Международное сотрудничество,  Мир писателя

Дыпламаты і дыпламатыя слова

Дом літаратара  ў Мінску – месца, шырока вядомае ў творчых колах.  І ў дыпламатычных – таксама. Можна гаварыць пра гэта з поўнай упэўненасцю таму, бо нядаўна пісьменніцкую арганізацыю наведала вельмі шаноўная дэлегацыя  беларускіх дыпламатаў, якія ў розныя гады выконвалі прадстаўнічую місію нашай краіны ў блізкіх і аддаленых кутках свету, наладжвалі дзелавыя і культурныя стасункі новай незалежнай Беларусі.

Зараз гэтыя людзі маюць вялікі жыццёвы, прафесійны, дыпламатычны вопыт. Яны, з’яднаныя ў грамадскую арганізацыю ветэранаў Міністэрства замежных спраў, працягваюць  весці работу па ўмацаванні іміджу Беларусі, дзеляцца сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб часе знаходжання за мяжой.  Паслы, супрацоўнікі пасольстваў расказваюць аб умацаванні школы беларускай дыпламатыі ў свеце, да стварэння і развіцця якой мелі самае непасрэднае дачыненне. Аповеды з першых вуснаў пра асаблівасці розных краін, менталітэту іх народаў, тонкасці дыпламатычнага пратакола – гэта заўсёды слухаецца з цікавасцю, захапляльна. А для тых, хто набывае прафесію, звязаную з замежнымі стасункамі, наогул і вельмі павучальна.

Сустрэча экс-дыпламатаў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі насіла сяброўскі характар. Намеснік старшыні ветэранскай арганізацыі МЗС Аляксей Можухаў выказаў старшыні СПБ Мікалаю Чаргінцу вялікае жаданне калег пабачыцца, пагаварыць пра былое, нешта з успамінаў занатаваць. Мікалай Іванавіч па сваёй ранейшай рабоце,  у прыватнасці, калі ўзначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, меў вельмі шчыльныя стасункі з дыпламытычным корпусам краіны. Цяпер гэта гісторыя, гісторыя ў асобах.

За «круглым сталом» у мемарыяльнай зале Саюза пісьменнікаў Беларусі вялася вельмі прыязная гаворка. Мікалай Іванавіч згадаў пра многае з таго, што спрыяла зацверджанню Беларусі на міжнароднай арэне. Ён асабліва падкрэсліў той факт, што кожны, каму выпала надзвычай адказная справа – прадстаўляць Беларусь, яе інтарэсы ў свеце, рабіў гэта сумленна, старанна, браў на сябе адказнасць прымаць іншым часам няпростыя рашэнні.

Знакавым момантам сустрэчы стала прэзентацыя фотакнігі “Лонданская школа дыпламатычнага пратакола”, створанай жонкай пасла Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Велікабрытанія і Паўночная Ірландыя і Рэспубліцы Ірландыя па сумяшчальніцтву Людмілы Можухавай.

Выданне ўтрымлівае больш за 130 фотаздымкаў, якія сведчаць пра работу вопытнага беларускага дыпламата – кантактах з членамі Каралеўскай сям’і, урадам, парламентам, вядомымі людзьмі гэтых краін. Кніга – гэта яшчэ адно сведчанне значнасці дыпламатычнай службы Беларусі, якая мае ўжо больш чым 100-гадовую гісторыю.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі вельмі ўхвалілі ідэю стварэння кніг такога кшталту – яны значна пашыраюць дыпламатыю, у тым ліку і з дапамогай слова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.