Пісьменнікі Міншчыны трымалі своеасаблівы творчы экзамен – у аддзяленні прайшоў справаздачны сход
- Новыя маршруты літаратараў Міншчыны
У складзе абласнога аддзялення 87 літаратараў. Гэта другая па колькасці ў пісьменніцкім Саюзе суполка, пасля самай масавай – Мінскай гарадской. Адзін з галоўных вынікаў мінулага года: 53 новыя выданні, аўтарства якіх належыць творцам з розных куткоў цэнтральнага рэгіёна.
Старшыня аддзялення Святлана Быкава заўважыла, што гэта крыху меней за год папярэдні. Аднак сёння, калі кніжны рынак насычаны прадукцыяй на розны густ, важна звярнуць пільную ўвагу на якасны складальнік кнігавыдання. Як вядома, акрамя самага выдатнага рукапіса будучай кнізе патрэбен цікавы дызайн, прыгожае мастацкае афармленне. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваюцца літаратары Міншчыны і больш значна актывізуюць работу па прапагандзе ўжо накопленага літаратурнага багажу.
Святлана Быкава ўпэўнена, што зараз, як ніколі раней, час патрабуе непасрэдных зносін пісьменнікаў са сваімі чытачамі. Камп’ютэры абмяжоўваюць прастору стасункаў, якія ляжаць у аснове чалавечай сутнасці – ён істота сацыяльная. Відавочна ў грамадстве патрэба ў жывым слове.
Летась актывісты аддзялення прымалі ўдзел ва ўсіх дзяржаўных святах, прысвечаных знакавым падзеям нашага гістарычнага мінулага, а таксама юбілейным датам беларускіх класікаў. Там гучалі вершы, песні Уладзіміра Цануніна, Віктара Кажуры, Бажэны Ганушкінай, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Ліліі Мялешка.
Па падліках за год пісьменнікі Міншчыны правялі шэраг сустрэч з больш, чым 50-тысячнай аўдыторыяй, што можна параўнаць з колькасцю насельніцтва Дзяржынскага раёна.
Сутнасцю такіх сустрэч стала вялікае жаданне майстроў мастацкага слова праз сваю творчасць перадаць чытачам, асабліва моладзі, вялікую любоў да Беларусі, да свайго роднага кута. Што не меш важна: пісьменнікі з’яўляюцца ўзорнымі носьбітамі беларускай мовы. І яна з іх вуснаў абуджае ў юных сэрцах захапленне нашым нацыянальным духоўным скарбам. Літаратары засталіся вельмі рады свайму ўдзелу ў журы рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і з нецярпеннем чакаюць пачатку сёлетняга спаборніцтва школьных талентаў.
На сходзе згадвалася і пра адказны для пісьменніцкай грамады час узважвання сваіх творчых набыткаў для ўдзелу ў чарговым конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія”. З прыемнасцю адзначалася, што Зіновій Прыгодзіч летась пакарыў вяршыню лепшага публіцыста краіны.
Вельмі абнадзейнай аказалася і такая навіна: вясной бягучага году магчымы выхад даўно чаканага дзіцячага зборніка, складзенага Ірынай Карнаухавай. Аўтарства ў ім маюць 28 пісьменнікаў Міншчыны. Такі выдатны падарунк атрымаюць не толькі дзеці, але і педагогі, бацькі. Сама назва гаворыць пра рознабаковы змест кніжнай навінкі – “Ад калыханкі да забаўлянкі”.
Дарэчы, Мінскі аблвыканкам падтрымлівае ідэю прызентацыі выдання ў райцентрах вобласці. Мяркуецца, што прадстаўленне кнігі адбудзецца “на калёсах” – з дапамогай спецыяльна выдзеленага для літаратурнага падарожжа аўтобуса. У гэтым заверыла Святлана Баранок, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Яна таксама звярнула ўвагу на выхад літаратурных старонак у раённым друку. Пісьменнікі былі рады, што гэта балючая для многіх з іх тэма, знаходзіць разуменне ва ўлады. На справе некаторыя газеты ўжо даўно адправілі ў адстаўку мясцовых літаратараў. Тым самым пазбавілі іх магчымасці друкавацца, быць пачутымі. Як вядома, першыя спробы свайго пяра многія прызнаныя творцы рабілі менавіта на старонках “раёнак”. У той час, як у аддзялення ёсць і такі вопыт: з рэдакцыяй газеты“Мінская праўда” пасля пэўных цяжкасцей знайшлося поўнае разуменне. Газета стала рэгулярна размяшчаць літстаронкі.
Вось так, азіраючыся на лепшыя папярэднія набыткі, Мінскае абласное аддзяленне крочыць маршрутамі новага творчага года.
У плане, які агучыла намеснік старшыні аддзялення Бажэна Ганушкіна, многае з таго, у чым з задавальненнем прымуць удзел самі пісьменнікі і што будзе з цікавасцю запатрабавана грамадскасцю. Як, напрыклад, вечарыны ў гонар вядомых творцаў мінулага – Каруся Каганца, Алеся Бачылы,Уладзіслава Сыракомлі, а таксама пройдуць імпрэзы, прысвечаныя нашым сучаснікам – Дзмітрыю Вінаградаву, Уладзіміру Карызне, Казіміру Камейшы.
Пісьменнікі Міншчыны жадаюць ўмацоўваць сяброўства з калегамі, у прыватнасці, мяркуюць наведаць гамяльчан. Хочуць далучыцца да ўдзелу ў міжнародным фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства”. У рамках пастаяннай шэфскай дапамогі плануюць пабываць у часцях і падраздзяленнях памежнай службы рэспублікі.
Словам, жыццё на Міншчыне абяцае быць больш змястоўным і захапляльным. Пісьменнікі гэта абяцаюць!
Марыя Ліпень
Фота Яўгена Пясецкага