Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Шанхая
Международное сотрудничество,  Мир писателя

Слова з Шанхая да Мінска давяло

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Шанхая пабывала ў Беларусі па запрашэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Па словах намесніка старшыні СП Шанхая Ван Вэя, гэта была вельмі чаканая паездка. Пра сяброўства з нашай краінай шмат гавораць у Кітаі, і таму яна прыцягальная для многіх: хочацца пабачыць на свае вочы, чым жыве сучасная Беларусь. Кітайскую дэлегацыю таксама прадстаўлялі галоўны рэдактар усекітайскага літаратурнага сайта Лю Юнху, паэты і празаікі.

Хацелася параўнаць колькасны склад беларускай і кітайскай пісьменніцкіх арганізацый. Як аказалася, у нас членства ў СПБ маюць 630 творцаў, у Кітаі – 1700. Ван Вэй, зрабіўшы пэўныя падлікі, упэўніў, што ў раскладзе на насельніцтва Беларусі і Шанхая – гэта прыкладна аднолькава.

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Шанхая

Было цікава даведацца ў кітайскіх калег, якімі клопатамі жыве іх Саюз. Высветлілася: творцы, дзе б яны ні жылі, у многім маюць падабенства. Кітайскія пісьменнікі часам крыўдзяцца, што ім надаецца мала ўвагі, бо яны хацелі б больш выдаваць кніг, шырэй праводзіць прэзентацыі. Змяншэнне ўвагі да кнігі – на жаль, праблема і кітайскага грамадства.

Ван Вэй пашкадаваў, што асобныя кнігі выходзяць тыражамі толькі ў некалькі тысяч накладнікаў. (Нам бы гэтак – падумалася). Але ж разлічаны яны на непараўнальна большую па колькасці аўдыторыю – шматмільённы Кітай. Таму і кітайскія пісьменнікі шукаюць розныя найновыя формы звароту грамадскай цікавасці менавіта да кнігі, лічачы яе і важнай крыніцай ведаў, і наогул, асновай для фарміравання нацыянальнай свядомасці і культуры.

Апошнім часам, заўважыў Ван Вэй, усё часцей кнігу суправаджаюць відэаматэрыялам.

Таксама стала вядома, што ўступіць у Саюз пісьменнікаў Шанхая можна прыкладна на тых жа ўмовах, што і ў СПБ. І там, гэтак жа, як і ў нас, вельмі занепакоены цяперашнім станам літаратуры, бачаць неабходнасць падтрымкі маладых талентаў. У СПБ Шанхая перакананы, што класічная кітайская літаратура дастаткова вядома не толькі ў сваёй краіне, але і ў свеце. І таму сваім абавязкам лічаць больш актыўную прапаганду новых аўтараў.

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Шанхая

Прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі за круглым сталом з кітайскімі гасцямі ў Доме літаратара ў Мінску гаварылі пра магчымыя напрамкі сумеснай дзейнасці.

Адказны сакратар часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка прапанавала шанхайскім пісьменнікам выступіць на старонках беларускага выдання, у той час як нашым аўтарам цікава было б надрукавацца ў кітайскім часопісе. Дырэктар літаратурнага прадпрыемства “ЛітМедыяГруп” Андрэй Гулякевіч бачыць карысным абмен інфармацыяй праз сайты абодвух Саюзаў. Дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух выказала пажаданне разам з кітайскімі калегамі выдаваць сумесныя праекты. Дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчання радыё “Беларусь” Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч запрасіў слухаць беларускае радыё, якое вяшчае і на кітайскай мове.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі паэт Мікола Мятліцкі пацвердзіў сваю вялікую прыязнасць да кітайскай літаратуры, гаварыў пра творчае натхненне, з якім ён перакладае лепшыя ўзоры кітайскай паэзіі. Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп прадставіў творчыя набыткі па кітайскай тэматыцы, якая ўжо даволі трывала “прыжылася” у планах выдавецтва.

Узрадаваў і кітайскіх гасцей, і беларускіх удзельнікаў круглага стала выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Лукашык. Ён прадставіў кніжныя праекты сваіх выхаванцаў, якія здзіўляюць новымі падыходамі да традыцыйнага афармлення кнігі, робяць кнігу прадметам мастацтва. Дарэчы, сярод тых, хто вынаходзіць новыя ўзоры кніжнага дызайна, ёсць і кітайскія студэнты.

А далей з боку беларускіх літаратараў кітайскім калегам паступіла прапанова здейсніць падарожжа па Беларусі, каб набрацца новых уражанняў. Накірункам было абрана Станькава, дзе на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны размешчана тэхніка ваенных гадоў – тэхніка Перамогі.

Кітайскія пісьменнікі праявілі надзвычай вялікае пазнанне беларускай гісторыі. Ван Вэй дэталёва расказваў пра некаторыя эпізоды тагачасных баявых дзеянняў.

А яшчэ гасцей ўразілі Мінск – чысты, светлы горад; наша насычанае водарам восені паветра; аточаная пазалотай зеляніна нашай прыроды. Беларусь! Якая ж ты прыгожая! Думалася ўсім: і кітайцам, і нам, беларусам. Вось так: каб больш палюбіць сваё, запрасі ў госці сябра!

На развітанне размова вялася і пра наступныя сустрэчы. Яны магчымы ў Шанхаі: там звычайна ў жніўні праходзяць вялікія літаратурныя святы. Сустрэцца можна і ў Мінску: на міжнароднай кніжнай выстаўцы, або на Дні беларускага пісьменства. Слова, як вядома, далёка давядзе.

Алена Стэльмах,
першы намеснік старшыні СПБ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.