Маладзечна апладзіруе паэтам
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна – свята, якое стала стала своеасаблівым сімвалам спалучэння традыцый і сучаснасці ў айчыннай культуры, уплывае на свядомасць беларусаўу вызначэнні нацыянальных каштоўнасцяў.
Ёсць шмат прыхільнікаў гэтага творчага фэста, спазнаўшых яго яшчэ ў 1993 годзе – калі фестываль толькі распачынаўся. Штогод да фестывальнага руху далучаюцца новыя аматары прыгожага мастацкага слова і цудоўнай задушэўнай песні.
Для паэтаў Саюза пісьменнікаў Беларусі паездка ў Маладзечна заўсёды падзея. Перш за ўсё таму, што маршрут у святочны Маладзечна пралягае праз Вязынку. І ў прыватнасці з урачыстасцяў на радзіме вялікага Песняра распачынаецца фестывальная праграма.
Вось і сёлета ля помніка Янкі Купалы выступоўцы гаварылі пра класіка айчыннай літаратуры, які належыць нам, беларусам, і ўсяму Сусвету. Ёсць вялікае пацвярджэнне таго, што купалаўскае слова жыве, памножанае на россып агністых палкіх слоў яго паслядоўнікаў. Гэта стала відавочным падчас выступленняў сябраў Мінскага абласнога аддзялення СПБ у маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў, паэтаў пісьменніцкай арганізацыі на вялікай сцэне Палаца культуры Маладзечна.
Прыемнай навацыяй свята стала магчымасць пазнаёміцца з тым, як Навум Гальпяровіч рыхтуе сваю аўтарскую праграму “Суразмоўцы” на канале БТ-3. Удзел у імправізаванай праграме прынялі, як героі будучых праграм, так і тыя, хто ўжо быў суразмоўцам у тэлеэфіры.