Год малой родины в Беларуси
Февраль 4, 2019

Да ХХVI Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу застаюцца лічаныя дні. Саюз пісьменнікаў Беларусі ўваходзіць у склад суарганізатараў вялікага кніжнага свята. Пра гатоўнасць да гэтай знакавай падзеі расказвае першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах.

Алена Анатольеўна, як вы ацэньваеце значнасць выстаўкі для пісьменніцкай супольнасці і тых, каго вабяць падзеі такога кшталту?

– Перш за ўсё заўважу: з буйнога кніжнага форуму ў Мінску традыцыйна распачынаецца сезон міжнародных выставак. На ім выбітна прадстаўляецца кніжная палітра Беларусі. Да нас едуць госці з розных краін, якія маюць шырокі досвед і ў літаратуры, і у выдавецкай справе, і ў кніжным гандлі. І таму пра дэвіз, які сёння носіць выстаўка-кірмаш “Больш чым кнігі”, можна з упэўненасцю гаварыць, як пра галоўны сэнс кожнага кніжнага свята ў беларускай сталіцы, якое штогод адбываецца тут у лютым.

Прафесіяналы сустракаюцца не толькі для таго, каб засведчыць факт наяўнасці кніжнага рынку, прадэманстраваць вынік сваіх здольнасцей, пераняць больш сучасны вопыт у калег. На гэтай міжнароднай пляцоўцы падтрымліваецца ідэалогія, у тым ліку і будучых каштоўнасцей грамадства: пісьменнікі, а разам з імі і ўсё, хто спрычынены да кнігі, пацвярджаюць яе непераўзыдзеную вартасць і тое, што чытанне гэтак жа неабходна чалавеку, як і іншыя патрэбы, без якіх ён не можа паўнавартасна жыць. У чытання значна больш пераваг перад другімі, таксама вельмі істотнымі заняткамі. І ўсё ж, каб стаць значнай асобай трэба прызвычаіцца чытаць, займець сапраўднае сяброўства з кнігай.

Мне здаецца, што кніжную выстаўку не варта называць спецыялізаванай. Яна не мае аніякіх абмежаванняў ні па ўзросту, ні па прыхільнасцях. Да таго ж, і ўваход – вольны. Яе неабходна наведаць літаральна ўсім, бо сустрэча з кнігай, яе аўтарам узбагаціць кожную чуллівую душу.

Як вядома, удзел у выстаўцы прымаюць не толькі сталічныя аўтары, але і літаратары з ўсёй краіны. Якія творчыя праекты яны прадставяць?

– На стэндзе Саюза пісьменнікаў размесцяцца найбольш значныя кнігі, выдзеныя літаратарамі ў 2018 годзе. Быць у цэнтры ўвагі на такім узроўневым міжнародным кніжным форуме – прэстыжна для аўтара. Гэта таксама ацэнка яго творчасці. Многія з новатвораў прысвечаны Году малой радзімы, які ўзрушыў пісьменніцкую грамадскасць да больш грунтоўнага асэнсавання гэтай тэмы.

Саюз пісьменнікаў сумесна з выдавецтвам “Чатыры чвэрці” рыхтуе культурна-асветніцкую праграму “Прычаснікі духоўнасці”. Гэта своеасаблівы творчы падарунак Году малой радзімы і выдавецтву, якому нядаўна споўнілася 25 год.

Адкрыццём мінулага года стала выданне кнігі школьніцы Сафіі Ворса (пераклад Зоі Падліпскай) “Горад аслеплых скрыжаляў». Саюз пісьменнікаў разам з часопісам “Роднае слова” арганізоўвае прэзентацыю кнігі юнай аўтаркі, падтрымаць якую прыйдуць многія знакамітыя творцы.

Вялікую праграму, як заўсёды, будзе ажыццяўляць Мінскае гарадское аддзяленне СПБ.

