Портреты,  Проекты

Ты мне вясною прыснілася…

 — Зіна, кідай справы, пойдзем на вуліцу! — Зінаіда Пятроўна пачула ўсхваляваны голас мужа, наблізілася да дзвярэй. Гэта было напрадвесні, калі ўначы яшчэ добра падмарожвае, а раніцай варта ўзыйсці сонейку, як адразу становіцца зразумела: халады ўжо не ў сіле затрымаць наступленне доўгачаканага цяпла.
“Што за дзіва так ўзрушыла мужа?” — хацела запытаць жанчына. А ён яе падахвочваў:
— Хутчэй, ды хутчэй жа!
Іх любімы горад быў напоўнены руплівым ранішнім шумам. Яны – яго часцінка. Да таго ж Віктар Антонавіч Навіцкі – ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёна.
— Глянь, — ініцыятар незвычайнага падарожжа кінуў позірк уверх, дзе на жэрдачцы ля шпакоўні выводзіў гімн вясне ўзрадаваны шпак. – Памятаеш вясну нашага кахання?..
Ён
Карані роду Навіцкіх увахо-дзяць у глыб гісторыі Дзяржынскай зямлі.Прадзеды былі батракамі ў графа Чапскага, галоўная сядзіба якога, як вядома, знаходзілася ў Станькаве. Жылі ж Навіцкія на тэрыторыі маёнтка Двор, што стаяў на высокім беразе рэчкі Вуса, уздоўж старога Кацярынінскага гасцінца, насупраць паштовай станцыі (заезда) Крысава ўжо на левым беразе Вусы. Пастух Ян Смутны, дзед Віктара Антонавіча па мацярынскай лініі, якому граф падарыў сярэбраны гадзіннік, закахаўся ў прыгажуню Алесю, таксама батрачку, з якой і пабраўся шлюбам. Два сыны і дзве дачушкі парадавалі бацькоў сваім з’яўленнем на свет. Дзед і бабуля па бацькавай лініі таксама былі батракамі графа Чапскага. Гэта той самы парабак Іван Навіцкі, які любіў расказваць, як батракі абулі ў лапці вяльможнага пана. Яго шматдзетная сям’я—пяць хлопцаў і тры дзяўчынкі—толькі пры савецкай уладзе, як і ўсе астатнія батракі, бясплатна атрымала надзелы зямлі, і разам яны сталі будаваць новую вёску Крысава. У 1931 годзе тут арганізавалі калгас “Вольная праца”. Адзін з сыноў Івана Навіцкага—Антон—у 1925 годзе ўзяў шлюб з Эміліяй Іванаўнай Смутнай, а праз год, 8 мая 1926 года, у іх нарадзіўся сын Віктар.
Маці Эмілія Іванаўна і бацька Антон Іванавіч былі калгаснікамі калгаса “Вольная праца”, што ў в. Крысава Станькаўскага сельсавета. На ўсё жыццё Віктар запомніў мацярынскі наказ: “Вучыся, сынок! Без ведаў няма будучыні.”
У лютым 1941 года маці не стала, а ў чэрвені ў дзяцінства Віктара ўварвалася страшэннае слова “вайна”. Прыйшлося стаць апорай і 10-гадовай сястры Стасі, і 90-гадовай бабулі. У чэрвені 1942 года нямецкія ўлады пачалі звозіць моладзь у Германію. Віктар Навіцкі трапіў у лік тых, каго адпраўлялі на чужыну, але здолеў уцячы. У часы вайны дзясяткі тысяч людзей накіроўваліся на здабычу вугалю ў раён Варкуты і Паўночнага Урала. Гэта працоўная падтрымка была вельмі неабходна Перамозе. Разам з многімі землякамі Віктар Навіцкі аказаўся сярод рабочых трэста “Багаслоўвугаль”. Працавалі ў вугальных разрэзах. Умовы працы – складаныя, дысцыпліна – ваенная, харчаванне – беднае. Жылі ў бараках па 150 чалавек у кожным. У марозным паветры натужна гулі маторы экскаватараў, стагналі, як жывыя, і лопаліся ленты транспарцёраў. Наверсе, на слізкіх, як шкло, рэйках буксавалі паравозы. Але ніхто не скардзіўся на цяжкасці. І вось 9 мая 1945 года слова “перамога” загучала паўсюдна, дзе здабывалі вугаль з асаблівым уздымам.
У стаптаных салдацкіх чаравіках ды зношаным шынялі вярнуўся Віктар з працоўнага фронту дадому. Быў кастрычнік 45-га. Ён тады паставіў перад сабою мэту: буду вучыцца! І ў яе дасягненні сёння, з вышыні пражытых гадоў, можна смела казаць, пераўзышоў сябе, бо стаў настаўнікам для многіх і многіх нашых землякоў.
