Новости

Беларуска-румынскі літаратурны «круглы стол»: «Слова, якое яднае народы»

Пачатак новаму фармату беларуска-румынскіх літаратурных стасункаў быў пакладзены падчас нядаўняга наведвання паслом Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віарэлам Машану “Выдавецкага дома “Звязда”. На сустрэчы гаварылася пра вялікую дыпламатыю слова. Праз літаратуру чытачы і раней даведваліся пра культуру, звычаі, традыцыі народаў абедзьвух краін. Сучасныя магчымасці даюць падставы наладжваць больш шырокі літаратурны камунікат. А значыць, і спрыяць пашырэнню сяброўскіх беларуска-румынскіх стасункаў. У гэтым упэўнены, як і дырэктар-галоўны рэдактар “Выдавецкага дома”Звязда” Алесь Карлюкевіч, так і спадар Віарэл Машану.

Прыемна тое, што перамовы не замарудзілі перасці ў рэчышча канкрэтных спраў. Днямі пры садзеянні “Выдавецкага дома “Звязда” дзіцячая бібліятэка №10 г. Мінска стала своеасаблівым цэнтрам румынскай культуры і літаратуры. Тут за “круглым сталом” сабраліся тыя, хто ўсім сэрцам зычыць сяброўства паміж дзвюма краінамі: прадстаўнікі пасольства Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь, “Выдавецкага дома”Звязда”, Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, малдаўскай дыяспары ў Рэспубліцы Беларусь, бібліятэкары, школьнікі, краязнаўцы. Невыпадкова за “круглым сталом” гаворка вялася вакол “Слова, якое яднае народы”.

 Беларусь-Румыния

Спадар Віарэл Машану назваў літаратурнае супрацоўнітцтва адным з важнейшых элементаў культуры, а літаратуру – асновай свядомасці народа. Робячы гістарычны экскурс у мінулае, ён падкрэсліў, што ў знакавых этапах развіцця пісьменства нашых краіх многа агульнага. Літаратура паўплывала на нацыянальнае адраджэнне, сварэнне нацый, самавызначэнне народаў. “На мой погляд, — выказаў упэўненасць пасол,— гэтыя факты можна скарыстоўваць, у тым ліку і для таго, каб падняць на новы ўзровень супрацоўніцтва нашых літаратараў. З румынскага боку будзем гэтаму актыўна садзейнічаць”,— запэўніў дыпламат.

 Беларусь-Румыния

“Вельмі сімвалічна, што ў сапраўдным храме кнігі абмяркоўваецца тэма беларуска-румынскага літаратурнага супрацоўніцтва”, — вітаў наладжванне творчых стасункаў Алесь Карлюкевіч.

Літаратуру, культуру ён назваў не менш важнымі складальнікамі, чым палітыку і эканоміку. “Часта адбываецца так, — адзначыў Алесь Карлюкевіч,— што літаратура ішла і ідзе наперадзе ў знаёмстве розных краін, адзін ад аднаго аддаленых народаў. Нараджэнне румынскай літаратуры ў XYI стагоддзі адбылося разам са з’яўленнем пісьменства. Ёсць легенда, што ў Румыніі вучыўся Андрэй Першазванны. Імя гэтага хрысціянскага апостала вядома і на беларускай зямлі, у той прасторы ў якой мы жывём. Нам знаёмы і іншыя легендарныя імёны румынскага слова — Рыгор Урэке, Някулчэ, Дзімітрый Кантэмір.

Дзякуючы рускай мове, у свой час беларускі чытач зведаў прыгажосць мастацкага слова румынскіх аўтараў — Чэзара Пятрэску, Міхайя Эмінэску, Міхаіла Садавяну”.

На думку Алеся Карлюкевіча, сёння, відавочна, настаў час новага прачытання, як румынскай класічнай, так і сучаснай літаратуры. Па тых абсягах, якія прадстаўлены з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама дзіцячай бібліятэкі не так шмат кніг румынскіх аўтараў мае беларускую прапіску. Сённяшняя сустрэча — каб гэтую правіду ў адносінах літаратуры выправіць. Чаму на мове Купалы, Коласа, Багдановіча не можа загучаць паэзія сусветна вядомай паэткі Ганы Бландзіян? Асаблівай увагі патрабуе ў Беларусі і сучасная румынская дзіцячая літаратура.

Магчыма, у гэтым і заключаецца галоўная задача літаратурнай дыпламатыі: ведаць адзін аднаго праз знаёмства з кнігамі, значыць — разумець адзін аднаго.

 Беларусь-Румыния

Свой сюрпрыз для ўдзельнікаў “круглага стала”падрыхтавалі вучні 8”А” класа СШ № 121 г. Мінска. Яны выступілі з літаратурнай кампазіцыяй , створанай па старонках любімых румынскіх дзіцячых кніг. І надалей бібліятэка гатова арганізоўваць разам з пасольствам, румынскімі літаратарамі дзіцячыя конкурсы, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніжных навінак. Словам, расціць юнага чытачага ў лепшых традыцыях патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання. Беларусь-Румыния

Слушную прапанову ўнеслі і самі вучні. Яны хочуць сябраваць са сваімі равеснікамі з такой жа, 121 школы ў Румыніі. Спадар Віарэл Машану паабяцаў наладзіць такі добразычлівы мост сяброўства.

У працэс узаемаабагачэння літаратур маюць намер актыўна ўключыцца і пісьменнікі Міншчыны. Іх новыя творы абяцаюць пашырыць творчыя прасцягі да румынскай гісторыі і сучаснасці.

Прыемным было і тое, што ў бібліятэчнай зале гучала румынская мова. Надя Мошану, Васіль Семянюк, Дзмітрый Ліку чыталі вершы на роднай мове. Важкім аказаўся і ўклад Румынскага пасольства ў капілку бібліятэкі. Перададзены ў дар альбомы, кнігі, якія дазволяць чытачам лепш зразумець культуру Румыніі.

 

 Беларусь-Румыния

Па выніках “круглага стала”падпісана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве: паміж пасольствам Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і дзіцячай бібліятэкай №10 г. Мінска.

 Беларусь-Румыния

Памятнымі засталіся і словы, якія, звяртаючыся да юных чытачоў бібліятэкі, сказаў спадар Віарэл Машану:”Чытайце зараз, бо пазней, калі пачнеце самастойнае жыццё, часу будзе яшчэ менш. Чытайце! Тое, што зараз адкладзецца, – стане пластом культуры, які дапаможа вам вызначыць набор жыццёвых каштоўнасцей”.

Алена Стэльмах

 

.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.