Год малой родины в Беларуси
Март 2, 2019

Справаздачны сход членаў Мінскага абласнога аб’яднання ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прайшоў напярэдадні. Сябры другой у Беларусі па колькасці чальцоў суполкі падсумавалі вынікі мінулага года, а таксама агучылі планы на бягучы.   Якія задачы стаяць перад творцамі краіны, якую функцыю ў грамадстве сёння  выконвае пісьменніцкая арганізацыя,  акрэсліў падчас сходу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, што ўзначаліў  прэзідыум справаздачнага схода. У ліку ганаровых гасцей нарады былі: першы намеснік  старшыні ГА “СПБ”, член Мінскага абласнога аддзялення Алена Стэльмах, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах рэлігіі галоўнага Упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Галіна Сакалоўская, кіраўнікі некаторых раённых бібліятэчных сістэм і устаноў вобласці.

Творчыя набыткі і ўдзел у грамадскім жыцці краіны

Адкрываючы нараду, старшыня Мінскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Святлана  Быкава  адзначыла, што мінулы год быў даволі яркім на падзеі для пісьменнікаў вобласці, а таксама багатым на творчыя набыткі. Так, намаганнямі пісьменніцкай суполкі Міншчыны за 2018 год было выдадзена 39 кніг агульным накладам 41,3 тысяч паасобнікаў.

Сярод лідэраў  – Дзмітрый Вінаградаў (5 кніг), Ірына Карнаўхава (3 кнігі), Славамір Даргель (3 кнігі). Важнай падзеяй мінулага года для пісьменнікаў аддзялення стала выданне ў Выдавецкім Доме “Звязда” калектыўнага дзіцячага зборніка “Ад калыханкі да забаўлянкі”, які пад сваёй вокладкай сабраў літаратурныя творы для дзяцей 25-ці пісьменнікаў Міншчыны.

Актыўна праявілі сябе пісьменнікі вобласці і ў справе публічных выступаў і сустрэч у розных установах і на пляцоўках Міншчыны, а таксама за яе межамі. Цягам года было праведзена шмат творчых сустрэч з літаратарамі суполкі.

Асобна адзначыла старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі і вялікую працу кіраўнікоў клубаў літаратурнай творчасці, якія на працягу года праводзілі актыўную работу з аматарамі ўзнёслага слова. Кіраўнікамі творчых суполак з’яўляюцца наступныя члены адззялення: “Жывіца” (І.Карнаухава), “Голас” (Л.Мялешка), “Рунь” (В.Гіруць-Русакевіч), “Нёманец” (В.Сабалеўскі), “Ізяслаўцы” (С.Быкава), “На Парнасе” (В.Кажура). Дзяржыншчына славіцца сваім літаратурным аб’яднаннем “Выток”, які таксама  згуртаваў як літаратараў-аматараў, так і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вельмі важным і плённым для аддзялення, пазначыла С.Быкава, з’яўляецца супрацоўніцтва і з Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. У мінулым годзе сумесна з гэтай установай быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Ведай нашых!

