Проекты

Карусь Каганец. Имя земляка в истории белорусской нации

«Быў я ўчора ў Навасад… – так пачынае адзін з лістоў да сваёй любай Ганусі Карусь Каганец і спавядаецца перад ёй: “Але толькі праз ашуканства, а гэта так было: сказалі мне, што Ты маеш быці тамака, ну, я верыў і не верыў, аж убачыў, што паехалі з вакзала толькі дзве панны, і цябе між імі, хоч здалёку, я не прызнаў. Так, нацягаўшыся за цэлы дзень, я прылёг, аж прыязджае наш Ясь, каторы ездзіў у Прылукі, так я яго пытаю, каго ён спаткаў туды едучы, а ён кажа, што панну Ганну. Я-то, скарэй апрануўшыся, у Навасады паджгаў, ажно няма там маёй Ганулі. Такая маркота мяне ўзяла, што цэлую ноч адзін па кутох туляўся, а дадому не мог пайсці: адно – што шапку недзе закінулі. А другое – не распранаўшысь, якась не хацелась, хоч даўней, то заўсёды так рабіў…” kaganezs

фото 040

У другім лісце Каганец прызнаецца: “ У Навасад ад запусак я не быў і не ведаю, што там чуваць”.
Зноў і зноў перачытваю творы знакамітага земляка і кожны раз адчуваю ў іх подых маёй роднай вёскі Навасады. Перад вачыма паўстаюць мясцовыя краявіды, якія былі блізкімі Каганцовай душы… Мяркую, што мая малая радзіма таксама паўплывала на станаўленне слыннага дзеяча беларускага адраджэння.IMG_1305

З Навасадамі Каруся Каганца зрадніла тое, што тут жылі сваякі яго жонкі Ганны Канстанцінаўны Пракаповіч. І нават калі б не гэтыя абставіны, у Навасады ён мог наведвацца як у адну з бліжэйшых вёсак да ўрочышча Лісія Норы, дзе пасяліўся сам. У 80-я гады мінулага стагоддзя, калі пачалі гаварыць пра ўшанаванне памяці Каганца на могілках у Вялікіх Навасёлках, старэйшы на той час жыхар Навасадаў Іван Гарэлік асабіста мне пацвердзіў, што памятае гарбаценькага чалавека з клункам за плячыма, з якога той раздаваў паперы.
Як вядома, у Лісіх Норах ад сястры маці Каганца Кастравіцкія атрымалі каля дзвюх валокаў зямлі. Кажуць, была тая глеба пясчаная, хоць ва ўсёй акрузе зямля больш сугліністая. Ды ўсё адно: намаганняў поле патрабавала вялікіх, а радзіла слаба…
Саламяная страха, два падслепаватыя акенцы, адсутнасць сенцаў, уваход праз хлеў, дзе стаялі коні, – такой паўстае хата Каруся Каганца са здымка, што захаваўся з тых часоў. У 1928 годзе яго зрабіў бібліёграф і даследчык творчасці пісьменніка Мікалай Каспяровіч. Амаль праз стагоддзе пра тое месца, не кажучы пра селішча, захаваўся толькі ўспамін. Там, дзе было Прымагілле, да якога падступала ўрочышча Лісія Норы, зараз месцяцца сельгаспабудовы пасёлка Юцкі. На Навасады паварот за Юцкамі.
Каб патрапіць у вёску, трэба спусціцца з крутой гары. У канцы 70-х гадоў яе істотна спрамілі, праз рачулку ўмацавалі насып. Гэта была своеасаблівая “куранёўская грэбля”, што злучыла паселішча з “вялікім светам”. У часы Каганца дарога бралася лявей, пралягала побач з апісваемым у легендзе Сцюдзянцом. Карусь Каганец вясеннюю распуціцу ў Навасадах апісваў так: “У нас ад 25 лютага настаяшча вёсна: вароны ў лесе крачуць, жайваронкі спяваюць, вады ўсюды бяжыць, і дарогі ўжо няма…”IMG_0905

Звілістая, як змейка, навасадская вуліца зімой пасля снежнага сейва становіцца амаль непраходнай, летам патанае ў зеляніне клёнаў і ліп, увосень чаруе пахам духмяных антонавак, чаруе пазалотай  восеньскай красы.  фото 034

