Светач, якому не згаснуць
Імя слыннага дзеяча беларускага адраджэння Каруся Каганца чырвоным радком упісана ў гісторыю нацыянальнай культуры, багатую духоўную спадчыну беларусаў.
У 2012 годзе споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння вядомага земляка, чалавека няпростага лёсу, перажыўшага шмат выпрабаванняў на мяжы двух стагоддзяў, і захаваўшага гонар сапраўднага беларуса.
З Койданаўшчынай (Дзяржыншчынай) звязаны значны адрэзак жыцця Каруся Каганца. Ва ўрочышчы Лісія Норы была яго сядзіба, якая, нягледзячы на шляхецкае паходжанне гаспадара, знешне нічым не адрознівалася ад сялянскіх двароў. Ужо ў свядомым узросце, гаворачы пра сялянства, Карусь Каганец прызнаваўся: “ … разам пасвіў, разам гуляў, разам працаваў і цяпер маю між імі сваякоў”. Непасрэдная блізкасць да народа, веданне яго жыцця і мараў пра лепшую долю прарасло зернем ва няўрымслівай душы змагара.
Тутэйшыя мясціны аказалі значны ўплыў на яго разнастайную творчасць. У паэзіі, прозе, лістах пісьменнік не раз спасылаецца на вёску Навасады, што знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Лісіх Нораў, дзе таксама жылі сваякі жонкі Ганны Пракаповіч. Тут ён меў сяброўства з мясцовымі жыхарамі, вёў з імі гутаркі на рэвалюцыйныя тэмы. У гэтым асяродку ў яго самога расла свядомасць таго, “ці павінна так быць, як цяпер ёсць”, у яго дзейнасці пачалі гучаць нацыянальна-вызваленчыя матывы, выточваўся жыццёвы стрыжань: “Беларусь трэба падымаць!”
Вёска вабіла Каруся Каганца сваёй духоўнасцю, скарбамі народнай мудрасці. Ёсць падставы сцвярджаць , што ён, як вучоны-мовазнаўца, у пэўнай ступені скарыстоўваў жывую гутарковую мову, якую чуў у той час ад навасадцаў.
Кранаюць і занатаваныя Каганцом асабістыя ўзнёслыя пачуцці, што авалодвалі ім сярод незвычайна прыгожых навасадскіх краявідаў.
Апошні прытулак Карусь Каганец знайшоў на могілках у Вялікіх Навасёлках. У гэтай вёсцы працяглы час жыў самавіты род Кастравіцкіх.
Літаратурная грамадскасць Беларусі ўшаноўвае памяць пра самабытага Светача свайго народа, які цвёрда вызначыў свой шлях як “радзімаму краю служыць”. Падчас суботніка на магіле Каруся Каганца. Старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч (чацвёрты злева направа) са старшынямі грамадскіх аб’яднанняў Дзяржынскага раёна.
***
26 верасня ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы прайшлі “Койданаўскія чытанні”, дзе гэтак жа голасна, як калісьці Карусь Каганец заклікаў да нацыянальнага адраджэння, удзячныя нашчадкі выказалі словы павагі ў яго гонар, адзначылі цяперашні істотны ўплыў творцы на захаванне лепшых нацыянальных рысаў беларусаў.
Удзельнікамі свята сталі бібліятэкары Дзяржынскага раёна, настаўнікі і вучні, якія цікавяцца краязнаўствам, члены мясцовага літаратурнага аб’яднання “Выток”.