Мое творчество

Отрывок из повести Елены Стельмах «Баранчик»

Прысвячаю зямлячцы —Леанідзе Сцяпанаўне Шышкавец, якая нарадзілася 22 чэрвеня 1941 года
Лёльцы, як хто кол у галаву ўбіў. Так завалодала ёю безвыходная думка пра згубу. Сцішыцца, вочы сажме.
— Ну, усё, спаць буду, — у каторы раз тое самае перакажа. А, не, сон, як збеглы свавольнік недзе далеча гайсарыць, і ніяк яна яму не дасць рады.
Ажывіўся ўспамін пра бацькаў занятак, як той спрытна часаў вострым бліскучым лязівам сякеры тонкія бярвенні. З-пад яго старання выслізвалі доўгія пасмы свежай бура-карычневай каравіны. Акораныя жэрдкі ўжо мала чым згадвалі дрэва. Але, здавалася, яно яшчэ дыхала, і ў такім непрывабным выглядзе, саромелася сваёй аголенасці. Ацярэбленыя жэрдкі Сцёпка адкладаў у бок. Браўся за больш тоўстыя — слупкі. Іх ён да таго ж, як алоўкі, завостраваў, старанна абмазваў салідолам, укручваў у чорную, як смоль, толь. Каб надзейней вострыя пікі ўвайшлі ў зямлю, пастукваў іх зверху сякерышчам. Стары больш за дваццаць гадоў спачывае на вясковым пагосце. Плот ягоны толькі летась зяць змяніў на новы, па-сучаснаму фасоністы. А кол-стаўбун, бы той, бацькаў, у Лёльчанай галаве, стаіць, не зварухнецца.
Ганьбіць на чым свет стаіць сябе Лёлька:
-Век пражыла, а розуму не здабыла. Суму гнятучага і ў душу, і ў сэрца напусціла. Сваімі ручкамі бяду бессаромную за рожкі на падворак прывяла. У “грабавы”запас залезла, каб цяпер саму сябе са свету зводзіць.
Хоча Лёлька перайначыць думкі свае калавыя, неадчэпныя:
— Ці такое за шурпатае жыццё перажыла? Ночкай той кароткай, міглівай, калі вораг люты каваным ботам на зямлю родную ступіў, прынесла ў сям’ю маці радасную вестку – першынца на свет Божы нарадзіла. Сумеўся бацька ад нерасмакаванага шчасця: праз колькі дзён позва на фронт грозным воранам у хату ўляцела, у душы чорнымі крыламі забілася. Якім ты будзеш лёс непрадказальны, салдацкі? Дурная куля стрэне цябе? Ці злітасціцца — абміне? Зможаш дзіцяткам-золаткам пацешыцца, узгадаваць яго? Ці слыць тваёй крывіначцы па свеце няшчаснай сіратой?
Калі вёску захапіла зграя новаяўленых гаспадароў, і варожыя салдаты, наводзячы свой парадак, пачалі страшэнна перабіраць кожную хату, Шыкаўцы паспелі ўскочыць у старэчы склеп на супрацьлеглым баку вуліцы. У невялічкім, урослым у зямлю будане, яшчэ ляжалі кашы са тры пабітай храсткамі бульбы, дзясяткі са два прарослых буракоў, моркаўка, пусціўшая бледна-зялёныя косы. Нават тут, у цемры халоднага падзямелля непераможныя сілы жыцця бралі сваё, жывое. Там, на зямлі, святло вясёлкавага дня засланіла непраглядная цемень, знішчальнымі груганамі наляцелі свінцовыя хмары, павіслі на доўгія чатыры гады…
Гэткіх сціплых запасаў, па сялянскай кемлівасці, хапіла бы да маладой гародніны. Тады і прыбралі бы старога “бульбаша”, і паветра свежага ўхапіў бы ён з асалодай на поўныя грудзі. Цяпер спёрты за зіму даўкі пах не даваў прадыху.
Калі ў перакошаныя дзверы пастукалі, Шыкаўцоў праняў нямы страх. Агаломшаныя, пачулі дрыжачыя нясмелыя галаскі, пазналі па іх суседскіх дзяцей. Маці малым драчыкам, як дражнілі іх на вёсцы, наказала бегчы да выратавальнага сховішча. Упусцілі гэткіх жа, як самі, гарэтнікаў. Стуліла адно да аднаго нечуваная бяда. Лёльчына маці, Адэля, немаўляці закрывала шчыльней рот, трапіўшай пад руку трапкай, якая невядома колькі часу прэла ў склепе, каб дурненькае не закрычала, не выдала сховішча ворагу.
-Гэткая свавольніца была, — горка ўсміхнулася сама сабе, свайму гаротнаму маленству Лёлька. Усё жыццё стаіць на яе лёсе пячатка – дзіця вайны.