Амаль пасярэдзіне вёскі, нібы вартавы на скрыжаваннях гісторыі, раскінуў каржакаватыя галіны волат дуб. Яму не менш за трыстагоддзі. Бачыў ён, як зімой у жоўтым кажусе, падперазаным поясам, у высокай шапцы з аўчыны прыспешкам шыбаваў падарожнік. IMG_1314

А ўлетку той самы чалавек, у палатнянай кашулі, з накінутай на плечы суконнай світкай, паважна вітаўся з вяскоўцамі. А мо і чуў дуб, пра што ён гаварыў з сялянамі на суседняй лаўцы?
Калі азірнуцца наўкол вёскі, то перад вачыма паўстае навасадскі пейзаж, які ў сваёй “Прамове” Карусь Каганец атаясамлівае з усёй Бацькаўшчынай: “Бач! Уніз аж да рэчкі гара зараснікам пакрыта, уся арэшнікам, чаромхай, ка-ліннікам ды маліннікам зарасла. А чаромха то цвіце, няйначай хто пухам лебядзіным укрыў, і пах за вёрсты ветрам нясе. А рэчка сама – моў стужка блакітная, між верб ды альшын ветрам раскінутая. А за рэчкай лука аж зіхаціць кветкамі. А далей за лукой поле зелянее. А ўвакол усяго цёмны лес сінее. Глянь улева – панскі двор бялее, і таполі тырчаць, моў на старожы стаяць; а ўправа сяло ціха лягло, поўз раку на беразе. У сады прыбрана яно, а ў сяле хлопцы, як дубкі, а дзяўчаты, як ягадкі. Пазіраеш на ўсё гэта, і штось за сэрца шчэміць, і грудзі шырака раздымае, і ляцеў бы, здаецца, над палямі, над лугамі, па-над лесам сінім…”

IMG_1335
Мой род па мацярынскай лініі звязаны з прозвішчам Сантаровічаў і з іх навасадскімі каранямі. Згодна з легендай пра Навасадскае замчышча, якую занатаваў Карусь Каганец, над рэчкаю Слаўкаю, недалёка ад Святога месца Сцюдзянец, стаяла княскае гарадзішча. Ночкай цёмнай, калі ў гарадзішчы ўсе спалі, адна душа не магла знайсці сабе прытулку.

Княжна хадзіла гордай ступаю, уздыхала цяжка, як канаючы. Ды канцом на штосьці адважылася. Пабудзіла чэлядзь, загадала багацце ў скрыню скласці, а што меней вартае – раздала. Сеўшы на скрыню, горка заплакала: ”Няма ў мяне ні шчасця, ні долі, ні вернага друга. Няхай жа, калі так, я згіну, і ўсё са мной, і думкі мае, бо так сіратліва жыці не пад сілу мне!” Мусілі служкі прывязаць яе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўную вады… Скора вораг люты на гарадзішча найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёй зруйнаваў. Каму Бог судзіў жывым застацца, пабудаваліся на супраць таго ж гарадзішча і Студзянца і празвалі сваё новае селішча Навасадамі. Магчыма, сярод тых пасяленцаў былі і мае далёкія продкі?..
Дакументальна вядома, што прадзеды жылі ў вёсцы ў сярэдзіне ХIХ стагоддзя. У 1880 годзе тут былі вёска і фальварак каля ракі Уса. У 1886-м вёска ўваходзіла ў склад Койданаўскай воласці Мінскага павета і налічвала 19 двароў, у якіх пражывала 172 чалавекі. У пачатку ХХ стагоддзя сяло Навасады разраслося да 70 двароў, дзе жыў 451 чалавек. Маёнтак Навасады ў сваю чаргу меў 1 двор і 150 жыхароў. Сялянскія хаты мала чым адрозніваліся ад традыцыйных на той час збудаванняў беларусаў. Пераважна ўсе яны мелі незайздросны выгляд, як і хата Каганца.

