Стужка перарэзана. Калі ласка, да Крапівы!
Адкрыты ў уздзенскай школе №2 музей К. Крапівы яшчэ адно сведчанне павагі да ўнікальнай літаратурнай спадчыны беларусаў.
Сярэдняя школа №2 г. Узды з гонарам носіць імя знакамітага земляка Кандрата Крапівы. Днямі тут адбылася знакавая падзея не толькі для вучняў і педагогаў навучальнай ўстановы, але і для кіраўнікоў школьных літаратурных музеяў Міншчыны. Яны сталі сведкамі адкрыцця музея вядомага байкапісца, які жыццёвымі каранямі быў звязаны з вёскай Нізок Уздзенскага раёна.
Як сказала Таццяна Цвірко, начальнік цэнтра выхаваўчай работы ДУА Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, з 53 школьных літаратурных музеяў, якія ёсць у сістэме адукацыі Беларусі, 19 знаходзяцца ў школьных установах Міншчыны. Асноўны фонд літаратурных музеяў складае 11430 экспанатаў, дапаможны – 6563 экспанаты.
- Краязнаўчы літаратурны музей імя Дуніна-Марцінкевіча ў ДУА “Пяршайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Валожынскага раёна, які сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю і носіць званне “народнага”, быў створаны яшчэ ў 1963 годзе. У яго фондах сабрана больш за 3 тысяч экспанатаў.
- Віртуальны літаратурны музей “Вілейшчына літаратурная” у ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця” таксама народны. Фонды музея налічваюць больш за 6 тысяч экспанатаў. Асобнае месца ў музеі займаюць найбольш каштоўныя і рэдкія экспанаты, сабраныя ў “Куфэрак юбілейных дат”. У школе распрацаваны краязнаўчыя маршруты, працуюць метадычны і выдавецкі цэнтры, цэнтр аматараў краязнаўства, клубы па інтарэсах.
І вось перарэзана чырвоная стужка, расчыніў дзверы школьны літаратурны музей імя Кандрата Крапівы.
Юныя экскурсаводы праводзяць першую экскурсію для гасцей. У словах нашчадкаў – вялікая павага да свайго земляка, які адметным мастацкім словам зрабіў важкі ўнёсак у скарбонку нацыянальнай літаратуры. Для маладых важна і сама асоба Кандрата Кандратавіча, які стаў акадэмікам, заслужаным і паважаным чалавекам.
Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла:
– Вось для чаго і патрэбны школьныя літаратурныя музеі. Менавіта, асоба пісьменніка, які родам са сваіх, з тутэйшых, становіцца тым узорам, з якога варта браць прыклад. У творчасці вельмі часта пісьменнік скарыстоўвае мясцовыя факты, звязаныя з гістарычным мінулым. Нярэдка ў вобразах яго герояў можна знайсці пэўнае падабенства з землякамі. Літаратуру знаёмага аўтара цікавей і чытаць, і вывучаць. Гэта наша Радзімазнаўства!
Пераважная большасць такіх музеяў прысвечана класікам. Але ж ёсць многа і сучасных творцаў, выхадцаў з розных раёнаў Беларусі, якія заслугоўваць прадставіць сваю творчасць, калі не масштабах музея, дык у роднай школе куточак варта знайсці для іх абавязкова.
Падчас адкрыцця музея ў уздзенскай школе прыемным аказаўся і падарунак ад паслядоўнікаў Крапівы. У мінскім выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшла серыя кніг, якая склалася ў сатырычную бібліятэчку “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”. Яе бібліятэцы СШ №2 з аўтографамі ў асабістых кнігах з названай серыі падарылі Анатоль Зэкаў і Рэгіна Рэўтовіч.