Адэля, калі ўспамінала пра вайну, часта нагадвала Драчыху. Разам хадзілі на вечарушкі, пасля і па-суседску добра ладзілі. Так, як і стаяла жанчына ў апошняе імгненне свайго жыцця, бараніла сабой карміліцу-кароўку, каб не звялі немцы са двара, утаропіўшы ў высокае неба нямы погляд, распасцертая рухнула…
Дзякуй Богу, Лёльчын бацька вясной 45-га вярнуўся. Чаго толькі не пабачыў баец на сваім шляху, пакуль гнаў ворага да яго логава. Счарствела салдацкае сэрца, інакш бы не перажыў, не перанёс смяртэльнае пекла. А тут перад вачыма – дзіцятка роднае, дачушка-быліначка, за маці хаваецца, сумелася малое. Маці, здаецца, за вайну слязу не зраніла, а прыйшла тая доўгачаканая мінута — дала ім волю, светлым, празрыстым… Падштурховае непаразумніцу:
-Татка ж гэта, твой родненькі. Вярнуўся!
Сцёпкіна сэрца, бы абмытае крывёй гарачай, страпянулася. Колькі ў снах трывожных салдацкіх мроіў ён аб гэтай запаветнай сустрэчы! Хоць і баяўся ў думкі пускаць, каб не спудзіць далёкую адважную надзею. Сама яна не кідала яго, упарта вяла каляіністымі дарогамі мужнасці.
Вайна прынесла разруху нечуваную, завалодала мільёнамі ахвяр. А тут насуперак ёй – чалавек вырас, кветачка пунсовая расцвіла!
-Будзем з табой, Лёлечка, новае жыццё ладзіць! – Сцёпка часта браў дзяўчынку на рукі, як хацеў навярстаць тое, што недаравальна прамінуў. З нутры яго падштурхоўвала жаданне аддаць пазыку — нерастрачаную за вайну любоў. Паненачкай яе называў, дурасліва забаўляўся.
Тое, што куля бацькаву нагу зачапіла – бяды вялікай. За плугам ісці было цяжкавата, але ён прагна кідаўся да любой работы. Стараўся і салдатцы якой дапамагчы.
Ва ўсіх дзень нараджэння –чаканае свята, шумная весялосць. А Лёлька і ў свае семдзесят пяць не вызначылася, як ёй быць: і хацелася б гасцей склікаць, ды жалезны камяк сціскае грудзі — не можа даць волю пявучай радасці. Незагойна-балючай памяці здрадзіць не можа. Гэта ж колькі ў той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, на краіну бяды-гора абрынула, слёзы людскія ракой неведаючай берагоў паплылі, ад ран крывавых зямля спяклася…
Вось табе і на: думкі хацела адагнаць журбінныя, а іх, новых, — насланнё, гэткія ж, горатканыя. Што зробіш, такая яна па жыцці – да ўсяго датклівая.
***
Як быццам, прыснула трохі. І не можа ўцяміць сон гэта, ці ява? Пякло тым летам, як ніколі. У лесе нават воўчым грыбам не пахла. Затое, адліло ў верасні. Пасля жыццядайных дажджоў маладзенькія апенькі пырснулі дзе толькі вытыркала карчэўе, завіліся ланцужкамі па зямлі. Былі і такія выскачкі, навыперадкі мерыліся па бярозах ды елках нават да неба даскочыць. Шыкаўцовы хлопцы некалькі разоў з кашамі па іх збегалі, надтаміліся, уздумалі на грыбазбір каня запрэгчы, і Лёльку на воз падсадзілі.
Прыкмеціла Лёлька ў зарасці малінніку, сярод парыжэлай травы пень вялізарны, з усіх бакоў абляпілі яго апенькі- блізнюкі. А ў цэнтры пня таго — цар змяіны ў залатой кароне ўссядае. Ля пня змеі —круцяцца ў клубкі, віруюць, выслізваюцца, языкамі агністымі, як стужкамі, павіваюць.
Агідна ёй ад такога відовішча, моташна, а не зварухнецца. Бачыць, і апенькам не па сабе, ад жудасных выкрунтасаў ажно пабялелі.
Старэйшыя на вёсцы здаўна малых строга павучалі: на Узвіжанне — у лес ні нагой! У гэты дзень змеі ды ўсе гады і ў гушчарах, і на прагалінах верхаводзяць, развітальныя стрэчы ладзяць, да зімовага спачыну рыхтуюцца. А яшчэ ці то праўду казалі, ці то больш палохалі: на Узвіжанне змяіны яд – самы атрутны.
Змеі галовы ўверх задзіраць сталі, шыі да цара пацягнулі, шыпець пачалі. Лёлька схамянулася — і сон лёгка адскочыў убок, пабег далей сваёй вольнай дарожкай. На каго-іншага, такога ж няплюшчанага яго чаканца, натрапіць.
Лёлька бачанае ў сне на свой лад перайначыла: лепш бы змяя джыганула, пабалела б, ды прайшло. Чым, як успомні ць пра сваё, гнятлівае, такая роспач яе ахопіць —месца сабе не знаходзіць…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.