Акрэсліла С.Быкава і тое, што дастаткова актыўную пазіцыю выказалі пісьменнікі вобласці і ў справе ўдзелу ў шматлікіх конкурсах самага разнастайнага ўзроўню. Так, у конкурсе, які быў зладжаны ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” да 100-годдзя з Дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая”, тры пісьменнікі  аддзялення – Канстанцін Цыбульскі, Таццяна Цвірка, Валянціна Гіруць-Русакевіч – сталі  пераможцамі ў розных намінацыях. Таццяна Цвірка заняла 2-е месца ў намінацыі “Проза” у рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Ліга аўтараў”. Марыя Шэбанец атрымала “Гран-пры” ІІІ Міжнароднага фестываля паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства”, а таксама стала дыпламантам конкурсу апавяданняў газеты “Звязда”. Віктар Сабалеўскі атрымаў дыплом ІІ ступені ў Рэспубліканскім конкурсе, які праводзіўся да 100-годдзя пагранічнай службы, а таксама выйшаў у фінал  міжнароднага літаратурнага конкурсу “Славянская ліра-2018”. Генадзь Аўласенка стаў дыпламантам двух міжнародных літаратурных конкурсаў: “Літаратурная прэмія У.В.Біянкі” (намінацыя “Казка”) і літаратурны конкурс “На всех одна земная ось”. Творчая дзейнасць Дзмітрыя Вінаградава была высока адзначана ў 2018 годзе ажно ў 4-х конкурсах: кніга вершаў для дзяцей “Проездом из Африки” атрымала Дыплом у літаратурным конкурсе “Лепшая кніга года-2018” (Германія); тры апавяданні аўтара адзначаны Дыпломамі Усерасійскага літаратурнага конкурса «Герои Великой Победы-2018», адно з апавяданняў адзначана Ганаровым Знакам конкурса з пасведчаннем; званне «Лаўрэат» і бронзавы медаль за трэццяе месца ў Міжнародным літаратурным конкурсе «Русский Stil-2018» у Балгарыі Дзмітрый Вінаградаў атрымаў за казку «Кот и пёс», а званне “Дыпламант” гэтага ж конкурсу – за вершы для дзяцей. Акрамя таго, гэты ж аўтар стаў фіналістам конкурса “Литературный фонд – 2018” (Расія) у намінацыі “Казка”. Ірына Карнаухава ў 2018 годзе атрымала ганаровае званне “Курскі салавей” (Расія). Вадзім Ялфімаў –  званне лаўрэата І-й ступені ў намінацыі “Искусство возможного”  у конкурсе журналісцкага майстэрства “Залаты Зубр” творчай суполкі журналістаў і блогераў Расіі і Беларусі “Друзья-Сябры”. Галіна Нічыпаровіч стала ўладальніцай Дыплома І ступені “За самую павучальную казку” у раённым конкурсе “Казка для ўнучкі”. Сяргей Клімковіч і Святлана Быкава атрымалі Спецыяльныя Дыпломы Міжнароднага літаратурнага конкурса “Сузор’е духоўнасці” у намінацыях адпаведна “Проза” і “Паэзія”. Акрамя таго, Святлана Быкава атрымала Дыплом лаўрэата абласнога этапу конкурсу “Жанчына года-2017”, ганаровую Грамату Міністэрства інфармацыі і Грамату сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы. Падзякі ад старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў 2018 годзе атрымалі: Уладзімір Цанунін, Ірына Карнаухава, Сяргей Клімковіч. Плённая творчая дзейнасць Валянціны Гіруць-Русакевіч была адзначана двума дзяржаўнымі установамі: Падзякай Мінскага аблвыканкама і Ганаровай Граматай Міністэрства інфармацыі. Ад кіраўніцтва Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта Барыс  Савінаў узнагароджаны Граматай і грашовай прэміяй, атрымаў Падзякі ад Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і раённага Савета ветэранаў, а таксама памятны медаль “100 год Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Алена Стэльмах і Марыя Кобец адзначаны як лаўрэаты Міжнароднай Еўразійскай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Мастацкая літаратура” у Маскве.

Міжнародныя літаратурныя стасункі

Дастаткова плённым па выніках мінулага года была дзейнасць аддзялення і ў справе пашырэння міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва, а таксама прадстаўлення багацця літаратурнай скарбніцы за мяжой, пазначыла старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі.

Так, у лістападзе мінулага года у Доме літаратара было падпісана Пагадненне аб узаемным супрацоўніцтве паміж Чуньцінскай Федэрацыяй літаратурных і мастацкіх кол (Кітай) і Мінскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”.