У пасляваенны час Віктар Навіцкі быў вядомы як актыўны камсамольскі важак. Працаваў загадчыкам аддзела сельскай моладзі Мінскага абкома камсамола, двойчы выбіраўся членам ЦК камсамола Беларусі. А ў 1951 годзе малады камуніст папрасіўся на камсамольскую работу ў родны раён. На працягу пяці гадоў ён быў першым сакратаром Дзяржынскага райкома камсамола. А затым стаў другім сакратаром райкома КПБ. Але думка аб педагогіцы не пакідала яго. Тым больш, што ў 1954 годзе закончыў факультэт рускай мовы і літаратуры Мінскага пед-інстытута імя Горкага, а ў 1964 годзе – яго гістарычны факультэт. “Роля сапраўднага педагога – дапамагчы вучню паверыць у свае сілы, не разгубіц-ца на пачатку жыццёвага шляху, ва ўсім даверыцца настаўніку. А настаўнік павінен гэты давер заслужыць і апраўдаць”, – вось так вызначыў сваю ролю пачынаючы настаўнік, а жыццё падцвердзіла, што гэта менавіта так. Таму і сам ён заслужыў павагу калег, выхаванцаў, бацькоў. Усе яны ганарацца тым, што разам працавалі, вучыліся ў школах, дзе дырэктарстваў ён, Віктар Антонавіч Навіцкі, у СШ №1 г. Дзяржынска і Навасёлкаўскай СШ. Да ўзнагароды – прызнання ваенных заслуг – медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне” далучыліся прафесійныя адзнакі — ганаровыя знакі “Выдатнік народнай асветы БССР”, “Выдатнік народнай асветы СССР”, “Заслужаны настаўнік БССР”.
Яна
Зінаіда Кішкурна нарадзілася ў тых мясцінах, пра якія з асаблівым гонарам кажуць у Беларусі, — Лагойшчына. Дзяцінства хоць заможным і не было, але ж лугі, дзе з аднагодкамі бегалі басанож, рэчка з яе забавамі і ўлетку і зімой – хіба такое забудзецца?! Тым больш, што перад вайной бацьку прызначылі старшынёй калгаса. Але арганізоўваць вяскоўцаў у хуткім часе яму прыйшлося зусім на іншае – на барацьбу з ворагам. У пачатку ліпеня 1941 года разам з вайскоўцамі-акружэнцамі ён стварыў першую ў гэтых мясцінах партызанскую стаянку, дапамагаў харчаваннем, збіраў зброю. Актыўнасць бацькі была небяспечнай для ўсёй сям’і. Дзеці ўсе цяжкасці вайны перажывалі не менш за дарослых, а часам ім, малым, безабаронным, было куды горш. У ліпені 1943 года бацьку схапілі літоўскія карнікі. Ён загінуў у канцлагеры Саласпілс паблізу Рыгі. Старэйшы брат Зіны Аляксей памёр з голаду ў блакадным Ленінградзе, дзе да вайны вучыўся ў рамесным вучылішчы. Перамогу са слязамі на вачах сустракала маці, Надзея Гаўрылаўна, з трыма сынамі і дачкой Зінай. Перад вайной Зіна закончыла чатыры класы. Пасля трохгадовага перапынку пайшла ў пяты. Вучыліся ў тры змены. Дзеці з іх вёскі займаліся з пяці вечара да поўначы. Зіна была выдатніцай з адзінай тройкай па фізкультуры, бо стамлялася ад дальняга шляху ў школу.
Мірнае жыццё адкрывала новыя перспектывы. Моладзь імкнулася да вучобы, прагла ведаў. Хацелася быць актыўным, карысным. У 1947 годзе Зіна па накіраванню райкома камсамола аказалася сярод такіх жа баявых дзяўчат ў рэспубліканскай школе старшых піянерважатых у Мінску. Пасля чаго арганізоўвала дзяцей на добрыя справы ў школах Лагойскага раёна, Мінска, Дзяржынска.Адначасова завочна вучылася ў педвучылішчы імя Н. К. Крупскай у Мінску. Збылася яе мара і аб вышэйшай адукацыі, аб чым сведчыць дыплом педінстытута імя А. М. Горкага, які падмацаваны пяццюдзесяццю гадамі педагагічнай дзейнасці.
Выдатнік народнай асветы БССР, Зінаіда Пятроўна памятае і першы свой маратаўскі выпуск 1955 года, класным кіраўніком якога была. І той клас школы № 2 г. Дзяржынска, з якога пятнаццаць вучняў абралі прафесію педагога. У 1990 годзе Зінаіду Пятроўну запрасілі ў Навасёлкаўскую СШ замяніць настаўніцу пачатковых класаў. Яна прыняла першы клас, з якім працавала 7 гадоў (у 5-7 класах выкладала матэматыку). Гэты клас стаў дружнай, згуртаванай сям’ёй.
І вынік быў выдатны: з 17 вучняў класа 6 сталі медалістамі. І ўсе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Такое ў Навасёлкаўскай школе было ўпершыню. Гэта быў вынік стараннай працы педагога, з якім яна завяршыла свой паўвекавы працоўны шлях у школе.
