Из "Колонки редактора"

Госцi праверылi… крызiс

Гасцяваць да нас прыехалі пляменніцы мужа.

У былыя часы шмат беларусаў асвойвала расійскую Поўнач. Лангепас – вядомы горад беларускіх нафтавікоў. У васьмідзесятыя гады «аселі» там і нашы сваякі. Так прыжыліся ў далёкім краі, што і доччына вяселле згулялі, і паехала Вераніка ўслед за мужам да Наябрска, а гэта яшчэ 500 кіламетраў далей на поўнач ад Лангепаса. Жывуць анішто сабе, бо справу па-ранейшаму маюць са здабычай нафты. Але сувязь з роднымі каранямі не дае спакою.  Калі ляцяць на адпачынак на цёплыя курорты, Беларусь не прамінаюць.

Кожны раз, здаецца, ад’язджаюць усё з большай тугой, бо тыя, хто больш сталы, кажуць: як у вас тут усё ў лепшы бок змянілася, а для маладзейшых Беларусь – цывілізаваная краіна ў цэнтры Еўропы. Дарэчы, і кватэры пабудавалі не як многія «севяране» з дастаткам у Маскве, а ў Мінску.  Начутыя пра ўзровень нашага адпачынку, сёлета ўзялі пуцёўкі  ў беларускі санаторый.

Не хаваюць, што былі занепакоеныя нашай быццам бы нястачай і галечай, пра якую пішуць расійскія СМІ і гамоніць інтэрнэт. Ехалі з клопатам – як мы тут. І былі прыемна здзіўленыя не толькі багатым выбарам тавараў на прылаўках, але і тым, як падгадаў гандаль з летнім асартыментам. “Колькі прывабных сукенак накупляла!” — радавалася Вераніка.

Безумоўна, за вячэрай мы не прамінулі пагаварыць і пра палітыку, і пра рост даляра, і пра ўздым цэн. Нашы маладыя госці вельмі разважліва гаварылі пра тое, што няма таго месца, каб не было цяжкасцей. На расійскай Поўначы яны свае, у Санкт-Пецярбурзе, дзе вучыцца малодшая пляменніца Вольга, — свае. Толькі ніхто пра гэта не крычыць уголас. Здараецца, праскочыць які радавы на экране сюжэт – і не болей. А вось Беларусь чамусьці – у полі пільнай увагі з негатыўнай энергетыкай. Тут і дробны факт абрастае вялікімі чуткамі.

Дзякуючы нашым гасцям і мы паглядзелі на сябе іншымі вачыма. Не апошняе ж аддавалі, каб накрыць стол, і планы не горшыя за іх на адпачынак строім, сёе-тое і дома падладзіць маем намер. Яны шчыра прызнаваліся: каб заможней жыць, працуюць, не пакладаючы рук. Вераніка, напрыклад, нарадзіўшы дваіх дзяцей, практычна не была ў дэкрэце. І маці яе на двух работах працуе. І бацька, як пройдзе яго вахта, шукае падпрацоўку.

Так яно, мусіць, і ёсць ва ўсім свеце, крызісаў ў якім, як вядома, бывае зашмат – хто працуе, той мае падставу для годнага жыцця.

Нам зараз прыйшлося цяжэй, але ад таго, што будзем хапаць соль ды цукар,  саладзей не стане. Сітуацыя зменіцца, калі самі будзем рэалістамі.

Па таму, як рэагуюць на ўзнікшыя цяжкасці Прэзідэнт, урад краіны, відавочна, што сам-насам з новымі цэннікамі не застанемся. Антыкрызісны план урада  адобрылі нават непрадузятыя калегі з  ЕўрАзЭС. А галоўнае – будзем самі спрыяць таму, каб на новы, больш сучасны ўзровень вывесці нашу эканоміку.  Калі мы з вамі зробім канкурэнтаздольны прадукт, скажыце, што яму той крызіс?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.