Пісьменнікі аддзялення прымалі ўдзел і ў міжнародных фестывалях: Марыя Шэбанец – у ІІІ Міжнародным фестывалі маладых паэтаў і перакладчыкаў “Берагі сяброўства” (Расія), Марыя Кобец і Святлана Быкава – у ХХІХ Міжнародным фестывалі паэзіі (Апольскае ваяводства, Польшча), Ірына Карнаухава – у літаратурным фэсце ў Курскай вобласці (Расія),  Святлана Быкава – у Еўразійскім фестывалі культур, які праходзіў у горадзе Пінску.

Падтрымліваюць пісьменнікі аддзялення і творчыя, перакладчыцкія стасункі з літаратарамі іншых краін. Асабліва яскрава рупіцца на гэтай ніве Марыя Кобец, якая ўжо шмат год займаецца літаратурным пераўвасабленнем, яе пераклады неаднаразова друкаваліся ў рэспубліканскіх і замежных перыядычных выданнях. Сёння яна мае і рэалізуе шмат цікавых праектаў, звязаных з гэтым відам творчай  дзейнасці. Яе перакладчыцкім талентам карыстаюцца паэты такіх краін, як Азербайджан і Албанія, Бангладэш і Башкартастан, Малайзія і Індыя, Кенія і Кітай, Італія і Тайвань, Турцыя і Польшча,Саудаўская Аравія, Сербія іСлавакія, Украіна і Чарнагорыя, Чачня і Чувашыя. Падчас праходжання мерапрыемстваў міжнароднага сімпозіума “Пісьменнік і час” М.Кобец атрымала Падзяку Саюза пісьменнікаў Башкірыі за працу па ўмацаванні літаратурных сувязяў і высокі ўзровень перакладчыцкага майстэрства.

У 2018 годзе прадоўжылася і пашырылася замежная выдавецкая дзейнасць членаў  аддзялення. Вольга Зайцава (Грамыка) выдае свае кнігі ў Расіі, кніжка для дзяцей Віктара Кажуры “Песничке игре” на сербскай мове была надрукавана ў Сербіі.

Багатым выдаўся мінулы год і на публікацыі твораў пісьменнікаў аддзялення у замежных перыядычных выданнях. Сярод іх –  Барыс Савінаў і Ірына Карнаухава (перыядычныя выданні Расіі), Марыя Кобец (у Азербайджане, Казахстане, Туркменістане, Чувашыі, Чачні, Кабардзіна-Балкарыі, Албаніі, Бангладэш, Мексіі, Італіі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Польшчы і інш.), Святлана Быкава (часопіс “Берега”, (Расія), газета “Літаратурны Каўказ»), Рэгіна Рэўтовіч (газета “Літаратурны Каўказ» і іншыя.

Падсумоўваючы справаздачны выступ, Святлана Быкава яшчэ раз нагадала, што пісьменнікі Міншчыны актыўна прапагандуюць беларускую кнігу ў сродках масавай інфармацыі, праводзяць шматлікія акцыі, прэзентацыі выданняў у працоўных калектывах, установах культуры і адукацыі, сярод вайскоўцаў. А гэта значыць –  пісьменнікі аддзялення працуюць, твораць, папаўняюць багацце творчай літаратурнай скарбонкі краіны.

“Пісьменнік – прафесія асаблівая!..” 

“Пісьменнік – прафесія асаблівая!..”. Менавіта так пазначыў на самым пачатку свайго выступу падчас справаздачнага сходу старшыня ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Чаргінец. Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі Беларусі засяродзіў увагу членаў Мінскай абласной суполкі на важнасці справы, якую выконваюць сёння пісьменнікі, аб тым ідэалагічным складніку, увасабленнем якога ва ўсе часы былі высокамастацкія творы сапраўднага творцы-літаратара.

Мікалай Іванавіч  адзначыў таксама і асноўныя вехі праблем, якія турбуюць пісьменніцкую суполку сёння. Гэта і пытанні кнігавыдання і павышэння пісьменніцкіх ганарараў, а таксама пытанні прэстыжу пісьменніка як творцы, як асобы ў сучасным грамадстве.

