Мое творчество

Павадыр

(казка-прытча)

Гаспадарчы падворак на вачах прыходзіў у заняпад.

Той конь, што калісьці шпарка бег паперадзе вазка, цяпер нага за нагу ледзьве перастаўляў. І бізун яму не ўказчык, сам сабе разважаў: “Чаго, як дурному, перці, пыл глытаць? Людзей не перайначыш: “Цішэй едзеш, далей будзеш”. Карова-рэкардсменка ўзапуск раней часу пайшла. Казала: “Надакучыла вымя з вёдрамі малака цягаць. Лепш пасяджу ў дэкрэце. А там відаць будзе.” Куры адна другую падахвочвалі – квакталі. Ніякаватае свінчо і тое ў карыце лычам круціла. Як сала на такім кручку нарасце?

Стаіць пануры бык у стойле, жвачку жуючы, самотную думу думае: “ Што за трасца такая: усе расперазаліся, як дзедаўская пуга? Ніякай управы на іх няма. Колькі ні пануквай – дзе сеў, там і злезеш. “Гайкі” падкруціць усёй жыўнасці ой як трэба! Без разумнага павадыра тут не абыйсціся”, – зрабіў ён выснову.

Нейкі час спрабаваў тут гусак верхаводзіць.

Шыю доўгую, як верацяно, выцягне, дзюбаты голаў ганарліва ў неба задзярэ, распушчанымі крыламі ў паветры закалоціць. “Га-га-га!” – на ўвесь двор сіпатага страху напусціць. Бывала, нават кінецца каго-небудзь за ногі шчыпаць – няма чаго ў рабоце марудзіць!

А нясушка-дабразычліўка ўжо тут як тут: “Што, пан, гоману нарабіў? Можа, галава баліць, і пан палячыць яе хоча?” Вытыркне з пушыстага падолу горлаўца паўлітэркі – павадыр тут жа і абмяк. Нібы па вяровачцы, за спакуслівай сяброўкай роўненька падыбаў. За вуглом хлеўчыка гагатун чарачку-другую прапусціць – і сцішыцца. Не зразумець: жывы ці мярцвяк? Колькі птушыным мазгам тае сівушнай атруты трэба?

Затое увесь дзень на падворку не змаўкае кудахтанне, заліхвацкая п’янка-гулянка куратнік па шчэпках разносіць.

Раз гусак так мазгі адпіў, што не бачыў, куды шыбуе. Спярша пад колы аўтамабіля, а потым і ў суп трапіў…

Чуў бык пагалоску пра пеўня, што вясёлы і дужа спрытны. І людзі яго на вёсцы хвалілі: не заспіць, да работы гарачы.

Раніцай, калі калаўрот вясковых спраў пычынаў круціцца па новаму колу, бык на падворку арганізаваў сход. Сам выступіў за галоўнага прамоўцу:
– Хопіць,браткі, лынды біць! Да парадку ўсіх заклікаю! А каб лепш яго наладзіць, запросім дасведчанага спецыяліста.

Запрэглі каня. Упаўнаважанымі для перамоў пасадзілі ў воз самавітую сямейную пару – барана з авечкай, блаславілі іх у дарогу.
Тыя доўга блыталі, людзей перапытвалі, куды і як ехаць , і такі дабраліся да высокага церама. Гаспадарлівасць адразу ў вочы кінулася. Ідуць з паклонам да пеўня.

– Просім, шаноўны васпане, нашым павадыром быць, – нізка схіліліся.– Хочам і мы гэтак жа заможна жыць!
– Добра, – певень кажа. – Праўда, у мяне самога спраў па горла. Хутка жніво пачнецца, трэба зерне на зіму рыхтаваць. Але разумею не за так вы ехалі – пільная патрэба мусіла. Ну што ж, дапамагу!

Назаўтра крамяны маладзічок яшчэ не паспеў здаць свой пост, а певень ужо на новым падворку рупліва скача:
– “Кукарэк, кук!” — голасна будзіць разамлелае панства.
Тое ад такога фокусу ажно ачмурэла. Цікуе:
– Адкуль гэты выскачка ўзяўся? Што за выбрыкі такія?

А пеўнік па-простаму, па-сялянску сваю праўду даводзіць:
– Сонейку, каб у неба ўзняцца і ўвесь дзень асвятляць безліч нашых спраў, для старту трэба плячо падставіць. Здужаем мы гэта ўсёй грамадой!
– Уздумаў што, крыкун гарласты, –пакруцілі галовамі мясцовыя насельнікі, але выгляду не паказваюць, што не ў нос ім гэта. Павольна з хлява сунуцца. Што ад гною смурод стаіць, поўсць у калтуны збілася – бяды вялікай.

Певень чарговую каманду падае:
– У поле, на луг пара! Летні дзень год корміць.
Так-сяк разварушыліся. Праз пень-калоду сонца прывіталі, а ў канцы дня на спачын яго правялі.

Вечарам на кроссаннях шэпчуцца куры:
– Трэба павадыра ўтаймаваць. Будзе ён ні свет ні зара глотку драць, нас непакоіць!
Рашылі ўсё тую ж сакатушку пасыльнай адправіць. Тая на досвітку не заспала, на плечы лепшую пярэстую хусцінку накінула, на моднай спадніцы пер’е начасала, пеўніка прыструніць намылілася:
– Ад новай плыні наш падворак акрыяе! – запела мядовым голасам. – Гэты поспех трэба адзначыць! Ёсць у мяне гасцінец на траўках, – зашаптала па-змоўніцку, і ўмелым рухам прыўзняла спадніцу.

Певень грэбень натапырыў:
– Што гэта ты, кума, надумала? Здзек на да мной чыніш? Я ж гэта зелле і ў рот не бяру. Няхай яно на цёмны лес пойдзе!

Курыца, як варам аблітая, у разгубленасці задні ход дала.

Певень, з уласцівымі яму аптымізмам і напорыстасцю, стараўся разбудзіць соннае царства заімшэлага двара. Ды толькі бык адзін за ўсіх рогамі і ўпіраўся. Астатнія так і зыркалі, як злындзіць.

Тады абраны павадыр, вырашыў арганізаваць свята. У гадзіны тры, калі вясковыя пеўні наладжваюць першую пераклічку, падаў ён інфармацыю пра тое, што тутэйшая сядзіба чакае ўсіх, каму мілы бацькоўскі кут. Што тут рабілася: скакалі, беглі, ляцелі ў госці выхадцы з роднага гнязда. Пекныя каровы-паненкі казалі, што духмяней сена, як з луга за ваколіцай, у свеце не смакавалі. Расфуфыраныя свінні-матроны радасна рохкалі, бо жалудоў смашней, чым з вясковага дуба, нідзе не хрумсталі. Балбатлівыя куры-вяртушкі нават чвыр, за самыя салодкія на зямлі прысмакі ўхвалялі.

Толькі мясцоваму асяродку такі размах быў не ў дугу – маўляў, выпендрыцца певень хоча.

Новы дзень пачаўся надзіва маўкліва. Ніхто нікога нікуды не заклікаў.
Апоўдні прыехалі незнаёмыя людзі. Аддалі гаспадару сядзібы пачак грошай, ударылі па руках. Усе схамянуліся: што з таго будзе?…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.