Лёс
І сёлетні, і наступны год у сям’і Навіцкіх – знакавыя. 14 красавіка Зінаідзе Пятроўне спаўнілася 80. А праз год іх сямейнаму саюзу – 60. І тое, што шпак – сімвал іх кахання, не прыдуманы, а рэальна існуючы факт, падцверджаны дакументальна. У сямейным альбоме Навіцкіх беражліва захоўваецца паштоўка, датаваная 1951 годам, дзе такі ж гарэзлівы шпак славіць сонца, цяпло, жыццё. І самі сабой пад яго мелодыю з’явіліся ў закаханага шчырыя радкі прызнання: “Можа, ён спявае пра тое, што нам трэба быць разам”… Зініна сэрца, калі атрымала дзяўчына допіс, затрапятала: “Няўжо гэты строгі начальнік адрасуе мне свае светлыя пачуцці? Няўжо хоча пасватаць?” Іх знаёмства пачалося з таго, што Віктар, як прадстаўнік абкома камсамола, прыехаў да моладзі Лагойшчыны чытаць лекцыю пра даклад Леніна на трэцім з’ездзе камсамола.А пасля грунтоўнага выступлення ён меў намер праверыць, як вядуцца справы ў арганізацыі. “Прывабныя дзяўчаткі шчабяталі каля мяне, — вяртаецца ўспамінамі ў тую вясну Віктар Антонавіч. – А мне падалося, лепшая за іншых — піянерважатая Зіна”. А той думалася: “ Ехаў бы хутчэй прэч гэты начальнік, правяраць ён тут будзе”. Пасля таго неаднойчы Віктар планаваў камандзіроўкі так, каб можна было зазірнуць у любы сэрцу куток, пабачыцца з каханай. Так яны сустрэліся на сцяжынах камсамольскага юнацтва, каб доўгія гады быць разам…
У ліпені 1951 года ўтварылася маладая сям’я, віншаваў якую невялікі гурт сяброў ў Мінску, у абгарэлым у час вайны доме добрай цёткі, што прытуліла маладажонаў.
…Дзяржынск адраджаўся пасля вайны.Не было ніводнай тыпавой школы. Райвыканком і райком партыі былі ў адным будынку, дзе зараз размешчана рэдакцыя раённай газеты. Зіна міжволі ўзгадвала сваю рэчку на Лагойшчыне, а тут не было нават дзе бялізну паласкаць… Калі Віктар прызнаўся сакратару райкома партыі Данілу Майсеевічу Лемяшонку, што няма дзе жыць,той крануў яго за плячо і, паказваючы на бачны праз вакно будынак 8-кватэрнага дома, дадаў: будуецца. Праз два тыдні Навіцкія атрымалі ключы ад кватэры. Яны расцанілі гэта як вялікі давер. Як жа не старацца працаваць?!
Зінаіда Пятроўна, як матэматык, даўно вывела формулу ўласнага сямейнага шчасця, якую ахвотна падтрымлівае муж.На ўменні саступаць адзін аднаму грунтуецца іх лад ды згода. “Гэта вялікае шчасце – знайсці надзейную спадарожніцу, — з павагай гаворыць пра жонку Віктар Антонавіч. – Дай Бог кожнаму разумення і даверу!”
Яны – аднадумцы, якія ніколі не ставілі на першы план вартасць грошай. Дакладней, і зараз прызапашваюць іх, каб адправіцца ў падарожжа. Як лета, так і едуць пабачыць свет. Жывуць успамінамі аб тых прыгожых мясцінах на нашай зямлі, дзе ўдалося пабываць.
Віктар Антонавіч ніколі не па-крыўдзіў жонку выкуранай цыгарэтай або чаркай. І не нахваліцца ёй як гаспадыняй. Зінаіда Пятроўна, у сваю чаргу, далучае яго да ўдзелу ў клубе “Агеньчык”, які дзейнічае пры гарадскім Доме культуры. Яны па-ранейшаму запатрабаваныя, актыўныя, цікаўныя людзі.
Скарб, якім ганарацца больш за ўсё, — дзеці Таццяна і Уладзімір, якія таксама вядомыя ў Дзяржынску педагогі. А цяпер ужо і чацвёра ўнукаў, дзве праўнучкі падмацоўваюць сямейнае дрэва Навіцкіх.
—У чым сакрэт нашай маладосці, запытацца хочаце, — бяруць на сябе ініцыятыву Навіцкія. — У тым, што заўсёды светлыя думкі маем. Жывём і радуемся, што побач добрыя людзі, і мы з дабром да людзей ідзём.
Алена Стэльмах

Память
Скажи, ты помнишь, дорогая,
Село, где жили мы вдвоем,
Где вечерами повстречаясь,
Мы песни пели с соловьем.
А в песнях пелось про пшеницу,
Про наше поле, про любовь…
Скажи, хотела б ты теперь,
Чтоб спеть те песни вновь?
Ты не грусти, моя родная,
Не прячь морщинки на лице—
Нам осень будет золотая,
Коль жива память о весне.
Весна 2001 г.
В. А. Новицкий.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.