Сёлетні год – юбілейны, падкрэсліў М.Чаргінец, гэта год 75-годдзя з Дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменніцкая арганізацыя таксама не павінна заставацца ў баку ад святкавання гэтай юбілейнай даты, адпаведна – задача членаў творчай літаратурнай суполкі – стаяць на самай перадавой у справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Адным з важных накірункаў работы пісьменніцкай арганізацыі была і заўсёды будзе – праца з моладдзю, праца над тым, каб грамадства мела дастойную змену.

Выхаваць дастойную змену і ў шэрагах пісьменніцкіх – і гэтая задача таксама адна з першачарговых. Моладзь павінна далучацца да літаратуры, і менавіта пісьменнікі і з’яўляюцца тымі сейбітамі, што сеюць зерне духоўнасці і маралі ў сэрцах маладых асобаў, акрэсліў М.Чаргінец.

Не застануцца ў баку пісьменнікі Беларусі і ад асноўнай палітычнай падзеі  года. Сёлетні год – год выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таму сваёй няўрымснай літаратурнай працай пісьменнікі таксама робяць свой унёсак у палітыку нашай дзяржавы. У завяршэнне выступу Мікалай Іванавіч пажадаў членам Мінскага абласнога аддзялення новых творчых здзяйсненняў, а таксама няўрымслівасці і літаратурнай прагі ў справе працы на ніве Прыгожага пісьменства.

Супраца з абласнымі ўладамі 

Праца пісьменніцкай арганізацыі – надзвычай важная і стасункі абласных уладаў з літаратарамі Міншчыны павінны быць яшчэ больш цеснымі, пазначыла падчас свайго выступу намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах рэлігій Галіна Сакалоўская Мінскага аблвыканкама. Прыемна адзначыць, што зносіны паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам і пісьменніцкай арганізацыяй вобласці грунтуюцца на агульных ідэалагічных задачах, якія пераследуюць кожны з бакоў. Супраца ў клопатах каардыянацыйнага Савета, што працуе пры Галоўным упраўленні  па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, удзел пісьменнікаў у мерапрыемствах іншых грамадскіх аб’яднанняў вобласці наладжаны на пастаяннай аснове. Галіна Аляксандраўна выказала спадзеў, што гэты накірунак будзе развівацца і надалей.

У полі зроку пісьменніцкай арганізацыі 

Пытанні размяшчэння літаратурна-мастацкіх твораў у спецыяльных выданнях краіны, выхад літаратурных публікацый на старонках грамадска-палітычных выданняў, асвятлення ў сродках масавай інфармацыі асноўных тэм, якія сёння турбуюць літаратара, абмяркоўваліся падчас спрэчак.

Свае меркаванні выказалі члены аддзялення Уладзімір Цыдзік, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Вольга Савасцюк, Рэгіна Рэўтовіч. Асабліва падрабязна пазначылі свае кропкі судакраннаня з пісьменніцкай арганізацыяй Міншчыны кіраўнікі некаторых бібліятэчных сістэм і устаноў вобласці: дырэктар ДУК “Дзяржынская цэнтральная раённая бібліятэчная сістэма” Валянціна Клімовіч, дырэктар ДУК “Мінская цэнтральная раённая бібліятэка” Аксана Пунінская, дырэктар ДУК “Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Труса” Аксана Драчан.

У прадаўжэнні справаздачнага сходу былі вызначаны накірункі работы суполкі,  зацверджаны план работы аддзялення на 2019 год, а таксама новы склад Савета пісьменніцкай арганізацыі, адбыліся выбары намесніка старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Адзінагалосным галасаваннем была абрана кандыдатура Марыі Уладзіміраўны Кобец.

Прыемным завяршэннем працы справаздачнага сходу стала ўзнагароджванне найбольш руплівых творцаў пісьменніцкай арганізацыі Міншчыны.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.