Проекты

Елена Стельмах приняла участие в белорусско-молдавском «круглом столе»

Новы ўзровень літаратурных стасункаў паміж Беларуссю і Малдовай
Малдаўскі хлопчык Гугуцэ, герой кніг Спірыдона Вангелі, марыць знайсці больш сяброў у Беларусі. А незабыўны гумарыстычны малдаўскі часопіс “Кіпэруш” можа стаць старонкай у беларускім “Вожыку”
Днямі на “круглы стол” “Беларуска-малдаўскія літаратурныя сувязі на сучасным этапе” у “Выдавецкім доме “Звязда” сабраліся тыя, хто ўважліва ставіцца да малдаўскай культуры і літаратуры. Да зацікаўленай размовы пра тое, як аб’яднаць літаратурныя намаганні творцаў дзвюх краін для больш выніковага супрацоўніцтва, далучыліся першы сакратар пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Чаркез, дырэктар-галоўны рэдактар “Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч, прадстаўнікі малдаўскай дыяспары ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Ліку, Васіль Семянюк, перакладчык Ірына Качаткова, пісьменнік Алена Стэльмах, паэтка Рэгіна Рэўтовіч, краязнаўца Лявонцій Целеш, в.а. галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” Ганна Кіслушчэнка, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” Аляксандр Каршакевіч.
Дырэктар-галоўны рэдактар “Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч пачаў сустрэчу з таго, што ў беларуска-малдаўскіх адносін вельмі плённыя літаратурныя традыцыі. Статыстыка сведчыць пра тое, што з 1918 па 1986 год на малдаўскай мове выйшла 35 кніг беларускіх аўтараў, не гаворачы пра сумесныя творчыя здабыткі апошніх дзесецігоддзяў. Напрыклад, у серыі “Бібліятэка сусветнай літаратуры” адным з першых быў надрукаваны раман малдаўскага пісьменніка. Вынікам шматгадовай увагі Уладзіміра Скарынкіна, лаурэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, да паэзіі Малдовы стала стварэнне анталогіі малдаўскай паэзіі на беларускай мове. Кніга выйшла ў канцы 90-гадоў, знайшла свайго чытача. Пра гэты творчы праэкт былі крытыка, рэцензіі, артыкулы.Пры падтрымцы пасольства адбылася прэзентацыя, удзел у якой прынялі і малдаўскія літаратары.
Пра больш сучасныя творчыя кантакты сведчыць свята гумару, якое адносна нядаўна ў “Доме дружбы” у Мінску ладзіў часопіс “Вожык” таксама з дапамогай пасольства і малдаўскай дыяспары ў Рэспубліцы Беларусь.
Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што асаблівы інтарэс у беларусаў выклікаюць шырока развітыя ў малдаўскай літаратуры традыцыі сатыры і гумару. Алесь Мікалаевіч прызнаўся ў тым, што адна з любімых кніг яго дзяцінства – “Прыгоды Гугуцэ”, прачытаў якую на беларускай мове. У ёй без гумара няма ні воднай старонкі. Тонкі гумар захапляе пачынаючы ад самой “Шапкі Гугуцэ”, ад ідэі, з якой ён строіў сваё жыццё і прыдумваў свае мастацкія сімвалы, і, адпаведна, цікавасць выклікае тое, як прыдумваў забаўляльны вобраз сваго героя глыбокапаважаны стваральнік выдатнага праекта, адрасаванага дзецям не толькі Малдовы, але і ўсіх краін свету, — Спірыдон Вангелі. Як вядома, аўтар даў свайму герою вялікае жыццё, кніга атрымалася з працягам. Сучасным беларускім дзецям было б вельмі карысна пасябраваць з малдаўскім хлопчыкам Гугуцэ. Алесь Мікалевіч бачыць магчымым выданне гэтага твора на беларускай мове, як паход малдаўскай дзіцячай літаратуры па Беларусі. Гэта стане магчымым, калі з малдаўскага боку будзе падтрымана такое падарожжа.
Першы сакратар пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Чаркез сказала, што пасольства вельмі чулліва ставіцца да ўсіх прапаноў. Сёлета ў верасні пройдуць Дні культуры Малдовы ў Рэспубліцы Беларусь. ”На гэтым фоне мы можам рэалізаваць, у тым ліку, і літаратурныя праекты”,—так акрэсліла магчымасць сяброўства творцаў двух краінТаццяна Чаркез, якой прыйшлася да спадобы і ідэя бліжэй пазнаёміць дзяцей Беларусі з амаль нацыянальным героем Малдовы – Гугуцэ .