Адно з найбольш гучных мерапрыемстваў — прэзентацыя кніг беларуска-расійскага праекта Мінскага гарадскога аддзялення СПБ і Астраханскага аддзялення СП Расіі. У ім прымуць удзел  Міхаіл Пазнякоў з Беларусі  і Юрый Шчарбакоў з Расіі. Аўтары зрабілі ўзаемныя пераклады кніг. Падтрымаць беларуска-расійскае літаратурнае сяброўства прыйдуць прадстаўнікі Грамадскай Палаты Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя кнігі перакладаў Валянціны Паліканінай “Признание в любви”(вершы беларускіх паэтаў: ад класікаў да сучасных.) “У палоне музыкі душы”- так названы спектакль Мінскага гарадскога тэатра паэзіі па вершах Лізаветы Палеес (рэжысёр Святлана Яфрэмава, мастацкі кіраўнік — Вольга Багушыньска). “На крылах рамантыкі”- свята маладой паэзіі аб’яднае юных паэтаў і прыхільнікаў іх творчых памкненняў. На аўтограф-сесіі запросяць Міхась Пазнякоў, Анатоль Матвіенка, Валерый Чудаў, Наталія Касцючэнка, Тамара Бунта, Яна Явіч, Анатоль Зэкаў, Аляксандр Кавалёнак, іншыя пісьменнікі.

Кожнае абласное аддзяленне таксама рыхтуе сваю творчую візітоўку. Напрыклад, Мінскае абласное аддзяленне прадставіць кампазіцыю “Душы маёй выток”. Гродзенцы назвалі сваё выступленне “Родны край – маё натхненне”. Прысвячэнне 1000-годдзю г. Брэста і г. Брэсту, як культурнай сталіцы СНД — творчы праект брэсцкіх літаратараў.

На якіх пляцоўках можна будзе пабачыць, пачуць пісьменнікаў, атрымаць іх аўтографы?

– Асноўная пляцоўка – стэнд Саюза пісьменнікаў Беларусі побач з нацыянальным стэндам будзе працаваць на працягу ўсёй выстаўкі. Асобныя мерапрыемствы пройдуць на галоўнай сцэне. Да таго ж, вельмі насычаная праграма з удзелам пісьменнікаў СПБ і іх шматлікіх паплечнікаў, сяброў мяркуе адбыцца на спецыяльнай пляцоўцы “Пісьменнік і час”.

Вельмі прыемна, што сёлета выстаўка значна пашырае свае далягляды. І многае з таго, чым будзе жыць кніжны свет з 6 па 10 лютага на праспекце Пераможцаў у Мінску, гучным рэхам адгукнецца і па ўсёй Беларусі. Не толькі ў сталіцы бібліятэкі, тэатры, кніжныя крамы будуць ахоплены кніжным святам, нашы пісьменнікі і ў адаленых кутках ахвотна сустрэнуцца з чытачамі, каб наблізіць іх да цэнтра культурнай падзеі, перадаць яе ўзнёслы настрой.

А што мяркуецца быць у самім Саюзе пісьменнікаў?

-У рамках міжнароднага круглага стала “Пісьменнік і час” запланавана літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Малая радзіма твая і мая” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. Такім чынам беларускія пісьменнікі адкрываюць прасцягі Года малой радзімы ў блізкім і далёкім замежжы.

Асаблівую вартасць мае кніга народнага паэта Каўказа Саліха Гуртуева “Мае беларускія госці”. Класікі і сучасныя аўтары беларускай літаратуры ў перакладзе на балкарскую мову – падарунак з Каўказа Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы ад слыннага літаратара. Мяркуе адбыцца прэзентацыя гэтага выдання.

Ведаем, што актыўнымі наведвальнікамі выстаўкі будуць бібліятэкары. Таму і з імі вельмі жадаем сустрэцца ў Доме літаратара, каб пагаварыць пра нашы сумесныя надзённыя справы.

 Што новага вы асабіста, як пісьменнік, прадставіце на выстаўцы?

– Літаральна напярэдадні выстаўкі мая новая казка “Павучок Славік” у перакладзе на казахскую мову, ілюстраваная казахскім мастаком выйшла ў часопісе «Балдырган» (“Дружныя рабяты”), адным са старэйшых дзіцячых выданняў Казахстана. Прыемна, што на выстаўцы з маім “Павучком Славікам” пазнаёміцца і беларускі чытач. Тут пройдзе адкрыты ўрок пазакласнага чытання па гэтай казцы. Яго правядзе студэнтка 4 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Лілія Стэфанюк з вучнямі 39-й пачатковай школы г. Мінска.

Казка вучыць таму, як трэба марыць, сябраваць, спагадліва ставіцца да ўсяго, што нас акружае. Нагадаю, зрабіць свет больш добрым і светлым – галоўная сутнасць выстаўкі-кірмашу. Будзем гэта дабрачыннае жаданне яе арганізатараў ажыццяўляць разам!

Марыя Ліпень

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.