IMG_1094
Важная акалічнасць: у 1885-м годзе ў Навасадах адкрылася школа граматы, у якой вучыліся 11 хлопчыкаў. Што сведчыць пра рост свядомасці сялянства, яго жадання хоць сваім дзецям даць лепшую долю. Назіральнага Каруся Каганца, магчыма, гэта абставіна падштурхнула скласці кнігу “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання”, натхніла пашырыць у творчасці дзіцячуютэматыку.
Карусь Каганец знаходзіў у Навасадах паплечнікаў, якія падмацоўвалі веру ў абраным ім, Будзімірам, рэвалюцыйным шляху. Нездарма, будучы ўжо дарослым і свядомым чалавекам, гаворачы пра сялянства, ён прызнаваўся: “… разам пасвіў, разам гуляў, разам працаваў і цяпер маю між імі сваякоў”. З гэтай вёскай у яго былі звязаны не толькі асабістыя ўзнёслыя пачуцці, але і ажыццяўленне глыбокага пераканання: “Беларусь трэба падымаць!”
Маю падставу меркаваць, што Карусь Каганец меў знаёмства і з маімі продкамі. Амаль з іх хаты пачыналася вёска. Той, хто ішоў здалёк ці нават проста спускаўся з гары, часта спыняўся тут, каб перавесці дух. Таму нярэдка мае сваякі, страчаючы падарожнікаў, з першых вуснаў атрымлівалі весткі пра навіны ў свеце. А тым хацелася хутчэй даведацца, што чуваць у вёсцы. Не мог і Каганец абмінуць гэтую прызбу, каб не перакінуцца слоўцом з гаспадарамі. Тут жылі мае прадзеды – Фама і Антаніна Сантаровічы.novosady-giteli

У  вялікай сям’і  маіх прадзедаў было дзевяць дзяцей. Пасля вайны пабудавалі новую хату, а старую адвялі пад хлеў. Ён і зараз служыць усё той жа сельскагаспадарчай мэце.IMG_1166
Па ўсім відаць, Каганца вёска вабіла сваёй духоўнасцю, скарбамі народнай мудрасці. Ён гаварыў з усімі па-беларуску і сам мацаваўся беларускасцю. Ёсць у яго творах выразы, параўнанні, якія я чула ад навасадцаў яшчэ ў дзяцінстве: “Усюды добра, а дома найлепей”, “Што ты снуеш, як мара якая? Ці табе работы нямашака?”, “Каб я быў царом, а мая баба царыцаю”, “Не кажу да ўсіх, але да большайчасці”, “З голаду сабака шалее, а як шалее, дык не паглядзіць, ці ты яго калі карміў, ці не”. Ёсць падставы сцвярджаць, што Каганец, як вучоны-мовазнаўца, у пэўнай ступені скарыстоўваў гутарковую мову, якую ўжываў у той час навасадскі люд. Адмысловыя паняцці “стрынгаль”, “золкі”, “верадзіцца”, “выцяць” – характэрныя для гэтай мясцовасці.
У вершы “Успамін” узгадваюцца навадскія мясціны, з якімі ў Каганца звязаны былыя шчаслівыя імгненні:
Пайду той дарожкай,
Дзе калісь хадзіла
Праз хвойнік Васюцкі
Мая зорка міла
Да маёй сястрыцы.
Пайду я на замак,
Дзе і яна бывала.
Прайду на Паследы,
Там і яна гуляла.
Зайду і ў Карнеж,
Пайду развітаюсь
З рэчкаю і гаем,
З горамі, руччамі,
І саўсім тым краем,
Што яе гадае.
***
Усе падзеі далёкага жыцця рэхам адгукаліся на вясковай вуліцы. У савецкі час яна была ў складзе Навасадскага сельсавета, а сама вёска ўтварала калгас. Не мінулі навасадцаў рэпрэсіі, шмат людзей загінула ў вайну. За малым немцы не спалілі вёску – яна лічылася партызанскай. Пасляваенныя гады былі цяжкія, але шчаслівыя. Вельмі дружна жылі людзі. Перажыўшы такое гора, яны па-асабліваму цанілі жыццё. Аднак молодзь усё больш вабілі агні вялікага горада…
Цяпер вёска ў халодную пару года дакорліва паглядае сумнымі вачыма-аканіцамі.
Калі  навасадцы запрасілі на свята гасцей здалёку і зблізку, вёска схамянулася, ажыла. Людзі ехалі, “каб душой да Радзімы сваёй прытуліцца”. І шлях ім асвятляў той самы каганец, які нязгаснай зоркай свеціць над роднай зямлёй.novosady-prazdnik-82

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.