У арсенале “Выдавецкага дома “Звязда” – рэалізацыя ў інтэрнет-прасторы сумесных праектаў з рознымі краінамі, у тым ліку і з Малдовай. Ужо сёння на партале “Созвучие” дзейнічае пляцоўка “Літаратурная Малдова”. Па размешчанай там інфармацыі можа скласціся пэўнае ўяўленне пра творчыя працэсы ў гэтай краіне. Пляцоўка адкрыта для шматбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, тут могуць быць размешчаны пераклады малдаўскіх пісьменнікаў на рускую мову, творы на малдаўскай або румынскай мовах, творы малдаўскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а таксама творы беларускіх аўтараў у перакладзе на малдаўскую або румынскую мову.
Сайт развіваецца і далей. Пры ўдзеле Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі сёлета ў у рамках ХХIIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі ў другі раз пройдзе Міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час”. “Мы былі бы рады ўдзелу ў гэтым сімпозіуме пісьменнікаў з Малдовы, з Кішынёва, — унёс такую прапанову Алесь Карлюкевіч. —У рамках форума выпрацоўваецца мадэль добрых міжнародных мастацкіх зносін, культурных і літаратурных сувязей”. А таксама калі ажыццявіцца ідэя правядзення канферэнцыі дзіцячых пісьменнікаў свету ў Беларусі ,безумоўна, тут будуць рады бачыць і прадстаўнікоў з Малдовы.
Магчымыя шляхі кантактаў, творчага дыялогу Алесь Карлюкевіч пашырыў і іншымі прапановамі: “ Ведаем, што і ў Малдове на дастаткова высокім узроўні знаходзіцца літаратуразнаўства, гісторыя культуры. Сёння многа робіцца для захавання інфармацыі пра гістарычныя і культурныя традыцыі. Мы хацелі б наладзіць партнёрства з Акадэміяй навук Малдовы. Для спажыўцоў інфармацыі ў Беларусі, адпаведна, і ў краінах СНД важна больш ведаць пра класікаў малдаўскай літаратуры, яе сучасных творцаў”.
Падчас “круглага стала” прагучала і такая, на першы погляд, фантастычная ідэя, і ў той жа час вельмі рэальнае яе ажыццяўленне. Паколькі малдаўскі “Кіпэруш” перастаў існаваць, яго старонку можна было б адкрыць у беларускім “Вожыку”, і змяшчаць на ёй матэрыялы малдаўскіх гумарыстаў. Дзіцячы часопіс “Бярозка” таксама шукае новыя імёны і, у прыватнасці, тых аўтараў, якія ствараюць творы для падлеткаў. Тут таксама запатрабаваны малдаўскія майстры мастацкага слова.
Ад Ірыны Качатковай, перакладчыка і актыўнага мастацкага камунікатара ў плане развіцця літаратурных сувязей паміж Беларуссю і Малдовай, было цікава даведацца, як творцы знаходзяць агульную мову. Ірына Львоўна пазнаёміла з перакладамі малдаўскага пісьменніка Юрыя Іванова, падзялілася новымі творчымі планамі.
Пра сваю прыхільнасць да ажыццяўлення літаратурных праектаў гаварылі і іншыя ўдзельнікі “круглага стала”, якія таксама скарыстоўваюць мастацкае слова як сродак народнай дыпламатыі.
Запрашаем у край малдаўскі запаветны
Сумесны беларуска-малдаўскі праект будзе рэалізаваны літаральна на наступным тыдні, падчас правядзення ХХIIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. На галоўнай пляцоўцы вялікага кніжнага свята з падтрымкай пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе прэзентацыя кнігі “Край мой заповедный” з серыі “Созвучие”, выдадзенай “Выдавецкім домам “Звязда”. Кніга прысвечана сучаснай літаратуры Беларусі і Малдовы. Прэзентацыя пройдзе ў лепшых нацынальных традыцыях малдаўскай культуры. Малдаўскія сябры запрашаюць разам з імі зрабіць літаратурную вандроўку ў запаветныя мясціны сваёй краіны. Яны чакаюць гасцей 11 лютага 2016 года ў 16.30 ля галоўнай сцэны выставы-кірмашу.
Алена Стэльмах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.