• Детская литература

    Пашка і сонечны праменьчык

    Казка Апошні жнівеньскі адвячорак быццам на карунках, багата наплеценых асабліва руплівымі ў гэту пару майстрамі-павукамі, спускаў на зямлю лёгкую дрымоту. Старонка календара яшчэ ўпарта трымалася за любае лета, але наваколле ўжо дыхала густым настоем вераснёўскага ранку. Урачыстасці развітальнай самоце са спелым жніўнем надаваў ярка-чырвоны захад сонца. Пунцовыя стрэлы расквечвалі шырокі небасхіл, ніяк не давалі чараўніцы-Ночы стаць паўнапраўнай гаспадыняй зямных абшараў. – Дзеці, цішэй, – ушчувала маці-Сонейка сваіх праменьчыкаў-свавольнікаў. – Хопіць дурэць! Хіба за дзень не нагойсаліся?! Але ў строгіх матуліных словах адчуваліся пяшчота і любоў. Мацярынскае сэрца поўнілася радасцю ад таго, што ўся сонечная сямейка сабралася разам у іх прасторным Неба-доме. Сама, каб перадыхнуць, нават да белакрылай хмаркі не прытулілася,…