Без рубрики,  Творчество друзей

Таццяна Цвірка, г. Клецк

Таццяна Цвірка: «Люблю жыццё, людзей, творчасць, чысціню, кветкі… і ўсмешкі»

IMG_5315
Нарадзілася на Клеччыне, у в. Расветная. Скончыла Нясвіжскі каледж (пач.класы) і БДУ (філфак). Пачынала працоўную дзейнасць у Клецкім дзіцячым доме №1, затым 10 год узначальвала яслі-сад «Дзюймовачка» ў в. Даматканавічы, 8 гадоў адпрацавала настаўнікам бел.мовы і літаратуры ва УА «Даматканавіцкая ДзАСШ»(ніколі не перастану адчуваць сябе педагогам ), з 2008 г. — у прыватным сямейным бізнесе. Жыву ў г.Клецку.
Вершы пішу з дзяцінства. У 2 класе быў надрукаваны першы верш у газеце «Піянер Беларусі». Удзельніца радыёперадач «Вашы першыя сцяжынкі» і «Жывое слова», тэлеперадач «Літаратурныя сустрэчы». Друкавалася ў дзіцячых газетах «Зорька» і «Піянер Беларусі», у раённай газеце «Да новых перамог», розных калектыўных зборніках (у тым ліку — раённага літаб’яднання «Верыцца ў лепшае, хочацца марыць»,»Валошкі ў жыце», у зборніках абласнога клуба «Жывіца»), «Анталогія маладога верша»(2001г.), «Галасы роднай старонкі»(2006г), газетах «Чырвоная змена», «Настаўніцкая газета», «Мінская праўда», «ЛіМ», часопісах «Гаспадыня», «Першацвет», «Маладосць», «Гоман». Член раённага літаб’яднання «Голас» і абласнога аб’яднання «Жывіца».
У 2013г. выдала зборнік вершаў «Ясачка долі маёй» (Выд.»Кнігазбор»).
Шчаслівая жонка і маці сына і дачушкі. Люблю жыццё, людзей, творчасць, чысціню, кветкі… і ўсмешкі.
Пісаць пра простае, людское,
Але не шэрым словам, не!
Пісаць і сэрцам і душою!
Такое… крэда ў мяне.
З павагай, Т. Цвірка.
ВЕЧАР У ГОРАДЗЕ
Раскрыліўся цёмна — каштанавы вечар.
Стаміўся. Стараўся паспець
падсыпаць сняжку, запаліць зоры-свечы
і ў вокны дамоў паглядзець.
Праверыць: малечы ці ў ложках паснулі,
ці тата з работы прыйшоў,
ці вяжа ўнучцы шкарпэтку бабуля,
у мамы пірог ці дайшоў.
Ці выканаў вучань у сшытку заданне,
дзядуля ці лекі прыняў.
Ці выйшла дзяўчына ў парк на спатканне…
Убачыў усё. Крылы склаў.
Далоні пад голаў злажыў і стаіўся.
Парадак у горадзе. Ціш.
Мой вечар! А мне калыханку? Забыўся?
Спытала. Маўчанне ў адказ.
Смачна спіш.
***
І ў вас бывала?..
Сустрэнешся.
Разгаворышся,
Уразішся,
Адкрыешся.
Як на духу,
Наросхрыст,
Шчыра-шчыра…
А потым…
Шкадуеш.
Чаму не стрымаўся?
Не разгледзеў:
Суразмоўца – танны чалавек.
Тэмпература
Тэмпература…
Высахлі вусны, выцвілі вочы,
Вейкі бы ў мёдзе.
Тэмпература.
Скардзіцца сэрца, цела скавана:
Цяжкі грып ходзіць.
Тэмпература.
Бачу й не бачу, чую й не чую,
Веру й не веру.
Тэмпература.
Думкі-трызненні, мара і ява
Ў квецені шэрай.
Тэмпература.
Не, не ад грыпу, не ад хваробы,
А ад кахання.
Тэмпература.
Ад мімалётных, незразумелых
Стрэч і растанняў!..
* * *
Ступаю ў твой след,
Іду табе ўслед.
Ды снег замятае – не бачу.
Ты выйграў – твой верх,
Ўзніму вочы ўверх
І снегам расталым заплачу.

* * *
Адзінокая зорка сустрэла ля роднае хаты.
Месяц вокам з-за хмары міргнуў і схаваўся: ”Прабач”.
Палыселы каштан у траву скінуў дзетак багата,
Прытуліўся галінкаю бэз. Супакоіў: “Не плач!”
Вецер злізвае з твару салёныя пацеркі-слёзы.
І стаю. Сірата. І шукаю святла у акне.
Не гарыць. Цемната. Не таму, што прыехала позна.
Не чакаюць. Не стрэнуць… Ні мама, ні тата мяне.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.