусветнае кнігазнаўства іначай як подзвігам даследчыка і не назавеш, — захапляецца аўтарам і яго энцыклапедычным даследваннем Алесь Карлюкевіч.
Хаця ў пэўнай ступені заслугоўвае і сам аўтар “Братэрства”слоў прызнання за свой унёсак у адраджэнне літаратурнай памяці, свой цвёрда пратаптаны шлях у беларускім літаратуразнаўстве і ў яго повязі з міжнародным супольніцтвам.
Алесь Карлюкевіч робіць нечаканыя “дадаткі” да імён розных вядомых людзей, лёс якіх тым або іншым чынам звёў з Беларуссю. І яны аставілі ў гэтых зносінах менавіта літаратурны след.
Або аўтар мае прыхільтнасць да тых месцаў ў Беларусі, якія праславілі іх знакамітыя ўраджэнцы. Разам з добрым знаўцай шматлікіх літаратурных акалічнасцей Алесем Карлюкевічам цікава адправіцца ў падарожжа, напрыклад, у Антопаль, мястэчка са сваёй літаратурна-мастацкай гісторыяй. Або хіба не інтрыгуе такі загаловак: “Рудзенск зрабіў мяне пісьменнікам…” І хіба не прываблівае шматабяцальнае: “Лейтэнант Загорын – палкоўнік з беларускіх Васілевіч”…
Аўтар многіх спавядальных радкоў прызнаецца:
-Мяне заўсёды радавалі новыя журналісцкія сустрэчы.
Дзякуючы чаму ён меў магчымасць адкрыцця для сябе, і чытача таксама, незвычайных людзей – Васіля Субоціна, Васіля Гросмана, Іллі Эрэнбурга, Дзмітрыя Стонава, Паўла Бажова…
Усё гэтыя новыя літаратурныя факты Алесь Карлюкевіч выкладае ў праламленні з нацыянальнымі літаратурамі постсавецкай прасторы. Ён шукае беларускія адрасы па ўсёй шматнацыянальнай Расіі — у Бураціі, Калмыкіі, Чачні, Удмурціі… І знаходзіць не толькі адрасы, але і тых, хто з задавальненнем ідзе на творчы кантакт. Многія з літаратараў гатовы аднаўляць “разведзеныя” паміж народамі масты, весці літаратурную дыпламатыю. У даследчыка выпрацавана такая ж трывалая зваротная сувязь і з прадстаўнікамі літаратурных колаў Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Літвы, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны.
Прасцягі кнігі “Братэрства” – гэта і Аўстралія, Балгарыя, Вьетнам, Кітай, Польшча, Чарнагорыя. І тут беларускія матывы сугучны думкам вядомых у свеце літаратараў. Так шукаецца і знаходзіцца апірышча ў асяродку іншамоўных культур.
-Давайце адкінем у бок размовы пра парушаныя связі, — прапануе Алесь Карлюкевіч, спрактываны ў тэме братэрства пісьменнік.
Сучасны вопыт літаратурнага сяброўства, а яго падмацоўваюць інтэрнэт-прастора, выключныя магчымасці імгненных электронных сродкаў, сведчаць пра новыя рэаліі ў развіцці літаратур, а значыць, даюць магчымасць і спадзявацца на лепшае паразуменне паміж блізкімі і далёкімі суседзямі.
-Дарогі варта выбудоўваць у розных накірунках, — упэўнены аўтар кнігі “Братэрства”Алесь Карлюкевіч.
Адзін з гэтых накірункаў, перакананы даследчык, звязаны з асваеннем сусветнай мастацкай прасторы.
Кніга “Братэрства” — аповед пра шэсце беларускай літаратуры ў свеце, выклікае безумоўную цікавасць у кожнага чытача. Яна пашырае далягляд не толькі пра літаратурныя здабыткі, але і дазваляе глыбей пазнаёміцца з вытокамі іх стварэння. І да таго ж “Братэрства” раўназначна сяброўству. Ім – цёплым, шчырым — напоўнены старонкі выдання. Добра пачынаць чытаць такія кніжкі са школы…
Алена Стэльмах

 Алесь Карлюкевич "Братэрства"

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.